Уладзімір Кацора

Неяк у размове са мной акадэмік Радзім Гарэцкі сказаў: «Cёння да палітыкі адносіцца амаль усё, нават мова». Уладзімір Кацора вядомы як адзін з лідэраў трэцяга сектара, але не «кішэннага», таму яго таксама можна аднесці да палітычных «ворагаў народа».

Апазіцыя камсамолу



Неяк у размове са мной акадэмік Радзім Гарэцкі сказаў: «Cёння да палітыкі адносіцца амаль усё, нават мова». Уладзімір Кацора вядомы як адзін з лідэраў трэцяга сектара, але не «кішэннага», таму яго таксама можна аднесці да палітычных «ворагаў народа».

Апазіцыя камсамолу

Нарадзіўся Уладзімір 14 лістапада 1956 года, але яго бацька чамусьці абраў іншую дату — 5 студзеня 1957 года. Так са «скарпіёна» ён стаў «казерогам» і будзе адзначаць дзень сваіх народзінаў двойчы. Адзін раз — сапраўдны, другі — па пашпарту.

Месца нараджэння Уладзіміра Кацоры — вёска Шарпілаўка Гомельскага раёна. Маці Ніна Васільеўна (у дзяцінстве ленінградская блакадніца) усё жыццё працавала настаўніцай пачатковых класаў і стала заслужаным настаўнікам БССР. Бацька Аляксандр Антонавіч у саўгасе курыраваў партыйныя кадры.

У 1978 годзе Уладзімір скончыў беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту і пачаў працаваць па сваёй спецыяльнасці. Спачатку на Уральскім вагонабудаўнічым заводзе, а потым на ПА «Гомсельмаш».

Праз тры гады ён перайшоў на «камсамольска-партыйную» работу. А яшчэ праз тры — многія з тых, хто гэтаму паспрыяў, шчыра пашкадавалі. Справа ў тым, што ў 1984 годзе Уладзімір Кацора ўзначаліў камітэт камсамола ПА «Гомсельмаш» — 14 000 сябраў арганізацыі, што параўнальна з тагачаснымі райкомамі камсамолу. «Махіна», якую не ўлічваць нельга.

Можна толькі выказаць спачуванне мясцоваму камсамольскаму абкаму, бо «махіна» амаль адразу стала апазіцыйнай. Махінацыі з улікам сябраў арганізацыі і сяброўскіх складак, паказуха ў справах і іншыя «несмяротныя грашкі» абласнога кіраўніцтва не спадабаліся маладому і наіўнаму рамантыку, а сам ён не спадабаўся тым, хто на чужой рамантыцы рабіў асабістую кар’еру.

Апазіцыя партыі


Зразумела, што, нягледзячы на абвешчаную перабудову, «яршыстасць» моладзевага лідэра ПА «Гомсельмаш» не магла падабацца «старэйшым таварышам». Асабліва, калі ў 1990 годзе, насуперак меркаванню парткама аб’яднання, ён на моднай тады альтэрнатыўнай аснове абраўся дэпутатам Гомельскага гарадскога савета, стаў сябрам Прэзідыуму і ўзначаліў камісію па рабоце са СМІ і грамадскім арганізацыямі. На гэтым «камсамольска-партыйная» кар’ера Кацоры і скончылася.

Праз чатыры гады, пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, Уладзімір Кацора і яшчэ восем дэпутатаў публічна ў знак пратэсту супраць абрання А. Лукашэнкі адмовіліся ад мандатаў. Да заканчэння абазначанага адпаведным законам тэрміну заставаўся год.

Выпадак даволі рэдкі для беларускіх апазіцыянераў. Я ўжо не аднойчы пісаў, што некаторыя з іх як занялі ў 1994 годзе акопы «барацьбы з крывавым рэжымам», так і па гэты дзень нікога іншага да іх не падпускаюць, чым не моцна адрозніваюцца ад існуючай улады. Можа, менавіта па гэтай прычыне пройдзе час — і Уладзімір Кацора будзе ў апазіцыі і да многіх з іх.

