У вянок памяці выдатнага гісторыка і архівіста

Сябры Народнага гісторыка-краязнаўчага аматарскага аб’яднання «Прылуцкая спадчына» і культурна-асветніцкага клубу «Спадчына» правялі ў сталічным Чырвоным касцёле вечарыну памяці выдатнага беларускага гісторыка і архівіста Анатоля Валахановіча.
Партрэт А.Валахновіча пэндзаля масткава М.Несцярэўскага

Партрэт А.Валахновіча пэндзаля масткава М.Несцярэўскага

Пасля хвіліны маўчання ў памяць паплечніка і аднадумцы, адбыўся памінальны малебен, які правёў святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч — настаяцель праваслаўнай суполкі імя Эўфрасіньні Полацкай.

Памінальную малітву творыць айцец Леанід

Хвіліна маўчання

Стваральніца і першы кіраўнік аб’яднання «Прылуцкая спадчына» Прылуцкага цэнтру народнай творчасці Мінскага раёна Інэса Кароль распавяла гісторыю стварэння клубу і адзначыла, што Анатоль Валахановіч быў актыўным яго ўдзельнікам, шмат зрабіў для ўшанавання выдатных асоб Койданаўшчыны.

Першы кіраўнік Прылуцкай спадчыны Інэса Трафімаўна Кароль

Прыкладам гэтай вялікай працы ў складзе аб’яднання «Прылуцкая спадчына» Інэса Трафімаўна назвала яго актыўны ўдзел у стварэнні Гісторыка-дакументальнай хронікі Дзяржынскага раёна «Памяць», у міжнароднай канферэнцыі па ўшанаванню памяці роду фон Гутэн-Чапскіх — уладальнікаў Прылук, Станькава і ваколіцаў. Па выніках гэтых даследаванняў, выстаў, у якіх браў ўдзел Анатоль Валахновіч, выйшла кніга «Жыццё Айчыне, гонар — нікому», у выданні якой гісторык прыняў актыўны ўдзел. У гэтай кнізе апублікавана яго даследаванне жыцця і дзейнасці графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.

«Анатоль Іосіфавіч валодаў сапраўды энцыклапедычнымі ведамі, — падкрэсліла Інэса Трафімаўна. — Напрыклад, пра перыяд Напалеонаўскай вайны 1812 года на тэрыторыі Беларусі, па падзеях Першай сусветнай вайны, прымаў актыўны ўдзел у стварэнні мемарыяла памяці загінулым у гэтай вайне.
Безумоўна, наша «Прылуцкая спадчына» з адыходам у лепшы свет Анатоля Іосіфавіча згубіла шмат — карпатлівага даследчыка, цудоўнага і спагадлівага чалавека, сапраўднага патрыёта Бацькаўшчыны Беларусі. Мы будзем заўсёды памятаць яго неверагодны ўклад у напісання поўнай гісторыі яго радзімы Койданаўшчыны-Дзяржыншчыны».

Адзін з актыўных удзельнікаў «Прылуцкай спадчыны» Ігар Гатальскі нагадаў, што Анатоль Валахановіч далучыўся да іх гісторыка-краязнаўчага аб’яднання ў сакавіку 2003 года. «Хоць фактычна Анатоль Іосіфавіч нарадзіўся ў Менску, але ўся яго радня, карані былі з Койданаўшыны. Таму ён лічыў гэты край сваёй духоўнай радзімай. Адсюль і даўняе зацікаўленне яго гісторыяй». У доказ сваіх слоў спадар Гатальскі нагадаў яго друкаваныя матэрыялы па гісторыі роднага краю, а таксама водгукі на яго даследаванні ў беларускім друку.

Ля стэндаў з кнігамі Прылуцкай спадчыны і Анатоля Валахановіча

Ля стэндаў з кнігамі Прылуцкай спадчыны і Анатоля Валахановіча

Сённяшні старшыня мінскага культурна-асветнага клубу «Спадчына» Пётр Русаў узгадаў асноўныя вехі сумеснай працы з гісторыкам і краязнаўцам з 1989 года, калі яны ўпершыню пазнаёміліся на паседжаннях клубу Анатоля Белага, як разам праводзілі гістарычныя лекцыі ў сталічных школах, бібліятэках Заводскага раёну. Пётр Русаў звярнуўся да прысутных, усіх хто ведаў Анатоля Валахановіча, з просьбай дасылаць матэрыялы — успаміны, публікацыі, прысвечаныя гэтаму даследчыку, каб размясціць іх у чарговым выпуску альманаха клубу «Спадчына».

Айцец Леанід Акаловіч успомніў пра незабыўныя сустрэчы і дыскусіі з гэтым энцыклапедычнага кшталту гісторыкам і адзначыў такі факт, што Анатоль Валахановіч быў ад нараджэння ахрышчаны ў каталіцкую веру, якую шчыра шанаваў, але часта заходзіў на службы ў прыход БАПЦ імя Эўфрасіньні Полацкай. «Анатоль Валахновіч запомніўся нам як асоба высокаадукаваная, разнастайная, духоўная. Мы шмат згубілі пасля таго, як наш сябра адышоў у лепшы свет, але памяць пра гэтага чалавека застанецца з намі на заўсёды», — адзначыў айцец Леанід.

Сваімі ўспамінамі дзеліцца айцец Леанід Акаловіч

Сваімі ўспамінамі дзеліцца айцец Леанід Акаловіч

Аўтар партрэта Анатоля Валахановіча, што сустракаў удзельнікаў мемарыяльнай вечарыны, мастак Мікола Несцярэўскі распавёў пра гісторыю гэтага партрэта і імянной плакеткі з партрэтам Анатоля Іосіфавіча. Мастак выказаў жаданне зрабіць з гэтай плакеткі медальён на магільны помнік гісторыку і для мемарыяльнай шыльды ў гонар А.Валахановіча.

Мастак Мікола Несцярэўскі з керамічным партрэтам Анатоля Валахановіча

Мастак Мікола Несцярэўскі з керамічным партрэтам Анатоля Валахановіча

Галоўны дызайнер дызайн-студыі «Энергонаследие» Міхаіл Сугака падзяліўся сваімі ўспамінамі пра тое, як разам з Анатолем Іосіфавічам фатаграфавалі апошнія моманты існавання і разбурэнне першай мінскай ГЭС-1, якую пабудавалі па распараджэнню мінскага галавы Караля Гуттэн-Чапскага ў 1895 годзе. «Гэтая трагічная падзея для гісторыі нашай сталіцы лягла на яго сэрца новым рубцом, які негатыўна адбіўся на яго далейшым жыцці…», — зазначыў Міхаіл Іванавіч.

З успамінамі пра незабыўныя сустрэчы з Анатолем Валахановічам падзяліліся тыя з яго паплечнікаў, хто ведаў гісторыка асабіста: сябра клубу «Спадчына» Уладзімір Ліпскі, настаўніца мясцовай школы Тамара Клепікава, бібілятэкар Ірына Цуканава, прадстаўнік Таварыства беларускай мовы ім.Ф.Скарыны Аляксей Шалахоўскі і іншыя сябры і паплечнікі гісторыка. Паэт, сябра клубу «Прылуцкая спадчына» Юрый Радыёнаў прысвяціў верш памяці Анатоля Іосіфавіча.

Вынік даследаванняў гісторыка — кнігі 

Вынік даследаванняў гісторыка — кнігі 



Вечарына памяці Анатоля Валахановіча скончылася выкананнем яго любімых песень — прагучалі «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага на верш Максіма Багдановіча і «Малітва» Алега Моўчана на верш Янкі Купалы.

Каментаваць