Уладзімір Някляеў: Свет не бяздумны…

Уладзімір Някляеў — паэт і палітык у адной асобе — цягам апошняга года ўвайшоў у топ медыйных персон краіны. Сёлета Беларускі ПЭН-цэнтр вырашыў вылучыць Някляева на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Асоба гучная, спрэчная, яскравая — паэт Някляеў збіраў стадыёны слухачоў, палітык Някляеў не губляе надзею сабраць стадыёны прыхільнікаў.



Уладзімір Някляеў — паэт і палітык у адной асобе — цягам апошняга года ўвайшоў у топ медыйных персон краіны. Сёлета Беларускі ПЭН-цэнтр вырашыў вылучыць Някляева на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Асоба гучная, спрэчная, яскравая — паэт Някляеў збіраў стадыёны слухачоў, палітык Някляеў не губляе надзею сабраць стадыёны прыхільнікаў. У працяг сустрэчаў у межах рубрыкі «Валадары думак» Уладзімір Някляеў наведаў рэдакцыю НЧ, каб паразважаць пра сумленне паэта, каштоўнасці сучаснага свету і персонаў, што займаюць пазіцыі маральных гуру сучаснікаў.

(На здымку: Уладзімір Някляеў у рэдакцыі «Новага часу»)


Уладзімір Някляеў: Я згодны з Валянцінам Акудовічам у тым, што ёсць памяншэнне ўплыву культуры на чалавека (рэд. — гутарка з Валянцінам Акудовічам, НЧ, №21, 27 мая, 2011 г.). Калі браць гады савецкага часу, то якія б ні былі прадстаўнікі культурнага асяродку, але яны ўсё ж давалі грамадству нейкія ўстаноўкі ў пошуках таго, як жыць і якія рашэнні прымаць. Сёння такой арыентацыі няма. Ёсць арыентацыя не на тых, хто мысліць, а на тых, хто думае. Гэта розныя працэсы. Думаеш увесь час пра што? Пра тое, як табе жыць. То бок мысліць чалавек пра быццё, а думае пра жыццё. Я не скажу, што свет бяздумны, ён проста стаў прагматычным. Цяпер валадарыць той, хто ў спісе Forbes. Даволі нечакана ў гэтым кантэксце праяўляюцца людзі, якія, будучы ў гэтым спісе, прэтэндуюць на званне валадароў думак. Я маю на ўвазе стваральніка Apple, які жыў так, быццам у яго і нямашака тых мільярдаў — не меў аховы, ездзіў на звычайных машынах і сыходзіў з тых пазіцый, што ў свой час навязалі яму валадары думак: што б ты рабіў, калі б жыў апошні дзень? — акурат тое, што трансляваў Гюго ды іншыя ў заходняй літаратуры і што прадукавалася ў савецкай літаратуры. Я бачу, як наогул культура падмяняецца цывілізацыяй і выдаецца як тоеснасць, хаця насамрэч гэта рознае. Скажам, узяць цывілізацыйную забаву футбол і культурніцкую забаву баі рымскіх гладыятараў. Баі гладыятараў — гэта кроў і не выглядае на культуру. Але калі ўзяць пасыл, то па духоўнасці, культуры гэта значна вышэй, чым футбольная дзея, за якой назіраюць сотні тысяч людзей. Простае пытанне: які ў гэтых людзей інтэлект?

Аляксей Кароль: Паэт у Расіі больш чым паэт — фраза з пушкінскіх часоў. Якая роля паэта ў Беларусі — дасавецкай, савецкай і постсавецкай?


Уладзімір Някляеў: Калі б я мог дамагчыся нейкіх вынікаў у мэце, што перад намі стаіць сёння, — змена ўмоў, у якіх мы жывём... Калі б я мог дасягнуць гэтага сродкамі культуры, то ніколі б не пайшоў у палітыку. Сённяшняя ўлада — з’ява антыкультурная. Мне як чалавеку трэба яе пераадолець.