У 1990 годзе Уладзімір Кацора быў адным з ініцыятараў і заснавальнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, якая ў 1995 годзе аб’ядналася з Грамадзянскай партыяй Васіля Шлындзікава. Акрамя гэтага ён будзе сярод заснавальнікаў і іншых вядомых сёння грамадскіх арганізацый — фонду імя Льва Сапегі, «Прававой ініцыятывы», руху «За свабоду».

Падчас перабудовы многім здавалася, што наша грамадства канчаткова апрытомнела ад кашмару, які называўся «кіруючая роля КПСС». Палітычнае паветра стала амаль вольным. Партыйнае будаўніцтва расло, як на дражджах, але Кацора займаўся не толькі ім. Двойчы (1990 і 1995 гады) ён становіцца кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета РБ. Двойчы парламентарыем не стаў, але быў сярод лідэраў выбарчай гонкі.

Пасля сумнавядомага лістападаўскага 1996 года рэферэндуму ўрэшце стала зразумела, што ў краіне будзе толькі адзін афіцыйны палітык, а ўсе астатнія — «адмарозкі». Легальна рэалізаваць свае грамадска-палітычныя амбіцыі стала магчымым толькі ў трэцім сектары, таму і былі створаны гомельская філія ГА «Прававая ініцыятыва» і грамадскае аб’яднанне «Грамадзянскія ініцыятывы».

Апошняя арганізацыя даволі паспяхова рэалізавала некалькі адукацыйных, інфармацыйных і праваабарончых праграм, такіх, напрыклад, як «Школа маладога журналіста» і «Лідэр». «Грамадзянскія ініцыятывы» выпускалі калі 20 розных бюлетэняў, сябрамі аб’яднання з’яўляліся больш за 500 чалавек у 17 раённых структурах.

Апазіцыя «новым»

Думаю, далей няма сэнсу пералічваць нейкія канкрэтныя справы, бо сутнасць работы новага аб’яднання можна зразумець і па назве. Як зразумець і тое, што любая некантралюемая грамадскай дзейнасць не будзе да спадобы новай уладзе. Ёй патрэбны выключна свае ініцыятывы.

Менавіта па гэтай прычыне ў 2003 годзе беларускія ўлады ліквідавалі «Грамадзянскія ініцыятывы» і думалі, што на гэтым будзе пастаўлена кропка. Шчыра кажучы, улады мелі падставы на гэта спадзявацца, бо даволі часта мы бываем сведкамі, калі прэтэнзіі на «ўнікальную сур’ёзнасць» знікаюць разам з ліквідацыяй афіцыйнай рэгістрацыі. Няма ніякага сумнення, што часта арганізацыі і ствараюцца толькі дзеля таго, каб быць «гучна» зачыненымі і адцягнуць увагу грамадскасці ад рэальных праблем.

І справа тут не толькі ў «засланых казачках». Часам бывае так, што нікога нікуды і «засылаць» не трэба. Апазіцыйныя структуры працуюць настолькі непрафесійна, што афіцыйнаму міністэрству юстыцыю не трэба нічога выдумляць. Парушэнні, літаральна, ляжаць на самым бачным месцы, нават цяжка пазбегнуць уражання, што ўсё гэта робіцца ці не наўмысна.

«Грамадзянскія ініцыятывы» аказаліся «крэпкім арэшкам». У пошуках праўды яны дайшлі да камітэту па правах чалавеку ААН і выйгралі там справу супраць сённяшніх беларускіх уладаў. Калі я чую пра падобныя прэцэдэнты, становіцца сумна, што, каб нешта даказаць (другіх варыянтаў, на жаль, няма), грамадзяне вымушаны судзіцца са сваёй радзімай.

Не буду аддаваць каму-небудзь перавагу, але, на мой погляд, менавіта ўплыў на грамадства трэцяга сектару і паспрыяў таму, што ў 2005 годзе адзіным кандыдатам ад апазіцыі стаў Аляксандр Мілінкевіч, а яшчэ раней «адзіным» ледзь не стаў Сямён Домаш. Цалкам натуральна, што Уладзімір Кацора ўзначаліў гомельскі абласны выбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча.

