Уладзімір Някляеў: «Як палёт ластаўкі над вадой»

«Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» Уладзіміра Някляева адразу прыцягнуў да сябе ўвагу. Пра раман, палітыку, літаратуру і жыццё з Уладзімірам Някляевым размаўляе Сяргей Шапран. НЧ прадстаўляе скарочаны варыянт размовы. Цалкам інтэрв’ю будзе апублікавана ў часопісе “Абажур”.

 



— Напісаўшы значную частку твора яшчэ ў 2008–2009 гадах, вы пэўны час не ведалі, як яго завяршыць.

— Звычайна дапісваецца тое, што прадумана да эпізодаў у самым фінале. Не абавязкова падзеі і персанажы будуць такімі, якімі ты бачыў іх напачатку, але гэта ўжо іншая справа: твор і персанажы ягоныя пачынаюць карэктаваць аўтара, як бы ствараць самі сябе. Да прыкладу, галоўны герой менскага рамана ўжо ў задуме твора праходзіў праз турму. Мне трэба было правесці яго праз гэтае выпрабаванне, але як? За што, папросту кажучы, яго «пасадзіць»?..

— А тут само жыццё падказала.

— Так. Галоўнага героя менскага рамана яшчэ напачатку 1960-х гадоў павінны былі пасадзіць па сутнасці за тое, што ён не такі, як іншыя. Стыляга. Сёння гэта як апазіцыянер. «Пятая калона» ды ўсялякае такое. Праз тое ў 2010-м садзяць мяне самога — і яно стае прычынай зняволення майго галоўнага героя. Прычына ў корані тая самая, але яна ўзбуйнілася — і ўзбуйніла маштаб падзей, характараў.

— Аднак падобна, што напісанне рамана перапынялася не толькі з-за турмы?

— Так, не толькі. Творчасць патрабуе ўсяго цябе, ці ва ўсякім разе — усяго твайго часу. Вельмі шмат яго ў апошнія гады забірае ў мяне палітыка. Забірае, адрываючы ад пісьмовага стала — і тут што здараецца? Здараецца не толькі пярэрва ў часе, а пярэрва ў рытме, у знойдзенай, надыханай інтанацыі, да якой пасля пярэрвы вельмі цяжка вярнуцца. Героі нібы самастойна жывуць сваім жыццём. Я не змушаю іх рабіць абавязкова тое, што ў самым пачатку за іх прыдумаў, часцяком яны дзейнічаюць насуперак волі аўтара. Вось я меркаваў ускладніць унутраную драму галоўнага героя менскага рамана фізічнай блізкасцю з галоўнай гераіняй, хлапчука з маладой жанчынай, а ён успрацівіўся: «Гэтага хочаш ты, а не я...» І не ўдалося мне з ім дамовіцца, давялося напісанае выкінуць.

— «Аўтамат з газіроўкай…» стаўся раманам тады, калі ў творы з’явіўся другі план — менавіта падзеі снежня 2010-га — чэрвеня 2011 года зрабіліся своеасаблівым дахам над домам, які вы ніяк не маглі дабудаваць…

— Не, я ў любым выпадку не кінуў бы гэтую прозу. Яна ад пачатку задалася, адразу лёгка-лёгка пайшла. Я не люблю пісьма цяжкога — ні свайго, ні чужога. Мастацкая проза — гэта прыгожае пісьменства. Яна павінна выглядаць лёгка, ажурна, каб усё ляцела і пырскала фарбамі, каб чытач не знясільваўся, спрабуючы пранікнуць у сэнс таго, што ты напісаў. Гэта павінен быць палёт ластаўкі над вадой. Вось гэтага мне й хацелася дасягнуць у менскім рамане, які пачынаўся не так, як пачынаецца, праездам першага тралейбуса па праспекце, а размовай,  якую галоўны герой…

— Гэта значыцца вы.

— Ну, няхай сабе так. Флабэр казаў: «Мадам Бавары — гэта я», — а ў менскім рамане насамрэч шмат аўтабіяграфічнага, і пачынаўся ён размовай галоўнага героя і аўтамата з газіроўкай (які таксама адзін з герояў рамана) пра тое, што ў кожным часе свой пах, свае мелодыі, фарбы — і сонца ў кожным часе сваё. Сонца 1960-х гадоў — гэта не сонца 2010-х. Не скажу, што горшае за тое, якое было, але тое — асаблівае. Як асаблівыя тыя гукі, пахі, колеры, той пчаліны гуд у ліпах, звоны тых трамваяў, галасы тых людзей... І калі я нырнуў у аўру тых гадоў, мне захацелася даплыць ад берага да берага.