Уплыў паэта ў савецкія часы і цяпер — непараўнальны. За савецкім часам была ўнікальная рэч, якой не было ні да таго, і, відаць, не будзе ўжо ніколі. Літаратурныя падмосткі ад Брэста да Сахаліна. Можна было выйсці з дому 1 студзеня і вярнуцца 31 снежня — ісці-ісці па гэтых літаратурных падмостках. Калі мне нешта і сніцца зараз добрае, то гэта літаратурныя стадыёны. Сніцца найперш праз эмоцыю, праз адчуванні, якія былі, калі стаіш на стадыёне і проста чытаеш вершы. Ты руку налева — дзесяць тысяч чалавек налева, ты руку направа — дзесяць тысяч направа. Хто гэтага не адчуваў, таму растлумачыць немагчыма...

Аляксей Кароль: І тым не менш, гэтыя літаратурныя падмосткі ад Сахаліна да Брэста былі падкантрольныя. Крок улева-ўправа не дазваляўся.

Уладзімір Някляеў: У Маскве былі некалькі людзей, якім дазвалялася тое, што іншым забаранялася, — Ахмадуліна, Вазнясенскі, Еўтушэнка, Раждзественскі. Ім дазвалялася адпаведная ступень крамолы. У Беларусі гэта быў Някляеў. Мне таксама дазвалялася значна больш, чым іншым. У першы раз я апынуўся ў КДБ амаль у дзіцячым узросце — было шаснаццаць гадоў, мяне як след напалохалі. Потым былі часы адлігі, 1960-я гады. У Мінску на ганку Тэатра юнага гледача мы збіраліся і чыталі вершы. Я прачытаў верш пра Жукава. Тады была сітуацыя, калі таварыш Хрушчоў пачаў прыбіраць таварыша Жукава. Ну, я і прачытаў “Як вам спіцца, таварыш Жукаў?!. Вось я і кажу чалавеку, які да мяне падышоў, што маршал Жукаў цяпер жа не такі, як быў. На што ён адказаў: “Тое, што Жукава можна асуджаць у Маскве, не значыць, што Жукава можна асуджаць у Мінску. Так што вы, юны паэт, глядзіце ў нас, не дзёргайцеся. Ужо тады я адчуваў, якая моц слова, мастацкага вобраза. Але людзі ішлі на стадыёны не за метафарамі паэтычнымі, а за метафарамі палітычнымі. Пачуць там тое, што нельга пачуць больш нідзе.

Аднойчы на стадыёне ў Маскве іранічны паэт Глазкоў прачытаў такія радкі:

Люблю грозу в конце июня,
Когда в Москве идет парад,
       И хмуро мокнет на трибуне
Правительственный аппарат.


Людзі замерлі, хаця, па сённяшнім часе, што тут такога?

Ёсць страты ў нашым часе для літаратуры. Нямашака тых стадыёнаў, накладаў кніг.

У нас брутальная ўлада, якая лепіцца з людзей, падобных на таго, хто іх туды прыцягвае. Лукашэнка ніколі не цікавіўся аніякай літаратурай. На апошняй прэс-канферэнцыі ён развёў, што кніжка для яго — гэта абраз…Ніколі не забудуся, як у свой час таварышы-пісацелі імкнуліся перадаць яму свае кнігі. Дык цяпер хачу сказаць усім гэтым таварышам-пісацелям, што іх кніг ён не чытаў, памочнік іх нават не спрабаваў перадаваць. Калі чалавеку самому нешта не трэба, дык ён не разумее, навошта гэта іншым.

У літаратурных сустрэчах сённяшняй Беларусі забараняецца палітычны складнік. Калі б беларускі літаратар апрыёры не займаўся палітыкай, то ніхто б яго не чапаў. Некалі Лукашэнка мне казаў: “Перастаньце займацца палітыкаю! Што хочаце выдумвайце, голых рысуйце... Вы ж народжаныя, каб ствараць літаратуру, чаго вы сюды лезеце? А галоўнае, ты ж такія добрыя песні пішаш!.. Дык вось: каб я пісаў тыя песні, то ўжо невядома, колькі б зорак было на плячах. Адзіны жанр, які Лукашэнка “обожает — гэта папса. На гэтым яго культурныя запатрабаванні сканчаюцца.