Апазіцыя «сваім»

«За Мілінкевіча» Уладзімір Кацора тройчы падвяргаўся адміністрацыйным арыштам, бо ўсе сустрэчы з ім улады палічылі несанкцыянаванымі. Гэты юрыдычны капкан ведаюць усе і лічаць яго даволі прымітыўным, бо прыдумаць нешта лепшае ў сучаснай улады не хапае розуму. Робіцца ўсё даволі проста: спачатку нешта наўмысна забараняецца, а потым за парушэнне «судзяць» іншадумцаў. Самае цікавае, што і першыя, і другія добра ведаюць, чым усё скончыцца.

Для Уладзіміра Кацоры гэта кожны раз заканчвалася менавіта так. Баюся памыліцца, але сярод «рэгіяналаў» у яго амаль большы за ўсіх «турэмны шлях». Ва ўсякім выпадку, самы «гучны» для незалежнай прэсы, бо ўсё шэсць разоў за кратамі Кацора трымаў галадоўкі.

Апошняя (адбылася нядаўна) была «сухой». Гэта значыць, не толькі без ежы, але і без вады. Самая небяспечная для здароўя, бо літаральна праз некалькі дзён яна можа скончыцца фатальна.

У 10-ю гадавіну знікнення генерала Юрыя Захаранкі, Уладзімір Кацора з аднадумцамі правёў у Гомелі адпаведную акцыю, якая (як заўсёды) была «несанкцыянаванай», і 25 чэрвеня 2010 года суддзя Цэнтральнага раёна горада Марына Домчанка вынесла арганізатарам прысуд. Кацора атрымаў трое сутак. У знак пратэсту ён абвясціў «сухую» галадоўку ў зале судовых пасяджэнняў.

Працягвалася яна шэсць дзён, першыя тры з якіх прайшлі за кратамі, а тры — у мясцовым офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Міліцыянты тройчы зрывалі расцяжкі «Галадоўка пратэсту» і разам з камунальшчыкамі замалёўвалі адпаведныя надпісы. Каля яго дома амаль пастаянна «дзяжурыў» міліцэйскі нарад.

29 чэрвеня стан здароўя Кацоры настолькі пагоршыўся, што давялося выклікаць «хуткую дапамогу». Пасля агляду ўрач паставіў перад міліцыянтамі пытанне аб прымусовай шпіталізацыі апазіцыянера. Не атрымалася. Здолелі ўзяць ад Кацоры толькі неабходную папяровую адмову ад шпіталізацыі.

Інакш папросту і быць не магло, бо Уладзімір рыхтаваўся да галадоўкі сур’ёзна. Нават сказаў жонцы, дзе трэба яго пахаваць, калі адбудзецца нешта благое. І гэта невыпадкова, бо ў Гомелі ён лічыцца адным з самых апантаных змагароў з існуючай уладаў. Нават цяжка падлічыць, колькі разоў яго штрафавалі, але пра адзін з іх трэба сказаць асобна: Уладзімір Кацора мае сярод апазіцыянераў самы буйны ў Гомельскай вобласці штраф — 50 базавых велічынь. У такую суму беларуская Феміда ацаніла яго спробу нагадаць грамадскасці пра 10 гадоў са дня знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Калі ў лістападзе 2009 года Кацора быў абраны каардынатарам руху «За свабоду» і добраахвотна пакінуў пасаду намесніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП, ён накіраваў лісты ў прадстаўніцтва ААН у Беларусі, Упраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама, падатковую інспекцыі, шэраг замежных амбасадаў, дзе напісаў, што адраджае дзейнасць «Грамадзянскіх ініцыятываў».

Нагадаем, што менавіта ў тыя дні праходзіў так званы Еўрапейскі форум, арганізаваны рухам «За свабоду». Яго фармат, склад удзельнікаў і яго змест зрабілі для Уладзіміра відавочным, што адзінства не будзе не толькі ва ўсёй апазіцыі, але і ў яе нацыянальна-дэмакратычным крыле. Таму ён і адышоў ад каманды Мілінкевіча, склаў з сябе абавязкі каардынатара руху «За свабоду» па Гомельскай вобласці. Іншымі словамі, у чарговы раз адмовіўся ад якіх-небудзь пасад. Але не ад дзейнасці.

Як далей? Пакажа час, а пакуль адназначна можна сказаць толькі тое, што Уладзімір Кацора быць у апазіцыі не баіцца.
 

Каментаваць