Уладзімір Някляеў: «Ці будзе прэмія, ці будзе турма...»

У дні, калі судзілі будучага нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага, Ганна Ахматава заўважыла, што ўлада не разумее, што тым самым «нашаму рыжаму робіць біяграфію».



Гэты бліскучы афарызм прыгадаўся адразу, як толькі стала вядома, што прэзентацыя новага рамана Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» можа быць сарваная.

Яна павінна была адбыцца падчас ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша на стэндзе пасольства Польшчы ў Беларусі, бо Някляеў — адзін з намінантаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца. Зрэшты, прэзентацыя хоць і распачалася, але ў хуткім часе, пасля другога патрабавання чалавека «ў цывільным» (звяртаўся ён да Андрэя Хадановіча, вядучага гэтай імпрэзы), самім Някляевым была спыненая — каб не даводзіць напружаную сітуацыю да драматычнай развязкі.

Невялічкая аўтограф-сесія (зрэшты, новую кнігу чытачы практычна не ўбачылі, апроч тых трох экзэмпляраў, што падараваў сам аўтар «Аўтамата з газіроўкай…»), некалькі інтэрв’ю, і Някляеў, адзін з найлепшых сучасных беларускіх пісьменнікаў, быў вымушаны пакінуць выставу. Пакідаў у той час, калі выступалі ўжо іншыя — тыя, чые імёны застануцца ў гісторыі беларускай літаратуры бадай толькі ў каментарыях да Някляеўскіх твораў.

— Уладзімір Пракопавіч, наколькі ведаю, ідэя прэзентацыі рамана «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» сыходзіла не ад вас?

— Сам я, разумеючы няпростасць сітуацыі, якая можа скласціся, ні пра якую прэзентацыю не думаў… Бачыш, нават рыфмуецца: прэзентацыя-сітуацыя. Якая сітуацыя — такая прэзентацыя. (Усміхаецца.) Аднак лёс твора пасля таго, як ён напісаны, залежыць ужо не ад цябе. Ад выдаўцоў, распаўсюднікаў, а ўрэшце — ад чытачоў. Дзеля іх журы конкурсу на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца, у лонг-ліст якой патрапіў раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»,  і наладзіла прэзентацыю рамана на Міжнароднай кніжнай выставе. Дакладней, паспрабавала наладзіць, бо як толькі інфармацыя пра гэта з’явілася ў СМІ, з боку ўлады пачаліся захады, скіраваныя на тое, каб прэзентацыю сарваць, забараніць. І ёй гэта ўдалося — хто б меў сумнеў... Тым самым ёй удалося яшчэ раз паказаць сябе перад светам уладай дзікунскай не толькі ў палітыцы, але і ў культуры. На выставе побач са стэндам Польшчы, дзе павінна была адбыцца прэзентацыя рамана, стэнды ЗША, Італіі, іншых краін, выдаўцы з якіх, гледзячы на тое, што адбывалася, проста вачам сваім не верылі. Усё жыццё займаючыся кніжным бізнэсам, яны ўявіць не маглі такога, каб з выставы выганялі аўтара, не дазвалялі выставіць ягоныя кнігі. Для чаго і для каго тады выстава? Для чыноўнікаў, якія і сарвалі прэзентацыю, ці то выконваючы загад, ці то праявіўшы ўласную ініцыятыву?..

— З падобнай дзікунскай рэакцыяй улады вы, здаецца, сутыкаецеся ўпершыню — нават з вашым раманам «Лабух» такога не было…

— З «Лабухам» так не было, бо я наўпрост тады яшчэ не займаўся палітыкай. Усё, што адбылося на Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску з раманам «Аўтамат з газіроўкай...», да самога рамана не мае ніякага дачынення, ніяк не звязана з літаратурай. Выключна з палітыкай. І яшчэ з дуратой. Паслужлівыя дурні — праблема значна большая за праблему кепскіх дарог. У нас яна, гэтая праблема, паглыбляецца яшчэ і тым, што сама сённяшняя ўлада паслужлівых дурняў і прадукуе. Нават калі ў яе трапляе нармальны чалавек, перад ім вельмі хутка паўстае дылема: ці сыходзіць, ці разам з усімі ў падкіднога гуляць. Бо інакш ён хто? Надта разумны? Разумнейшы за само ўвасабленне дзяржаўнага розуму? Што ж, тады давайце пабачым, што мы маем на нашага разумніка ў сабраным на яго дасье... О, якая тут літаратура! Куды там нейкаму раману пра аўтамат з газіроўкай...