Андрэй Расінскі: Вы распавядаеце пра культуру Лукашэнкі, яго каштоўнасці. Але ці не вінаватая ў гэтым у тым ліку і беларуская літаратура, у якой суцэльны лямант па вясковаму жыццю, крыкі пра беднасць?

Уладзімір Някляеў: На сёння ўжо не так — новае пакаленне практычна ўвогуле пра гэта не піша. Не крычыць, не лямантуе. Беларуская літаратура творча вырасла, але, я б сказаў, не выявіла гнуткасці ў стасунках з тым, што прыўнёс Лукашэнка. Ну, не такі ён разумны, што нельга яго абдурыць. І не такі дурны, што і абдурваць яго не трэба... Памыляліся і тыя, хто адразу ўставаў у контру і не меў жадання гаварыць з ім. Ну і не гавары, ён знойдзе, з кім паразмаўляць. А нехта вырашыў пайсці да яго служыць з намерам даслужыцца да таго, што будзе магчымасць не толькі с...ку палізаць, але і ў вушка пацалаваць. Трэба было думаць і бачыць рэальнасць. Я разумеў, што гэта надоўга, што ў сітуацыі постсавецкага часу, калі чалавек з цвёрдым характарам атрымае ўладу, то і аддасць яе не хутка. І калі не будзе спосабаў забраць у яго ўладу, дык трэба неяк яго перайначваць, нешта з яго ляпіць. Я паспрабаваў, але там, ва ўладзе, і тут, у сваім асяродку, не знайшоў разумення. Хоць усе былі згодныя: трэба нешта рабіць — і хутка. Вось я і рабіў хутка, што мог.

Ведаеце, было фізічнае адчуванне: яшчэ трохі — і Беларусь знікне. Беларускія тэксты проста не будзе каму чытаць. Я паспрабаваў пазмагацца за тое, каб гэта змяніць.

Ёсць метафізічныя, сакральныя рэчы, якія больш важныя за ўсё матэрыяльнае. Для мяне яны, паміж іншым, у тым, як я дыхаю, як беларусы дыхаюць словамі. У беларускай мове закладзеная наймагутная энергетыка — і яна не скарыстаная. Не скарыстаць яе, не выпісаць уласна беларускія, кодавыя знакі — проста злачынства.

Аляксей Кароль: Паэт і палітык — калі твой уплыў ты бачыш большым?

Уладзімір Някляеў: Уплыў праз палітыку, на жаль, непараўнальна большы, чым праз літаратуру. Гэта звязана з тым, пра што я сказаў раней, са стратамі. І дагэтуль у людзей, якія чыталі тое, што я напісаў, ёсць агульнае з Лукашэнкам чаканне: калі ў Някляева пройдзе дурата, і ён пачне зноў пісаць песні? І шчыра ж кажуць: апроч вас ёсць у палітыцы Саннікау, Мілінкевіч, Калякін... На што я кажу: дык і ў літаратуры, апроч мяне, хапае народу.

Аляксей Кароль: Прысутнасць у палітыцы забівае паэзію?

Уладзімір Някляеў: Ой, гэта катастрофа — наяўнасць у мазгах палітыкі дзённа і ночна. Ёсць людзі, у якіх галовы арганізаваныя, як кампутар: ёсць дыск D і C, і яны ніяк адзін аднаму не замінаюць. А ў мяне адна мазгаўня, і, каб пераключыцца з палітыкі на літаратуру, мне трэба вытрасці з галавы ўсё, што там нагрувашчана. На гэта трэба час. Але што шкадаваць: не вядома, ці здолеў бы я за гэты час напісаць тыя тэксты, што хацеў. Усё ж у мяне ёсць нейкі час уначы. Я цяпер вярнуўся да таго рэжыму, што быў у мяне ў маладосці, не думаў, што ў маім узросце магчыма спаць па тры-чатыры гадзіны. Мы не ведаем сваіх магчымасцяў. Калі нешта трэба, то чалавек здольны на многае.