— А ці выпадкова ў рамане з’явіўся толькі адзін пісьменнік і ¾ менавіта Караткевіч? Бо тады, у 1960 годзе, уладарамі думак былі зусім іншыя літаратары, а Караткевіч толькі ўваходзіў у вялікую літаратуру…

— Не выпадкова. Уладзімір Караткевіч найпершы ў беларускай літаратуры стваральнік мітаў. Тым ён мне і дарагі.  Я спавядаю многія з тых падыходаў да жыцця, да людзей, да літаратуры, якія спавядаў ён. Скажам, я ніколі не чуў, каб ён некага без дай прычыны прынізіў. Каб пра нешта вартае адазваўся паблажліва. І ў ягоных творах відаць, як ён кожнага прыстойнага чалавека падымае на максімальна магчымую для таго чалавека вышыню. Ён любуецца такімі людзьмі, калі выпісвае іх. Па сутнасці, ён паспрыяў узнікненню цікавасці да гісторыі і ўзнікненню беларускіх гісторыкаў, якія, адчуўшы, што выклікаюць цікавасць у чытача, сталі пісаць так, каб гэта было цікава.

З’яўленне Караткевіча ў менскім рамане адпавядае чаканням галоўнага героя, пятнаццацігадовага хлопчыка з ягонымі ўяўленням пра тое, якой павінна быць літаратура ў краіне, дзе ён жыве, якімі павінны быць літаратары і як яны павінны пісаць, каб гэты хлопчык зразумеў, у якой прасторы, у якім часе ён жыве, што тут ёсць каштоўнасць, а што — брыда.

— Вельмі добра выпісаны ў рамане эпізод у Саюзе пісьменнікаў — з літкансультантамі, Кімам Сысоем і Уладзімірам Караткевічам, хоць зразумела, што эпізод — цалкам прыдуманы…

— Ты так мяркуеш?.. А паэт Анатоль Вярцінскі, які прыблізна ў той час якраз і быў літкансультантам Саюза пісьменнікаў, прачытаў гэты эпізод як спісаны з натуры. Ну, амаль... Спытаў: «Мяне ж там няма, праўда?» (Смяецца.) Ён самы першы патэлефанаваў, прачытаўшы раман у «Дзеяслове». І як пачаў? «Ведаеш, што я табе скажу? Збылася мара Алеся Адамовіча пра звышлітаратуру!..» Падазраю, што Вярцінскі такі камплімент пракінуў, бо ўсё ж ён ёсць у рамане. Верш свой чытае, які я вельмі люблю:

«Спартак, Спартак! Героі ўсіх эпох!

Ці не такі быў лёс ваш у фінале:

Як нехта моцна спаў, вас распіналі,

Вы ціха на крыжы сваім каналі,

І білася жанчына каля ног!»

Гэта якраз у стылістыцы 1960-х гадоў. Я таму й скарыстаў верш Вярцінскага пра Спартака, што ён цалкам супадае з тым часам.

Дарэчы, у менскім рамане і Рыгор Барадулін чытае свае вершы…

— Я яго і не прызнаў. Гэта той студэнт-філфакавец, які ад гэбіста ў тэатр збег?

— Так, які збег у тэатр. А не прызнаў ты Барадуліна, бо ён чытае верш, якога ты не ведаеш. Я папрасіў яго напісаць што-небудзь наўмысна для рамана. Спытаў: «Ты ж не пісаў антысавецкія вершы ў 1960-я гады?» — «Не, — кажа, — не пісаў». — «Дык напішы цяпер».  Не прайшло і паўдня, як Барадулін (смяецца) тэлефануе і чытае:

Рахманыя, няўпартыя,

Мы ўсе — адзін калгас.

