Трыумф і трагедыя Віктара Ганчара

Ужо 10 студзеня 1999 года 44 дэпутаты былога ВС стварылі ЦВК на чале з Ганчаром і прызначылі прэзідэнцкія выбары. А 25 лютага сябры ЦВК былі затрыманыя ў кафэ. Віктар атрымаў 10 сутак і распачаў галадоўку.

Пакуль яшчэ разам.


Заканчэнне. Пачатак ТУТ

Шанец для Віктара Ганчара выйсці непасрэдна на шырокае кола выбаршчыкаў дала Канстытуцыя, прынятая 15 сакавіка 1994 года.

Ганчар стаў на чале Падліковай камісіі, якая ажыццяўляла галасаванне па найбольш спрэчных раздзелах дакументу — аб Вярхоўным Савеце і прэзідэнце, аб мясцовым кіраванні і самакіраванні — шляхам падачы імянных бюлетэняў на працягу 24, 25 лютага і 1 сакавіка. Станоўчае рашэнне 266 дэпутатаў па гэтых палажэннях зрабіла прыняцце канстытуцыі толькі справай часу.

Новая Канстытуцыя, якая ўводзіла прэзідэнцкую пасаду, фактычна разгарнула перадвыбарчую гонку. Віктар Ганчар без ваганняў падтрымаў кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі, аднак, у адрозненне ад Дзмітрыя Булахава, не рабіў публічных заяў і каментараў у СМІ. У гэты перыяд Ганчар паспрабаваў яшчэ раз прарвацца ў вышэйшыя органы ўлады, вылучыўшы сваю кандыдатуру на пасаду суддзі Канстытуцыйнага суда, але ж набраў пры галасаванні ў ВС толькі 129 галасоў.

Пасля перамогі Лукашэнкі Віктар Ганчар даў згоду на прапанаваную яму пасаду віцэ-прэм’ера. Галасаванне па яго кандыдатуры адбылося 21 ліпеня 1994 года. Лукашэнка прысвяціў свайму пратэжэ сапраўдны панегірык, назваў яго «талантливым», «умным» і пажадаў яму «стойкости». З 316 зарэгістраваных дэпутатаў 258 падтрымалі Ганчара.

Аднак Віктар з цягам часу зразумеў, у якую пастку трапіў. Новы віцэ-прэм’ер павінен быў курыраваць пытанні сацыяльнай сферы, на якую, як заўсёды, ніколі не хапае сродкаў. Да таго ж ён аказаўся ўцягнутым у канфлікт з незалежнымі прафсаюзамі па пытаннях аздараўлення грамадзян, вымушаны быў займацца пытаннямі былога Камітэта па сацыяльнай абароне вайскоўцаў і ўдзелу яго кіраўніка Мікалая Чаргінца ў справе перапахавання італьянскіх воінаў, загінулых у Беларусі падчас Другой сусветнай вайны.

Урэшце цярпенне Ганчара скончылася: ён падаў у адстаўку. 12 снежня 1994 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны загад, назваўшы сыход Ганчара «ударом ножа в спину». Сам Віктар Ганчар растлумачыў сваю адстаўку негатыўным уплывам на дзяржаўныя справы Віктара Шэймана і Івана Ціцянкова.

У лютым 1995 года Віктар Ганчар, будучы ўжо генеральным сакратаром Эканамічнага суда СНД, сказаў у інтэрв’ю «Свободным новостям»: «Бог наказал Лукашенко властью, и я молю Бога, чтобы он побыстрее помиловал его».


Заява Віктара Ганчара. З гэтай даты пачаўся зваротны адлік ягонага жыцця.


Але на гэтым палітычная дзейнасць Віктара Ганчара, натуральна, не скончылася. Ён прыняў актыўны ўдзел у выбарах у Вярхоўны Савет 13-га склікання.

Вылучыўшыся па сталічнай Коласаўскай выбарчай акрузе №248, Ганчар па выніках выбараў 14 мая 1995 года выйшаў у другі тур разам з прадстаўніком БНФ Уладзімірам Заблоцкім. Аднак з-за нізкай яўкі другі тур не адбыўся.

На паўторных выбарах 29 лістапада 1995 года Ганчар ішоў па той жа акрузе. Акрамя яго на дэпутацкі мандат прэтэндавалі яшчэ чатыры чалавекі. Рэальным супернікам быў дырэктар аднаго з мінскіх прадпрыемстваў Уладзімір Крук. У дзень галасавання, 29 лістапада 1995 года, ні адзін з кандыдатаў не здабыў перамогі, а ў другі тур выйшлі Віктар Ганчар і 50-гадовы беспартыйны электрык мінскага метрапалітэна Генадзь Капанік. Калі за Віктара Ганчара прагаласавалі 8 084 грамадзянаў з 19 352, што прынялі ўдзел у выбарах, то за Генадзя Капаніка — 4 557. У другім туры 10 снежня 1995 года Віктар Ганчар атрымаў перамогу. З 18 487 выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, Віктара Ганчара падтрымалі 10 883.