Прозу яшчэ магу пісаць паралельна з палітыкай, а што да паэзіі, то з палітыкай яна не перамешваецца. Хіба толькі ў турме напісаў паэму і вершы.

Аляксей Кароль: І калі выйдзе з друку паэма?


Уладзімір Някляеў:
Я не спяшаюся. Хачу, каб у кнізе былі вершы, паэма, дзённікавыя запісы. І вельмі хораша на гэта кладуцца лісты да жонкі. Але жонка ніяк не пагаджаецца. Кажа: не, мой дарагі, не збіраюся я дзеля тваіх літаратурных прэтэнзій выварочваць інтымнае.

Аляксей Кароль: Якія асабістыя страты і набыткі адчуваеш пасля таго, як злучыў у адной асобе паэта і палітыка?

Уладзімір Някляеў: Набыў, што набыў: кайданкі і турму. У палітыцы нешта набыць можна толькі тады, як пераможаш. У астатнім гэта шлях стратаў. Дзякуй Богу, мне пашчасціла, што ў крэўным асяродку мяне не падверглі астракізму. Ні дзеці, ні жонка не паківалі мне пальцам за гэта. Калі адказваеш за сябе, гэта адзін стан, а калі яшчэ і за іншых... Учора вось тройчы прыходзілі да нас “супрацоўнікі, і не можаш жа ім дзверы не адчыніць. Але сяброў я страціў шмат, прычым такіх, якія, здавалася, на ўсё жыццё. Гэты факт найбольш сумны ў чалавечым плане. Не былі, значыць, яны сябрамі. Прычыны простыя: страх, асцярога, што з імі можа нешта здарыцца праз тое, што са мною маюць зносіны. Хто працаваў у дзяржаўных структурах, адскочылі яшчэ ў 1999 годзе, а цяпер і найбольш стойкіх ветрам здзьмула. Але, з іншага боку, небасхіл ачысціўся.

Калі сябра трапляе ў турму, дастаткова спытацца ў жонкі, ці ёсць грошы на хлеб. Гэтага дастаткова, каб пацвердзіць свае адносіны. Калі мы не будзем ва ўсім ставіць на першае месца чалавека, пра што нам, ёлкі-маталкі, прапісана ў Нагорнай пропаведзі, нічога не будзе.

А ўсё астатняе… Я гатовы быў і разумеў, што мяне чакае. Па-сутнасці, я зрабіў некалькі памылак, і адна з іх вельмі вялікая. Гэта палітычная памылка, відаць, была абумоўленая маёй палітычнай недасведчанасцю. Я паверыў, бо надта актыўнай была палітычная праца ў будаванні мосту, пантону з Еўрасаюзам, якую праводзілі Міністэрства замежных спраў і Адміністрацыя прэзідэнта. Уся беларуская палітыка была скіраваная на будаўніцтва гэтага моста, я даволі падрабязна ведаў, што адбываецца ў гэтым кірунку. І прыйшоў да высновы, што сам сабе падкласці міну пад гэты мост Лукашэнка не можа. У выніку я не стаў клапаціцца пра бяспеку так, як было б варта. Гэта была самая істотная памылка, якая не дала рэалізаваць нам задуманае на Плошчы. На сённяшні дзень гэта самая пакутлівая для мяне рэч. Яна цяжкая яшчэ і таму, што я не шкадавальшчык па мінуламу, не вяртаюся назад. Дзве прычыны, з якіх я застаўся ў палітыцы. Многа людзей падпісаліся, прыйшлі на Плошчу, і сказаць ім: “Ведаеце, я трошкі пазаймаўся палітыкаю, а цяпер бывайце здаровы, пайду песні пісаць, — не выпадае.

Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў (справа) i Зміцер Вайцюшкевіч (злева) напікеце пад час выбарчай кампаніі



Аляксей Кароль: Першая прычына — дзяжурная, на яе многія палітыкі спасылаліся, а ў выніку сыходзілі, і электарат не бедаваў.

