Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«У нашай краіне такіх людзей адзінкі». Што ў Астраўцы кажуць пра Алеся Юркойця

Я не бачыў Алеся Юркойця два гады. І вось спаткаў на судзе. І быў уражаны, як чалавека не змяніла турма. Не змяніла знешне. Усё тая ж усмешка, усё той жа прамы позірк. Толькі з-за кратаў.

Алесь Юркойць


Каб зразумець абсурднасць гэтай карціны, трэба паехаць на Астравеччыну, дзе мала хто не адкажа на пытанне — хто такі Алесь Юркойць? З такім пытаннем я звярнуўся на астравецкай вуліцы да людзей. Вось ідуць дзве інтэлігентнага выгляду жанчыны.

— Вам знаёмае такое імя? Алесь Юркойць?   

— Вядома. Гэта чалавек, які любіць сваю родную мову. І размаўляе на ёй, дзе б ён ні быў. Ён працаваў на мытні.

— Гэта вялікі патрыёт Астравеччыны. Краязнаўца. Шмат цікавіцца літаратурай роднага краю, жывапісам. Многія імёны дзеячаў Астравеччыны да людзей данесеныя дзякуючы яму.

А вось немаладая спадарыня ў добрым футры.

— Я яго асабіста не ведаю. Але чула, што ён краязнаўца. У газеце шмат пра яго пісалася ў нашай, «Астравецкай праўдзе».

Кожны тыдзень у Астраўцы праводзяцца заняткі курсаў «Мова нанова». На іх збіраюцца людзі рознага веку, розных прафесій, рознага жыццёвага досведу. Але якім неабыякавы лёс сваёй краіны. Ініцыятарам гэтых курсаў у Астраўцы быў Алесь. Удзельнікам заняткаў «Мовы нанова», да якіх завітаў пісьменнік Аляксей Шэін, я задаваў адно пытанне: «Што зрабіў Алесь Юркойць?» І атрымліваў самыя розныя адказы. Настаўніца Алена ўзгадала пра музей «Дом паэта Казіміра Сваяка» ў вёсцы Барані, адкрыты з ініцыятывы Юркойця.

— Якія б падзеі ні адбываліся, у тым ліку і адкрыццё дома-музея паэта Казіміра Сваяка, ва ўсіх гэтых падзеях ёсць рука Алеся. Можна сказаць, што дзякуючы яму вернута гэтае імя. Дзякуючы яму выйшаў збор ягоных твораў. Вельмі глыбокіх, вельмі пранікнёных. Дзякуючы яму на Астравеччыне не аднойчы праходзілі пленэры мастакоў, паэтаў, разьбяроў па камені. Дзякуючы яму атрымалі дапамогу многія людзі, якія цікавяцца гісторыяй. Настаўнікі, якія не ведалі, дзе шукаць той ці іншы артыкул, каб падрыхтавацца да ўрокаў. Алесь — гэта чалавек з вялікай літары. Зараз такіх людзей вельмі мала. Для яго не грае ніякай ролі ўзрост чалавека, яго знешнасць, яго сацыяльны статус. Ён аднолькава сустракае і школьніка, які цікавіцца гісторыяй ці літаратурай, ён аднолькава ставіцца і да старэнькай сялянкі, і да прафесара. Для яго няма розніцы, перад ім Адам Мальдзіс ці старая з вёскі Кірняны. Калі падысці да любога жыхара Астравеччыны і спытацца, хто такі Алесь Юркойць, яны вам скажуць, што гэта добры, шчыры чалавек, што ён нястомны гісторык, што ён цудоўны сябар, цудоўнейшы бацька і муж. У яго гадуюцца прыгожыя, разумныя тры дачушкі. І я спадзяюся ўсёй душой, што яны хутка сустрэнуцца з татам.

Ахова архітэктурных помнікаў для Юркойця не прыгожыя словы, а канкрэтная справа. Справа, якая заўжды стаіць на першым месцы.