Кіруе намі партыя

І думае за нас…

З гэтым вершам я і паставіў Рыгора Барадуліна на прыступкі Тэатра юнага гледача ў 1962 годзе. Хоць, калі быць дакладным, дык вершы звычайна чыталіся там, дзе цяпер кінатэатр «Піянер» — з боку лялечнага тэатра. Але адна рэч, калі вершы чытаюцца ў нейкім закутку, і зусім іншая — пад антычнымі калонамі. Зусім іншая прастора — і ёсць куды схаваць таго філфакаўца, які збег. Я ж не дакументальны раман пісаў.

Вось гэта хачу падкрэсліць: раман не дакументальны. І няма чаго шукаць: так — не так, было — не было. Магло зусім не быць нічога, а  магло быць не толькі тое, пра што напісана.

— Як увогуле ўзнікла задума рамана?

— Я падумаў пра гэта ўпершыню яшчэ ў самым пачатку 2000-х гадоў, а канкрэтна — у 2001-м, калі прыехаў з Хельсінкі хаваць Кіма Хадзеева. Прыехаўшы, чакаў ўбачыць процьму народу, але там сабралася паўтара дзясяткі чалавек. Тады і зразумеў... — хоць разумець тут асабліва не было чаго — ...проста ўбачыў, як хутка змяніўся час, і як тыя, хто яшчэ ўчора быў валадаром думак, сёння адыходзяць — і ніхто пра іх ужо не памятае.

«Пришли другие времена,

Взошли иные имена».  

Падумаў: не, так з Кімам, з намі, з нашым часам не павінна быць. Але напісаць пра гэта ўсё рукі не даходзілі — іншае пісалася. Зноў прыехаў з Хельсінкі, ужо на пахаванне Быкава... Сустрэўся з Віктарам Ледзеневым, прапанаваў яму напісаць пра «антысавецкую групоўку Хадзеева». Ён жа таксама літаратар, дарэчы, не кепскі літаратар — і ў тую «групоўку» ўваходзіў. Віктар згадзіўся, нават пачаў нешта пісаць — не пайшло. І ні ў каго не пайшло — вось і давялося ўрэшце  ўзяцца за гэта мне. А ўсе ж «хадзееўцы» — пісучыя людзі...

Яны ўсе разам, не толькі Кім Хадзееў, моцна на мяне паўплывалі. І я пісаў раман так, як бы мы пісалі яго ўсе разам.

— У сувязі з пахаваннем Хадзеева прыгадваецца развітанне з Андрэем Вазнясенскім, якое Вы ў «Знаках прыпынку» згадвалі. Вы чакалі ўбачыць натоўп на вуліцы, але ўсе, хто прыйшоў развітацца, умясціліся ў Дом літаратара…

— Калі бачыў, як на стадыёне ў захапленні слухалі вершы дзесяць тысяч чалавек, дык чакаеш, што развітацца прыйдзе хоць бы дзясятая частка тых людзей — не памерлі ж яны. Ва ўсякім разе, не ўсе. Але, але, але... Яўген Яўтушэнка, з якім каля труны Вазнясенскага на сцэне Дома літаратара мы стаялі побач, сказаў мне ціха: «Когда нам придет пора, Володя, зал, наверное, вообще будет пустой». А ён жа таксама чытаў вершы на стадыёнах… Ну, а мне сёння нават у бібліятэцы выступіць не даюць — якія там стадыёны...

Між іншым, не далі мне выступіць з развітальным словам і на пахаванні Вазнясенскага. Сказалі: «От Белоруссии мы уже получили соболезнование президента Александра Григорьевича Лукашенко, так что вы, Владимир, нас поймите…»

Кім Хадзееў (у рамане вы далі яму мянушку Палкоўнік, гэта ці не адзіны беларускі дысідэнт, які аказаў вялікі ўплыў, між іншым, не толькі на вас) выпісаны даволі непрывабным чалавекам. Але калі ўзяць рэальнае жыццё, дык ці сапраўды ён застаўся ў вашай памяці такім?