У Вярхоўным Савеце Віктар Ганчар стаў сябрам камісіі па заканадаўстве і адным з самых зацятых і паслядоўных крытыкаў кіраўніка Беларусі і яго атачэння.

Адной з самых драматычных падзей у жыцці Ганчара падчас дэпутацтва ў апошнім Вярхоўным Савеце стала страляніна па яго машыне 20-гадовага міліцыянера Івана Карповіча ў ноч з 13 на 14 чэрвеня 1996 года. У выніку чаго была паранена памочніца дэпутата. Пры абмеркаванні гэтага пытання міністр унутраных спраў Валянцін Агалец сцвярджаў, што Ганчар выпадкова апынуўся на лініі агню: на самай справе, праваахоўныя органы лавілі злачынцаў. Ганчар даказваў, што ўсё гэта не выпадкова. Асабліва яго ўзрушыла тое, як беларускае тэлебачанне падала гэты інцыдэнт. Віктар назваў падначаленых Рыгора Кіселя «самыми грязными подонками». Дэпутат шчыра прызнаўся, што калі б сустрэў Аляксандра Зімоўскага, то «полюнул бы ему в лицо».

На жаль, Вярхоўны Савет не здолеў абараніць годнасць і гонар свайго дэпутата, заявіўшы, што інфармацыя Ганчара прымаецца да ведама. Дэпутат назваў гэта «личным оскорблением». У той жа дзень Ганчар вымавіў страшныя прароцкія словы: «Меня расстреляли перед всей республикой, а теперь ещё пытаются закопать живьём».

Неўзабаве ў палітычным лёсе Віктара Ганчара адбылася яшчэ адна падзея. Ён быў прызначаны старшынёй ЦВК.

Гэта адбылося 5 верасня 1996 года, амаль праз месяц пасля таго, як Лукашэнка афіцыйна папярэдзіў Вярхоўны Савет аб чарговым рэферэндуме. Дэпутаты — апаненты Лукашэнкі — добра разлічылі: Ганчар як юрыст і як чалавек мае мажлівасць папсаваць гульню Лукашэнкі. Нездарма прэзідэнцкія паплечнікі Уладзімір Канаплёў і Юры Малумаў усяляк працівіліся кандыдатуры Ганчара. Аднак са 155 дэпутатаў, якія бралі ўдзел у галасаванні, 111 падтрымалі яго. За Ганчара, паступіўшыся асабістымі амбіцыямі, выказаўся і Станіслаў Шушкевіч.

Гэта рэзка актывізавала Лукашэнку. Ужо на наступны дзень ён выступаў перад парламентарыямі і абвінаваціў Ганчара ў тым, што ён вінен дзяржаве 100 мільёнаў рублёў, якія нібыта скраў для будаўніцтва дома. Ганчар адказаў вельмі годна, заявіўшы, што за любы ціск на ЦВК давядзецца адказваць перад законам.

Старшыня ЦВК распачаў крытыку рэферэндуму, прыводзіў прыклады шматлікіх парушэнняў. А ў лістападзе ў расійскай праграме «Герой дня» старшыня ЦВК заявіў, што не прызнае вынікі рэферэндуму.

Гэта стала апошняй кропляй. 14 лістапада 1996 года Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога адхіліў Віктара Ганчара. Нагодай для ўказу паслужыў ліст 9 сябраў ЦВК (у тым ліку і Лідзіі Ярмошынай), у якім Віктар Ганчар вінаваціўся ў палітыканстве. Віктара літаральна вынеслі з будынка ЦВК, а ўсе яго далейшыя спробы трапіць на працоўнае месца поспеху не мелі.

Пасля рэферэндуму Віктар Ганчар заявіў, што збіраецца прысутнічаць у палітыцы настолькі, наколькі палітыка будзе прысутнічаць на Беларусі.


Для Андрэя Клімава Віктар Ганчар быў безумоўным аўтарытэтам.

Ён не збіраўся здавацца. Ужо ў студзені 1997 года была створана камісія былога Вярхоўнага Савета на чале з Віктарам Ганчаром «по правовой оценке нарушений президентом Республики Беларусь Лукашенко А.Г. Конституции и законов Республики Беларусь». Летам гэтага ж года Ганчар пачаў рассылаць частку матэрыялаў работы «Перечень нарушений Конституции и проведения референдума 24 ноября 1996 г. и его итогов». Там фіксаваліся парушэнні, звязаныя з дзейнасцю ЦВК, Канстытуцыйнага суда. Таксама гаворка ішла аб датэрміновым галасаванні, манапалізацыі СМІ і іншым.