Уладзімір Някляеў: Размова не пра электарат, а пра канкрэтных людзей, якія прыходзілі да маёй жонкі і прыносілі слоік варэння ці кавалачак каўбасы. Лёгка любіць увесь свет і ўвесь электарат. Але толькі канкрэтныя людзі ведаюць, любіш ты іх насамрэч ці не.

Сёння мне сумна ў палітыцы. Я — чалавек Плошчы, стадыёна, прасторы. Палітычныя пасядзелкі, размовы аб шляхах дэмакратызацыі, офісная палітыка — гэта не для мяне. А нехта, наадварот, у гэтым як рыба ў вадзе. Устрапянуліся, паплылі, і з таго боку такія самыя карасі плывуць. У гэтым сэнсе ў літаратуры мне весялей.

Аляксей Кароль: Паэтычны дар уплывае на маральнасць у палітыцы?

Уладзімір Някляеў: Безумоўна, уплывае, бо палітыка — рэч амаральная. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то ў барацьбе за ўладу размовы пра мараль няма. Палітыка — жорсткая рэч, у якой ёсць сродкі і мэта, тое, што ты паэт і прытрымліваешся выпрацаваных нормаў, замінае. Мы б паўсюль мелі лагеры і канцлагеры, калі б не было выпрацавана стрымліваючых інструментаў. І ўсе людзі ў гэтым аднолькавыя. Лукашэнка хацеў бы зрабіць тое, што Сталін, але не можа. Я кажу пра тое, што ўсякія рэфлексіі — філасофскія, гістарычныя — не могуць табе дапамагаць у занятках палітыкай. Іншая справа, што я не ўладалюбівы чалавек і камандаваць мне ніколі не прыносіла задавальнення. Праз гэта маю ўнутраны дыскамфорт: паводле сваёй сутнасці я б напляваў на ўладу, але, калі займаюся палітыкай, мушу да яе імкнуцца. У гэтым сэнсе я прайграю “чыстым палітыкам. Праўда, у адносінах з людзьмі, якія прыходзілі да мяне на сустрэчы, гэта моцна дапамагала. “Мае людзі выходзілі з залі з нейкім адчуваннем катарсісу, тое, чаго я заўсёды дамагаўся, хацеў, каб эмоцыя дайшла. І вось гэта дапамагае ў палітыцы.

Андрэй Расінскі: Беларусь як такую пачалі ствараць паэты. А цяпер паэт прыйшоў у палітыку, ці не запозна?

Уладзімір Някляеў: Я прыйшоў, бо думаў, што вырашу пытанне ўлады на гэтых выбарах. Нібыта ўсё было — і ў сабе, і звонку. Прычына паразы — палітычная памылка. І, да слова, той год я пражыў не як паэт, а як палітык і рабіў практычна ўсё, каб перамагчы. А тое, што вы звязалі мяне з асобамі, якія распачыналі беларушчыну, то гэта з простай прычыны — вы пра гэта ведаеце. Я неаднаразова распавядаў пра фарміраванне нацыянальная ідэі. Раней гэта выклікала цікаўнасць, а цяпер пытаюцца, колькі будзе грошай. Змяніўся наш люд.

Вольга Хвоін: Вы — тэатр аднаго актора, асобны чалавек стадыёна. А ў палітыцы акурат мусіць быць персона крыху іншага складу — дамоваздольная, якая ўмее ісці на кампрамісы, угоды, у тым ліку з сумленнем. У вас няма адчування, што вы не на сваім месцы?

Уладзімір Някляеў: Гэта першае, што мне ўсе хочуць давесці. Калі б я не ведаў, што насамрэч адбываецца ў гэтай палітыцы і як мы дасягаем гэтай самай еднасці, калі б быў перакананы, што як Някляеў сігане з палітыкі, так усе абдымуцца і разам — без мяне — адразу дойдуць да светлай мэты, дык толькі б мяне і бачылі. Але гэта не так. Някляеў сёння не прычына раздору, а апраўданне. От, у нас усе грады акучаны, ведаем, чым паліваць, а ён прыпёрся і нарабіў дзялоў, сродкі пазабіраў. Але я нікому не замінаў і праграму распрацаваць, і сродкі знайсці.