— Ваш раман, па-мойму, яшчэ і пра ўладу. Таму, можа быць, і такая рэзкая рэакцыя...

— Ды няма там нічога такога, каб гэтак рэагаваць! Брутальна.

Калі да брутальнасці ў палітыцы хочаш — не хочаш, а звыкаеш, проста яна ёсць такая, якая ёсць, і нямашака іншай, дык да брутальнасці ў больш тонка арганізаваных рэчах, у той жа літаратуры, — не звыкнуць ніяк. Дый звыкаць нельга... Зрэшты, нельга да такога звыкаць і ў палітыцы. Ні ў чым. Адна з нашых праблем менавіта ў тым, што мы да ўсяго звыклі. Да хамства, пошасці, ідыятызму... Невыпадкова ў рамане ёсць частка пра жыццё ў дурдоме. Наколькі вясёлае, настолькі трагічнае.

Ведаеш, займаючыся адначасова літаратурай і палітыкай, я ўсё ж займеў унікальны досвед. Вось з яго і стаўся менскі раман — і яшчэ нешта станецца. Калі Бог дасць.

— Пакуль Бог даў тое, што ваша новая кніга ўжо займела сваю біяграфію, свой адметны лёс.

— Так... І Бог спрычыніў да гэтага Міністэрства інфармацыі. (Смяецца). На выставе тысячы кніг і сотні аўтараў, а яно, міністэрства, выбрала кнігу Някляева. Што ж, няхай чытае... Хоць калі я пісаў раман, я рабіў гэта не для некага, а выключна для сябе. Літаратура — занятак, ад якога не хачу нічога і нічога не чакаю, апроч самога занятку. Бо ён адзіны, ад якога маю асалоду. Палітыка ж — праз самапрымус, праз сілу. Зрэшты, большасць людзей праз сілу і жывуць. Робячы выгляд, што нешта любяць, з некім сябруюць, некага кахаюць. Не сябруючы і не кахаючы, блізка не ведаючы, што гэта такое. І нават не ўсведамляючы, што не ведаюць гэтага. Менавіта ў імітацыі жыцця, у падробках пад жыццё ці не ўсе чалавечыя драмы і ці не ўсе камедыі... Пра гэта я, а канкрэтна пра падробку кахання, некалі паэму напісаў. «Маланка» паэма называецца...

— А Ваш раман — гэта, калі вызначаць жанрава, што?

— Бадай, меладрама. Я люблю, як жанр, меладраму — і спакойна ў тым прызнаюся.

Не варта ў жыцці прыкідваецца. Піць каву, калі яе не любіш. Бо нехта ў гэты час вып’е тваю гарбату з тваім любімым сунічным сочывам.

— А гэтакім сунічным сочывам хіба не з’яўляюцца для пісьменніка ўзнагароды, прэміі за напісаныя творы? Вось Марыя Мартысевіч піша ў рэцэнзіі на ваш раман: «Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца варта было прыдумаць хоць бы для таго, каб Уладзімір Някляеў напісаў свой другі раман».

— Марыя Мартысевіч напісала выкшталцоную рэцэнзію, якая выкшталцоная найперш тым, што яна не столькі рэцэнзія, колькі гэтакае лятучае эсэ з нагоды з’яўлення менскага рамана, але тады, калі я пачынаў раман, пра прэмію імя Гедройца не было і размовы...