У пачатку верасня 1997 года Віктар Ганчар на 300 адрасоў разаслаў тэкст на 85 старонак, «Заключения специальной комиссии по правовой оценке нарушения президентом Республики Беларусь А. Лукашенко Конституции и Законов Республики Беларусь». Сярод адрасатаў фігуравалі не толькі былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, але і Нацыянальны сход, органы дзяржаўнай улады і нават расійскі парламент. У заключэнні меліся такія раздзелы, як захоп дзяржаўнай улады, ліквідацыя самастойнасці мясцовых саветаў і г.д.

14 кастрычніка 1997 года 43 дэпутаты былога Вярхоўнага Савета згадзіліся з высновамі камісіі і прынялі палітычную заяву, паводле якой Лукашэнка ўжо не меў права выконваць свае абавязкі.

Тады ж, у кастрычніку, праз «Народную волю» Віктар Ганчар агучыў свае сем тэзісаў: 1) чёткая политическая постановка целей и задач; 2) наличие скоординированного по каждому шагу плана действий; 3) никаких компромиссов с режимом; 4) борьба за массы и поддержка населения; 5) помощь России и Европы; 6) преодоление угрозы гражданской войны; 7) поддержка властных структур и капитала.

У пачатку 1998 года Ганчар заявіў, што будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта. Ён прызнаўся, што з іншымі апазіцыйнымі дзеячамі не атрымоўваецца каманднай гульні. Гэта пацвярджае той факт, што ён не ўвайшоў у склад Нацыянальнага выканаўчага камітэта на чале з Генадзем Карпенкам, які назваў ініцыятыву свайго калегі «детством».

З імем Віктара Ганчара непарыўна звязаны і выбары прэзідэнта ў 1999 годзе, калі, згодна са «старой» Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Лукашэнкі павінны былі скончыцца.

10 студзеня 1999 года 44 дэпутаты былога Вярхоўнага Савета стварылі ЦВК на чале з Ганчаром і прызначылі прэзідэнцкія выбары на май. А ўжо 25 лютага сябры ЦВК і сам Ганчар былі затрыманыя ў кафэ.1 сакавіка Віктар атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту і распачаў галадоўку.

Занепакоенасць лёсам Ганчара выказалі высокія еўрапейскія чыноўнікі. Пасля выхаду з турмы Ганчар сцвярджаў, што яго хацелі карміць гвалтоўна, а ноччу ў камеры ўрач Сяргей Мікуліч уліў яму 400 грамаў глюкозы. Віктар раскрытыкаваў суддзю Валянціну Зенькевіч, якая нават «не соблюдала процессуальных формальностей». Да таго ж супраць Ганчара ўзбудзілі крымінальную справу за «самовольное присвоение власти».


Пасля галадоўкі схуднелы, але не зламаны Віктар Ганчар уручыў пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты даверанай асобе Зянона Пазняка Сяргею Папкову.


Арышт не спыніў Ганчара. 31 сакавіка 1999 года ён уручыў пасведчанні кандыдатаў у прэзідэнты давераным асобам Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра. Па звестках ЦВК Віктара Ганчара, з 6 па 10 мая ў выбарах узялі ўдзел 1772042 грамадзян. Афіцыйны ЦВК выбары не прызнаў. Канешне, такія выбары не маглі зламаць сістэму, але выклікалі вялікую занепакоенасць ва ўладных колах і асабіста ў Лукашэнкі.

21 ліпеня 1999 года Віктар Ганчар быў абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета, а 27 ліпеня прайшло пасяджэнне Прэзідыуму, на якім абмяркоўвалася распрацоўка плана мерапрыемстваў «по восстановлению конституционной законности».

Гэты план у рамках даклада Віктара Ганчара «О политических итогах пятилетнего правления страной А. Лукашенко» павінен быў быць агучаны на пасяджэнні дэпутатаў 18–19 верасня. Планавалася, што на ім будзе прысутнічаць 400 чалавек.

Аднак 16 верасня 1999 года Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі зніклі. Гэтае знікненне з’яўляецца адной з самых загадкавых падзей у гісторыі найноўшай Беларусі.

 


Абмеркаванне:

  • в!ктар
  • 2017-01-07 21:47:55
добры артыкул!
  • я гэта бачыў
  • 2017-01-08 08:58:24
хай усіх хаўруснікаў лу-кі і самаго лу-ку закапаюць каля ямы дзе ганчар ляжыць.Ён зрабіў ўсё каб лу-ка стаў прэзыдэнтам,а калі паняў што абасраўся даў задні ход.За што змагаліся на тое і натрапілі, "апазыцыянеры х*равы."

Каментаваць