Уладзіслаў Завальнюк: крочу па жыцці з наказам маці

Больш за год таму, не дажыўшы некалькі месяцаў да свайго 99-га дня народзінаў, сышла ў лепшы свет Ганна Іванаўна Завальнюк — маці Уладзіслава Завальнюка, пробашча мінскага касцёла святых Сымона і Алены,грамадскага дзеяча, літаратара і навукоўцы.

 



Ксёндз Уладзіслаў сярод сваёй паствы


Знаёмства з ім выклікае захапленне прыгажосцю чалавечай асобы з шырокім гуманістычным поглядам на свет, добразычлівасцю і мудрасцю.

У юнацтве Уладзіслаў марыў стаць лётчыкам, але адчуў Божы дар — пакліканне і вырашыў стаць святаром. Чатыры гады працаваў на будоўлях у Латвіі, каб вывучыць латышскую мову і паступіць у адзіную ў СССР духоўную каталіцкую ўстанову — вышэйшую семінарыю ў Рызе. Потым — душпастырская дзейнасць ў таталітарным атэістычным Савецкім Саюзе — сапраўднае блуканне па пакутах. Давялося перажыць абвінавачванні ў рэлігійнай прапагандзе, запужванне, адмову ў прапісцы, сыход у падполле, збіццё, пагром святыні і плябані, адміністрацыйныя абмежаванні абавязкаў адпраўленнем набажэнстваў і споведзяў, арышты, карную псіхіятрыю, непрызнанне ўладамі і, урэшце, пагрозу дэпартацыі за мяжу як дысідэнта…

Верагодней за ўсё, так і адбылося б, калі б не перабудова. Менавіта яна дала мажлівасць святару прадоўжыць адукацыю ў Варшаўскай духоўнай акадэміі, а потым працягнуць сваё святарства ўжо ў новых постсавецкіх умовах.

Найбольш ярка таленты ксяндза Уладзіслава раскрыліся падчас службы ў Чырвоным касцёле, які намаганнямі свайго пробашча і ягонай паствы стаў сапраўдным домам Божым, дзе чалавека заўсёды супакояць, наставяць і падтрымаюць. Вось чаму парафіяне так любяць свайго святара, якога натхняе адказнасць перад Богам, людзьмі і будучыняй.

Сярод добрых спраў ксяндза — змаганне за вяртанне вернікам святынь, аднаўленне і стварэнне новых каталіцкіх парафій, штогадовыя пілігрымкі ў Будслаў, духоўная апека пчаляроў Беларусі ў якасці іх капелана, выданне кнігі духоўнай паэзіі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Ксты» і вылучэнне яе на Нобелеўскую прэмію, праца па адкрыцці ў сталіцы каталіцкага ўніверсітэта і ўзвядзенні помніка Яну Паўлу II. Сваімі справамі ксёндз Уладзіслаў далёка пераўзышоў мару юнацтва, бо ў сваім духоўным чыне ўзляцеў нашмат вышэй за любога авіятара…

Вялікую ролю ў жыцці святара, безумоўна, адыграла ягоная маці:

— Самыя першыя мае ўспаміны пра маці звязаныя з яе ўвагаю да сваіх дзяцей — мяне і абедзвюх старэйшых сясцёр. Маці была прысвечаная і адданая сваёй сям’і, заўсёды пільнавала нас. Пры гэтым яна была вельмі працавітым чалавекам, а працы ў нашым вясковым доме было вышэй галавы. І падрастаючы, я ўцягваўся ў кола гэтай абавязковай штодзённай бязмежнай сялянскай працы. Бывала і такое — дзесьці змахлюеш, а потым шкадуеш. Аднак маці, трэба аддаць ёй належнае, заўсёды паблажліва адносілася да мяне, ніколі не крычала і аніякім чынам не зневажала. Наадварот, спакойным выхаваўчым тонам яна пыталася: «Навошта ты так зрабіў і чаму так паступіў? Ты бачыш, як мне цяжка. А для каго я раблю? Для цябе і дачок». І такія простыя шчырыя ветлівыя словы добра клаліся ў маю душу. Асабліва ўздзейнічала на нас, дзяцей, набожнасць маці і яе малітвы. Нягледзячы на ўсялякія цяжкасці і напружанае працоўнае жыццё, маці строга адносілася да таго, каб у нядзелю і хрысціянскія святы мы ішлі ў Божы храм — касцёл і не бралі ў рукі сякеру

Трэба падзякаваць маці і за яе ахайнасць, за тое, што яна вельмі клапацілася пра добрае і разнастайнае харчаванне сям’і з ухілам на вегетарыянства, дзякуючы чаму я з дзяцінства прызвычаіўся да акуратнасці і да сённяшняй пары захаваў добрае здароўе. У адносінах да сям’і, родзічаў, суседзяў і ўвогуле да людзей яна зыходзіла з правіла: «Няхай маё пройдзе, але каб быў святы спакой». Вось чаму ўсё жыццё маці была цярпімай да людскіх слабасцяў, усім прабачала і абыходзіла ўсялякія звадкі, стараючыся не браць іх да сэрца. Бо ў прабачэнні — здароўе, прабачаючы, чалавек здаравее… Маці была заўсёды каля мяне ва ўсе гады майго святарства ў васьмі краінах свету. Парафіяне называлі яе «наша маці» не толькі таму, што яна ўдзельнічала ў касцельных набажэнствах і працэсіях, а таму, што заўсёды дапамагала людзям сваімі добрымі парадамі разумнай вытрымкі і цярплівасці перад шматлікімі жыццёвымі выпрабаваннямі. З гэтым наказам маці і я крочу па жыцці…

Фота: Уладзіслаў Завальнюк з маці Ганнай Іванаўнай падчас вучобы ў Рыжскай вышэйшай духоўнай каталіцкай семінарыі.