— Па-першае, не я даў Хадзееву мянушку Палкоўнік — яна ў яго насамрэч была. Па-другое, не выглядае ён, па-мойму, такім ужо непрывабным... Ва ўсякім выпадку, выпісваць яго такім я не меў на мэце. Ён неахайны быў, проста неахайны. У яго жытло было, як  у бадзяжніка, а я рос у сям’і хоць і беднай, але ў такой, у якой, калі ў доме на фіранку муха села, дык маці адразу фіранку мыла і прасавала… Але ўсё знешняе засланялася тым, што было ўнутры ў гэтым чалавеку. Калі ён пачынаў прамаўляць, нешта даводзіць, ты слухаў, рот разявіўшы, і нічога наўкол не заўважаў. Кожны з нас успрымае аднаго і таго ж чалавека па-рознаму — і, магчыма, Хадзееў быў не зусім такі, якім мне запомніўся.

— А што тычыцца Лі Харві Освальда: вы ж былі вельмі коратка з ім знаёмы

— Гэта ў рамане я коратка з ім знаёмы. У жыцці не мог ён быць маім блізкім знаёмцам — і такім не быў.

— Прозвішча сапраўднае, а ўсё астатняе…

— Усё астатняе — літаратура.

— А ці ёсць рэальныя прататыпы ў гэбістаў?

— Вось каго заўсёды хапала ў маім рэальным жыцці, дык гэта рэальных гэбістаў. І гэтакіх, якія яны ў рамане, і да іх падобных.

У 1960-я гады я не меў з імі такіх шчыльных дачыненняў, як пазней, але з імі добра знаёмыя былі мае старэйшыя сябры. А я ўжо праз іх. І як Саламон Майсеевіч — зборны вобраз габрэяў, якія жылі на Нямізе, гэтак гэбіст Гурык — зборны вобраз выпускнікоў менскай вышэйшай гэбісцкай школы.

— Вельмі ўдала выпісана гратэскная сцэна ў Навінках, калі хворыя і здаровыя інсцэніруюць пасяджэнне Прэзідыума ЦК КПСС. Мяркую, што гэта пародыя не толькі на ўладу часоў Хрушчова — гэта пародыя ў тым ліку і на ўладу сённяшнюю?

— Я б не сказаў, што гэта пародыя. Калі, канешне, не пародыя — сама ўлада. Як былая, гэтак і сённяшняя. Пры ўсіх уладах мы жылі, як у вар’ятні. І калі б я перанёс дзею з вар’ятні ў залу пасяджэнняў ЦК, дык было б тое самае.

Сам я ў вар’ятні не быў, але мой сябар Ледзенеў, не вытрываўшы ціску гэбістаў (у яго дайшло да нервовых растройстваў), сапраўды патрапіў у псіхушку. І ў рамане я скарыстаўся больш ягоным досведам, чым сваім.

— А наколькі дакументальныя сцэны вашых допытаў тады, у 1960-я гады, і пазней — у 2010-х гадах?

— Тут рэальнасць і літаратура дастаткова блізкія.

— Вы, відаць, невыпадкова дадалі да рамана фрагменты з даклада Хрушчова на ХХ з’ездзе КПСС, стэнаграму сустрэчы Хрушчова з творчай інтэлігенцыяй, урыўкі з даклада прэзідыума ЦК КПСС ужо пра культ асобы  Хрушчова? Такім чынам вы, мяркую, наўмысна правялі недвухсэнсоўную паралель з сённяшнім днём?

— Абсалютна правільна ты ўсё зразумеў. І я хацеў бы, каб тыя, хто пытае: «А навошта ты дадаў да рамана дакументы і паслямову Віктара Ледзенева?» — зразумелі, што нічога я не «дадаваў», што і мой тэкст, і дакументы, і паслямова Ледзенева — тры часткі рамана, які менавіта такім мне бачыўся. Не зусім такой бачылася хіба паслямова. Я даў Ледзеневу прачытаць мой тэкст і прапанаваў яму, аднаму з герояў рамана, скончыць раман так, як бы ён скончыў яго, калі б быў не толькі героем, але і аўтарам. Вось такі апрабаваць прыём, якім ніхто яшчэ не карыстаўся. Віктар не адразу згадзіўся, сказаў, што задача складаная (яна й насамрэч няпростая), але ўрэшце напісаў тое, што напісаў. Раздзел з назвай «Вуліца Ўладзіміра Някляева». Раздзел аказаўся не зусім такім, якім ён мне ўяўляўся, — і тым не менш прыём быў скарыстаны, канцэпцыя рамана вытрыманая.

Каментаваць