— У Баброўніках ёсць капліца Святога Рафала. Людзі зрабілі агароджу за свае сродкі. Пафарбавалі. І вось нехта пашкодзіў гэтую агароджу. І хто першы паехаў яе рамантаваць? Алесь. Знайшоў час, адклаў свае справы. Нягледзячы на тое, што ў яго поўна клопатаў. Ён заўсёды прыходзіць на дапамогу. Гэта тая дзейнасць, якой зараз не хапае. Яна робіцца не дзеля галачкі. Не намінальная, а рэальная, патрэбная людзям.

Андрэй, інжынер-энергетык, зрабіў дзякуючы Алесю для сябе адкрыццё — што карыстанне беларускай мовай не ўскладняе, а наадварот, вельмі аблягчае жыццё, робіць яго больш чалавечным.

— Мы часта праводзім абследаванні электраабсталявання жылых дамоў. Каб выправіць нейкія парушэнні. І калі прыходзіш і размаўляеш па-беларуску, зусім іншае стаўленне да чалавека. «Прывітанне». — «Добры дзень у хату. Ці можна зірнуць?» Стаўленне да цябе больш прыязнае.

У сувязі з будаўніцтвам АЭС сапраўды ў горадзе паболела людзей з Расіі. Але не ўсе змяняюць культурны ландшафт. Вось як гэтая сімпатычная маладая жанчына Ірына, якая прыехала з Пскоўшчыны.

 — Я знаёмая з Алесем па курсах «Мова нанова». Ён іх і пачынаў. Цікавы чалавек. Увлечаны. Я тут жыву ўжо чатыры гады і не шкадую.

 — А што вас прывяло на курсы?

 — Захацелася вучыць беларускую мову. Паколькі я тут жыву і працую, я мушу ведаць мову, культуру, гісторыю гэтай краіны.

 А вось іншая прыгажуня, бухгальтарка Наста, узгадала Юркойця як экскурсавода.

 — Ён ладзіў шмат экскурсіяў па нашым краі, усталёўваў помнікі. Усе, хто яго ведае, вельмі моцна яго паважаюць.

 Напэўна, самы дакладны і адначасова вобразны адказ я атрымаў ад юрыста Дзмітрыя. Дзмітры прыехаў у Астравец працаваць па размеркаванні некалькі гадоў таму. І знаёмства з Алесем Юркойцем — галоўнае ўражанне ад Астравеччыны.

 — Калі гаварыць пра Алеся Юркойця, першае слова, якое прыходзіць на розум, гэта «завадатар». Завадатар усіх мясцовых патрыятычных, краязнаўчых, гістарычных ініцыятыў. Можна любіць свой край, можна захапляцца гісторыяй радзімы. Але рабіць гэта для сябе. Алесь Юркойць — гэта той чалавек, які не толькі гэтым захапляецца, але якому стае моцы, адвагі гэта ўсё вынесці на публічную паверхню. І прыцягнуць людзей. Захапіць сваёй любоўю да роднага краю. Гэта той чалавек, дзякуючы якому я пачаў цікавіцца той мясцовасцю, дзе жыву, архітэктурай, духоўнай спадчынай. У нашай краіне такіх людзей адзінкі. Іх трэба берагчы. Ні ў якім разе не ўціскаць. Бо такія людзі, як Юркойць, прыносяць шмат карыснага для развіцця грамадства ў цэлым.

 Усё, што кажа Дзмітры, — у дзясятку. Такіх людзей,як Юркойць, сапраўды трэба берагчы. Бо такія людзі не толькі прыносяць шмат карыснага для грамадства. Яны ёсць падмуркам дзяржавы. Гатовыя, дзеля яе будучыні, ахвяраваць сваім часам і сваімі сіламі. І тое, што Юркойць знаходзіцца за кратамі, сённяшняй дзяржаве, далібог, не на карысць.

 

www.svaboda.org


Каментаваць