Праблема ў іншым, палітыкі таксама жывыя людзі, якія падпарадкаваныя тым жа эмоцыям і рэакцыям. Чалавек усёй сваёй істотаю скіраваны на перамогі. І ад поспеху да поспеху ён акрыляецца. Помню, як ішоў ад кніжкі да кніжкі — выйшла першая, я стаў на яе і вось ужо далей бачу. А беларуская апазіцыя ад 1991 года не мела перамог. Гэта прывяло да страшэннай падаўленасці, і ў такім стане людзі займаюцца тым, што ўвесь час шукаюць вінаватых. Гэта пошукі апраўдання сабе. І заўважце, я ніколі ні пра каго з апазіцыі не сказаў кепскага слова. Ні тут, ні ў Брусэлі ці Берліне. Для мяне ясна адно: ён на гэтым жа баку, што і я. У тым, што не дасягнуў поспеху на Плошчы, вінаваты сам. Не хацелася пра гэта гаварыць: тое, што сталася на Плошчы, было шмат у чым абумоўлена недахопам сродкаў. А сродкаў не хапіла, бо людзі, якія цяпер гавораць, што ў іх няма згоды праз Някляева, правялі вялікую працу. Але зноў жа, як бы там ні было, я мяркую, што мы маем не самых горшых палітыкаў. Проста пераламаць сітуацыю яны не могуць у тым ліку і таму, што іх не падтрымлівае грамадства. Бо грамадству нават у часы крызісу больш імпануе тое, што прапануюць улады. Пакуль што. І цяпер я займаюся чым? Тым, каб прапанаваць грамадству альтэрнатыву. Такую, каб грамадства не змагло ад яе адмовіцца. А гэта не толькі 9 мільярдаў долараў.

Аляксей Кароль: Я б хацеў удакладніць: ёсць апазіцыя, якая ёсць, іншай яна не можа быць ва ўмовах пастаяннага ціску з прымяненнем рэпрэсій, адсутнасці палітычнага градуса ў грамадстве, слабасці нацыянальнай эліты. Але ёсць відавочнае — разуменне, што дзяліць няма чаго. І тым не менш аб’яднання не адбываецца, сабрацца і дамовіцца ў палітыкаў не атрымліваецца. Чаму?

Уладзімір Някляеў: Бо не хочуць на сённяшні дзень далучацца да чужых ініцыятыў. Я стаю на прынцыпе: калі які заўгодна рух пачынае дзейнасць, усе мусяць далучацца, стаяць на адной платформе і рабіць адно. Але хто ініцыяваў, той і робіць, а астатнія назіраюць. Патрабаванні, якія вылучае апазіцыя, не знаходзяць веры сярод людзей: уладай гэта не будзе выканана. Я даводжу на ўсіх сходах: сканчайце крэатыўнічаць і выдумляць. Мусіць быць пастаўленая мэта — змена ўлады, і тады ўсе патрабаванні будуць выкананыя.

Не ўсё так проста і ў самой апазіцыі. Калі мы выпрацоўвалі план перад выбарамі, я не ведаў, каму гэта магу паказаць без асцярогі, што агучанае застанецца паміж мною і тым чалавекам. Я прапаноўваў іншым аб’яднацца вакол сілы, якая можа правесці кампанію, бо мае рэсурс. І што зрабіў Лукашэнка? Зарэгістраваў дзевяць кандыдатаў, што ў выніку моцна спрацавала супраць той альтэрнатывы, якую я зараз агучыў.