Не стану казаць, што да таго, як ацэньваецца напісанае мной, я зусім абыякавы. Гэта была б поза, няпраўда. Калі твой твор выходзіць, што называецца, у людзі, то, безумоўна, мае значэнне, што пра яго людзі скажуць. Як ацэняць, адзначаць. «Павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой...» — як пісаў Уладзімір Караткевіч, які стаў, між іншым, адным з персанажаў менскага рамана. І тым не менш ніякія знешнія праявы, звязаныя з той ці іншай кнігай, няхай нават яны спрэс узнагародна-прэміяльныя, — нішто ў параўнанні з унутранымі адчуваннямі ў імгненні стварэння... Я пішу менавіта дзеля такіх імгненняў — і пішу толькі тады, калі гэтак сябе ў тых імгненнях адчуваю. Не пачуваюся так — не пішу. І не да галавы мне, калі пішу, што будзе з напісаным. Ці будзе прэмія, ці будзе турма. Тым больш, што ўсё ўжо было. Дык што там нейкая сарваная прэзентацыя... Таму пастараўся аднесціся як мага болей стрымана да таго, што адбылося на Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску.  

— Як сведка, магу сказаць, што вам гэта ўдалося. У адрозненне ад арганізатараў выставы, вы паводзілі сябе годна. Хоць, здавалася, блізка ўжо было да бойкі...

— Вось-вось, мне назаўтра Уладзімір Падгол патэлефанаваў і спытаў, чаму я не бараніў сваё права быць на выставе больш рашуча? Не біўся... Якая бойка? Стаць гэткім жа, як яны?.. Ты ж бачыў: там яшчэ трохі — і пачалося б... А гэта ж не вуліца, не завуголле. Нельга было дапусціць, каб да таго, што мне дарагое, а менскі раман для мяне дарагі, хоць неяк прыляпілася брыда.

— У звязку з вашай гісторыяй прыгадваецца лёс гарадзенскага гісторыка Барыса Клейна, сябра Васіля Быкава: калі на пачатку 1970-х ён адмовіўся ўдзельнічаць у антысеміцкай кампаніі, дык у выніку быў не толькі звольнены з працы і пазбаўлены вучонай ступені і звання — нават з Гародні яму не дазволілі з’ехаць. «Паколькі ў мяне ўсё ўжо аднялі, я вам тут больш без патрэбы», — даводзіў Клейн сакратару Гарадзенскага абкама, але той запярэчыў: «Не, патрэбны. Вы будзеце маячыць на гарадзенскіх вуліцах як цень. Каб усе бачылі, які лёс чакае таго, хто пойдзе супраць нас». Не думаеце, што з вас таксама спрабуюць зрабіць падобны «цень»?

— Розныя ёсць людзі — і розныя ёсць цені. Напрыклад, цень бацькі Гамлета...

Адразу пасля таго, як была, скажам так, падаўленая наша прэзентацыя, пачалася прэзентацыя іншая — з удзелам праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Не выключаю, што якраз для таго, каб паказаць: вось яны, правільныя, чэсныя пісьменнікі — і ўсё ў іх добра. Сталы, крэслы, гукаўзмацняльная апаратура... (Усміхаецца). Не шчасціць мне з гукаўзмацняльнай апаратурай... Перад Плошчай пабілі, на прэзентацыі адключылі... А на стэндзе правільных пісьменнікаў хацелі нам з табой паказаць: калі будзеце служыць, дык не будуць ні біць, не адключаць. Чуў, як яны галёкалі пра дасягненні?.. (Усміхаецца.)

— Мяркую, Уладзімір Пракопавіч, іх прэзентацыя адразу пасля сарванай вашай — гэта ўсё ж сімвалічнае супадзенне.

— Лічыш, што сцэнар такі ім не прыдумаць? Не цягнуць на такое «дасягненне?..» (Усміхаецца.) Ну, сыдземся на тым, што гэта была сімволіка. Дык вось сімвалічна ўяві: я ў тым шэрагу. Паперадзе. Усіх саюзаў старшыня і ўсіх прэміяў лаўрэат. Ды яшчэ ў генеральскіх пагонах. (Доўга маўчыць). Жах...

— Але вы не адказалі: не баіцеся, што з вас паспрабуюць зрабіць усяго толькі цень?

— «Жах» і ёсць адказ на тое, пра што ты спытаў... Яны і ёсць цені. І тое ж магло быць са мной? Ці не? Пэўна, не магло, калі не сталася...