Сярод найбольш важкіх спраў, якімі сёння заклапочаны ксёндз Уладзіслаў, ён вылучыў тры. Прычым першая справа звязана з пачаткам беатыфікацыйнага працэсу асобы фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча:

Калі 11 чэрвеня 2006 года, згодна з воляю святой памяці Эдварда Вайніловіча, ягоны прах вярнуўся на радзіму, я прапанаваў вернікам маліцца, каб гэты вялікі чалавек не толькі прыйшоў да парогу сваёй святыні, але і ўвайшоў у яе ў якасці слугі Божага ці благаславёнага, — згадвае Уладзіслаў Завальнюк. — Пакуль жа прах гэтай выбітнай асобы спачывае перад храмам. Але днямі я атрымаў дазвол ад мітрапаліта, арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча на падрыхтоўку дакументаў, неабходных для беатыфікацыі Вайніловіча. Потым гэтыя дакументы разгледзіць спецыяльная папская камісія, каб вырашыць, ці заслугоўвае асоба Вайніловіча надання ёй статусу слугі Божага. Затым вернікі будуць маліцца і прасіць Божыя знакі аб заступніцтве слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Для нас вялікі гонар, што па просьбе былога асабістага сакратара Яна Паўла II, кардынала Станіслава Дзівіша інфармацыйны працэс у справе беатыфікацыі фундатара нашай святыні ўзяўся весці шаноўны ксёндз-доктар Славамір Одэр, які ў свой час каардынаваў справу беатыфікацыі і кананізацыі Вялікага Папы Яна Паўла II.

Другая справа — наданне Чырвонаму касцёлу тытулу асобай царквы (базілікі). Гэты тытул прысвойваецца пантыфікам альбо ватыканскай Кангрэгацыяй набажэнства і дысцыпліны таемстваў, якой Папа Рымскі дэлегуе адпаведныя паўнамоцтвы. Базіліка мае шэраг прывілеяў у параўнанні з шараговымі цэрквамі. У базіліцы, пры адпаведных умовах, можа быць дараваная поўная індульгенцыя, яе святары маюць права на адмысловае адзенне, у набажэнствах і працэсіях выкарыстоўваецца цінцінабулум (cincinabulum — літургічны званочак), а ў інтэр’еры святыні традыцыйна ўстанаўліваецца ўмбракулум (umbrakulum) — архаічны варыянт сцягу Царквы ў выглядзе паласатага чырвона-жоўтага канічнага парасону з шоўку. Выява umbrakulum размяшчаецца і на намёце герба базілікі.

Падрыхтаваны і складзены на рукі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ўсе неабходныя дакументы на наданне Чырвонаму касцёлу тытулу базілікі. Мы чакаем разгляду гэтых дакументаў у Ватыкане і лічым, што наш храм дастойна заслугоўвае высокага статусу базілікі, — кажа Уладзіслаў Завальнюк.

Трэцяя справа — падрыхтоўка да абароны дысертацыі на атрыманне навуковай ступені доктара гістарычных навук:

Ужо год, як я падаў заяву ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на абарону доктарскай дысертацыі па тэме «Гістарыяграфія посту», — распавядае Уладзіслаў Завальнюк. — Справа ў тым, што гэтая тэма амаль не даследаваная ў навуцы. Я хачу паказаць, як пост разглядаецца рэлігіяй і медыцынай на працягу тысячагоддзяў — ад Шумеру, Акаду і Егіпту, праз паганства, Біблію і сусветныя рэлігіі да сучаснасці. На маю думку, уздзеянне посту павінна разглядацца з двух бакоў — медычнага і духоўнага, бо мы маем справу з чалавекам, які ідзе і да доктара, і да святара. Як святар, я павінен разумець пост не толькі як мажлівасць духоўнага ўзвышэння чалавека, але і яго фізічнага аздараўлення. І таму ўсе мае парады верніку, які збіраецца пасціцца, павінны ўлічваць дасягненні медыцыны. На гэтую тэму я напісаў дзве манаграфіі: «Не хлебам адзіным» (выйшла чатырма выданнямі) і двухтомнік «Другое прышэсце посту».

Папа Ян Павел II бласлаўляе ксяндза Уладзіслава Завальнюка

Дарэчы, гэтыя выданні святар прысвяціў сваёй маці. У наступным годзе ксёндз Уладзіслаў адзначае тры «круглыя» даты — 40-годдзе святарства, 30-годдзе душпастырства на Беларусі і 25-годдзе з дня запрашэння на пасаду пробашча Чырвонага касцёлу. Зараз наш герой працуе над мемуарамі, у якіх прадставіць свой шматпакутны жыццёвы шлях. Дык пажадаем шаноўнаму спадару Уладзіславу Завальнюку добрага здароўя на доўгія гады, здзяйснення ягоных задумаў дзеля таго, каб беларусы жылі з Богам.

Фота з асабістага архіва Уладзіслава Завальнюка

Абмеркаванне:

  • Сяргей
  • 2013-10-29 23:31:51
Сапраўдны пастыр, такіх цяпер мала.

Каментаваць