Я меркаваў, што на трэці дзень на Плошчы было б тысяч дзвесце людзей. Ёсць палітыкі, якія мне даводзяць, што я ідыёт, бо не мог не разумець — план правакацыі на Плошчы даўно быў прыдуманы на Лубянцы. Думаю, не. Усё ўзнікла спантанна ў момант, калі Лукашэнка адчуў небяспеку ад таго, як могуць развівацца падзеі. Іншага выратавання, апроч як брутальна разагнаць людзей, у яго не было. Мы не збіраліся трымаць людзей усю ноч. Усё мусіла адбыцца вельмі хутка: праводзім сход на плошчы Кастрычніцкай, абіраем камітэт за выбары без Лукашэнкі, гэтую паперчыну нясём да дома Урада і распускаем людзей. На заўтра людзі прыйшлі б за адказам, калі б былі не пабітыя. Практыка паказвае, што ў такім выпадку прыходзіць удвая больш людзей. На Плошчы заставалася б паўтары тысячы чалавек, гэта мы маглі б забяспечыць. І хаця я ўсё імкнуўся захаваць у таямніцы, у КДБ мне паказалі гэты план. Маўляў, думаеце, што вы вялікі сакрэтчык, то ў нас ёсць яшчэ большыя сакрэтчыкі.

Вольга Хвоін: Колькі людзей ведала план?


Уладзімір Някляеў: (задумваецца, усміхаецца) Дастаткова, каб узніклі падазрэнні, што нехта з іх здаў.

Аксана Колб: Ёсць Някляеў-паэт, які збіраў стадыёны. А ці можна чакаць гэтага ад Някляева-палітыка?


Уладзімір Някляеў:
(паўза) Можна...

Аляксей Кароль: Што цяпер адбываецца з кампаніяй “За праўду!?

Уладзімір Някляеў: Па-сутнасці, толькі дзве структуры ў рэгіёнах не аднавіліся, бо іх кіраўнікі з’ехалі за мяжу. Калі людзі займаліся нечым маштабным, то потым яны не хочуць рабіць руцінныя справы. І я не хачу гэтага. Як я бачу сітуацыю сёння: калі ўсё будзе цягнуцца “не гарыць, не тлее, то можам зноў выйсці. Трэба, каб Еўрасаюз і мы самі падтрымлівалі нейкі рух. Не дай Бог нам зноў упасці ў спячку да чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

Вольга Хвоін: Я так разумею, што вы звязваеце ўсплёск палітычнай актыўнасці з парламенцкімі выбарамі, маеце намер самі балатавацца?

Уладзімір Някляеў: Чамусьці ўсе разумеюць удзел як абавязковую ўмову балатавацца. Парламенцкія выбары даюць масу варыянтаў. Але скарыстоўваць гэтую палітычную сітуацыю мы мусім. Калі б я сядзеў у турме, то, безумоўна, займаў бы такую ж пазіцыю, як Саннікаў і Статкевіч: ніякіх выбараў і перамоў з уладаю. Гэта натуральна. Але калі ты тут і разумееш, што інструментаў, каб вырашыць пытанне ўлады сёння і адразу няма, то трэба шукаць нейкія іншыя спосабы. У тым ліку і спробы размаўляць — гэта палітыка, бадай яе…

Аляксей Кароль: Ці магчыма ўсё ж пэўнае адзінства дзеянняў у бліжэйшы час, пры тым, што саспяваюць пратэстныя настроі?

Уладзімір Някляеў: Як я адчуваю сітуацыю, палітыкі прыйшлі да гэтага. Ні на адной сустрэчы падчас саміту “Усходняга партнёрства паміж намі не было збою ў агульным пасыле. З часу падаўлення снежаньскай акцыі ўсё істотна зрушылася, таму мне падаецца — гэта магчыма. Мяркую, у гэтым месяцы выпусцяць яшчэ некага са спісу палітвязняў, а да Новага года астатніх, інакш сэнсу ва ўсім гэтым няма. Калі вызвалення палітвязняў не адбудзецца, то з боку ЕС будуць уведзеныя рэальныя эканамічныя санкцыі. Чаму цяпер не разагналі Народны сход? Цяпер тут камісія МВФ, і менавіта гэта стрымлівае ўлады, бо МВФ  будзе звяртаць увагу не толькі на эканамічныя аспекты.
 

Каментаваць