А што да таго, што сталася, дык мяне даўно ў цень загнаць спрабуюць. З усіх спісаў павыкрэслівалі. Творы павыключалі з інстытуцкіх праграм, кнігі паздымалі з паліцаў школьных бібліятэк. Нават калі песні на мае вершы спяваюць, імя аўтара не называюць. Маўляў, народныя... Як, скажам, «Гуляць дык гуляць». Дык гэта ж гонар! Не кожны дажывае да такога, каб пры жыцці…

— Фальклорам стаць...

— Хай сабе так… (Смяецца.) Так што тут для мяне няма нічога страшнага — я звык фармальна, афіцыйна як бы не быць. Хоць перажываў праз гэта, калі праўду казаць, і ў пачатку — даволі востра.

У старажытных грэкаў існавала такое пакаранне: неўпамінанне. Быў астракізм — і было неўпамінанне: чалавека проста пераставалі называць. Вось ён ёсць — і нібыта яго няма. Як табе такое?.. Не кожны вытрывае...

Зразумела, я ўсяляк гэтаму процідзейнічаў. Што ж мне, жывому, паміраць? Палітыкай заняўшыся, не кінуў пісаць. І, па-мойму, не згубіў свайго чытача. Ва ўсялякім выпадку, усе мае кнігі разляталіся імгненна. «Лабух», «Так», «Цэнтр Еўропы», «Кон», «Паэмы», «Лісты да Волі». Спадзяюся, тое самае будзе і з «Аўтаматам з газіроўкай…»

— Прыгадваецца, што вядомы расійскі драматург і бард Юлій Кім, які, як і вы, прайшоў і праз вобшукі, і допыты ў КДБ, на працягу ажно шаснаццаці гадоў быў вымушаны пісаць пад псеўданімам Ю. Міхайлаў.

Да таго ж у звязку з тым, пра што вы зараз казалі, хацеў бы прывесці адну філасофскую сентэнцыю Іосіфа Бродскага, які зноў жа неаднойчы быў арыштаваны, прайшоў праз КДБ, быў асуджаны, а пазней проста выпхнуты з краіны. Дык вось Бродскі неяк заўважыў, што мы не разумеем адной простай рэчы: часовае мы прымаем за пастаяннае.

— Так, але гэтае часовае мы прымаем за пастаяннае невыпадкова, бо яно і ёсцека нашае жыццё. Вось гэтае імгненне і тыя гады, якія мы з табой знаёмыя і якіх ужо амаль дваццаць, гэта пастаяннае ці часовае?..

— Калі з пункту гледжання вечнасці…

— Каму вечнасць, а каму недарэчнасць. Чакаць яшчэ дваццаць гадоў, калі гэта часовае сыдзе?..

Я, канешне, разумею, пра што гаворка. Мне шкада страчанага «часовага» часу, але я не мог яго не страціць. Інакш бы не адбылася мая жыццёвая гісторыя, якая адбывалася менавіта ў гэтакім, у страчаным часе. Інакш нельга, ніхто яшчэ не прыдумаў: як у часе жыць і яго страчваць. Не займацца драбязой? Рабіць кожны дзень, як раіць Біл Гейц (і сцвярджае, што гэтак і робіць, у чым я маю вялікі сумнеў), толькі тое, што рабіў бы ў апошні дзень жыцця? А што ў свой апошні дзень кожны з нас мусіць рабіць? Нехта будзе Богу маліцца, а нехта — д’ябла шукаць, каб з ім дамову падпісаць. Дык вось і з таго, і з іншага, і з усяго астатняга можна ствараць літаратуру, і менавіта гэты занятак ёсць для мяне тым, што ператварае часовае ў, як ты кажаш, пастаяннае.

Фота аўтара

Абмеркаванне:

  • Мікалай
  • 2013-02-16 03:20:17
Дзякую за цікавую размову пану Шапрану! Шаноўны Уладзімір Пракопавіч, я прычытаў ваш раман і мне вельмі ён спадабаўся. Дзякую за вашу творчасць, і грамадскую пазіцыю.

Каментаваць