«Усе «сталіны» меркавалі, нібы яны вызначаюць, каму і кім быць»

Напярэдадні 70-годдзя (нават не верыцца!) беларускі паэт, празаік і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў падзяліўся з НЧ думкамі пра тое, ці сумяшчальныя паэзія і палітыка, расказаў, пра што шкадуе і яшчэ шмат пра што.


 

Уладзімр Някляеў. Бычкі, чэрвень 2016 г. Фота Аксаны Колб


— Уладзімір Пракопавіч, 70-годдзе — гэта своеасаблівы перыяд сталення мужчыны. Той юбілей, пад які спрабуеш ацаніць тое, што ўжо зроблена і акрэсліць, што яшчэ хочацца зрабіць. Пачнем з таго, чаго яшчэ прагне душа паэта і сэрца палітыка?

— Так, перыяд своеасаблівы... Найперш у тым сэнсе, што няма калі ні ацэньваць тое, што ўжо зроблена, ні акрэсліваць тое, што яшчэ хочацца зрабіць. Проста штодня з відна да цямна нечым заняты, нешта раблю. Калі не ў паэзіі, дык у палітыцы, якая, як я ні спрабую аддаліцца ад яе, забірае вельмі шмат часу.

Да клопатаў звычайных дадаюцца яшчэ і форс-мажорныя. Вось улады адмовілі мне ў памяшканні для прэзентацыі новай кнігі “Толькі вершы”. Нават на вуліцы, у Купалаўскім скверы, дзе яшчэ ў савецкія часы праводзіліся літаратурныя чытанні, на якія не патрабавалася ніякага дазволу, не далі магчымасці правесці сустрэчу з чытачамі. Ну й што — з гэтым змірыцца?  З маім характарам — ніяк. А гэта дадатковыя праблемы, якія трэба вырашаць, нервавацца, марнаваць час...

Цікава, што мне не дазволілі правесці літаратурную імпрэзу каля помніка Янку Купалу, а я аповесць пра яго якраз сканчаю. І ў аповесці ёсць такі эпізод. Купала кажа Сталіну:  “Можна міністра прызначыць міністрам, таварыш Сталін. А Пушкіна прызначыць Пушкіным нельга. Ён нарадзіўся паэтам”. — “Паэтам — так, — згадзіўся Сталін. — Але Пушкіным ён прызначаны. Хоць замест яго мог быць прызначаны Баратынскі. Разумееце?.. Ці вы мяркуеце, што Купалам вы сталі, бо нарадзіліся Купалам? Гэта мы вас Купалам зрабілі. Мы вас ім прызначылі. Хоць маглі прызначыць іншага”.

Дык вось усе гэтыя большыя, меншыя і зусім дробныя “сталіны” ва ўсе часы меркавалі і мяркуюць, нібы гэта яны вызначаюць, каму і як жыць, каму і кім быць. Што ж, у фізічным існаванні, у жыцці плоці, слабой, пудлівай і спакуслівай, яно, можа быць, і так. Але ў жыцці духу — не. І той жа Купала — гэтаму доказ.

— Ці дала палітыка новае бачанне ролі і месца паэта, новы імпульс для творчасці, ці, наадварот, з’ела лёгкасць і асалоду творчасці?

— Наўрад ці ў свеце ёсць нешта больш несумяшчальнае, чым паэзія і палітыка. Іншым разам я ад самога сябе нейкіх рэчаў не чакаю, самому сабе здзіўляюся. Дык вось тое, што ўжо колькі гадоў мне ўдаецца ў сабе палітыку з паэзіяй сумяшчаць — адно з самых вялікіх маіх здзіўленняў.

Праўда, апошнім часам пачаў адчуваць, што трыванне паэзіі праз такое сумяшчальніцтва можа скончыцца. Яна — дама раўнівая. Гэта палітыка трывае ўсё, як... ну, скажам, як дама лёгкіх паводзінаў, а паэзія можа сказаць: “Ды ідзі ты!..” Пакуль, дзякуй Богу, не дайшло да таго. Ну, можа быць, праз даўнасць адносінаў. Усё ж прывыклі адно да адное за доўгае жыццё.

Хоць доўгага жыцця, пра што вам скажа любы з тых, хто з большага сваё пражыў, не бывае. Кожны з нас нараджаецца ўчора і памірае заўтра. Істотна тое, што мы здзяйсняем, што паспяваем здзейсніць між гэтымі днямі. У бліскавічнае імгненне быцця.


Бычкі, 2016 год. Фота Аксаны Колб


Чытайце таксама:Уладзімір Някляеў: Свет не бяздумны… 


— Паэт Някляеў збіраў стадыёны, палітык Някляеў сабраў плошчу, а хто вы сёння і чаго чакаць: стадыёнаў ці плошчаў? Прынамсі чаго прагне чалавек Някляеў?

— Ведаеце, Homo sapiens — гэта яшчэ не чалавек. Гэта, як вы можаце прачытаць у любой энцыклапедыі, усяго толькі адзіны, які выжыў (бо разумны), від роду Homo сямейства гамінід. І калі стаць чалавекам (як прадстаўніку віда), яму не надта цяжка, дык чалавекам быць, заставацца чалавекам — ой як не проста! Вось гэтага (найперш) прагну я сам — і хачу, каб прагнулі іншыя. Дзеля гэтага (хай некаму яно падасца высокаслоўным) я збіраў і стадыёны, і Плошчу. І калі нечага ад мяне чакаць, дык толькі гэтага — на іншае ў мяне ўжо часу няма.

— Азіраючыся на свой насычаны жыццёвы шлях, можаце сказаць, што ёсць нейкае шкадаванне, што каб прайсці гэты шлях яшчэ раз — тое-сее можна было б і змяніць. Ці не трэба марнаваць час і сілы на шкадаванні, на такія вось рэфлексіі?

— Кожнаму чалавеку ёсць пра што ў сваім жыцці пашкадаваць. Ну хоць бы пра тую дзяўчынку, якая азірнулася некалі на цябе на вуліцы — і ты хацеў пайсці, пабегчы за ёй, але не пайшоў, не пабег. А, магчыма, гэта лёс прайшоў міма... Так што калі нехта кажа, што ні пра што не шкадуе, дык ён, мусіць, не жыў. Ці кажа, абы казаць.

Можна было б, вядома, нешта ў мінулым з’іначыць, але гэта — калі б можна было. Ды нельга. Таму я не рэфлексую праз тое, чаго не сталася, а жыву тым, што яшчэ можа быць.


Бычкі, 2016 год. Фота Аксаны Колб


Чытайце таксама:Уладзімір Някляеў: «Ці будзе прэмія, ці будзе турма...» 


— Ці даводзілася рабіць выбар, пасля якога не можа быць зваротнага шляху?

— Мы ў кожны момант закладнікі нашых папярэдніх рашэнняў, учынкаў, слоў. Умоўна кажучы, пацалаваў — жаніся.

Вось я меркаваў у 2010 годзе, удзельнічаючы ў прэзідэнцкіх выбарах, што паспрабую змяніць сітуацыю ў краіне, праз Плошчу вырашыць праблему ўлады, скінуць антынацыянальны рэжым — і ці пан, ці прапаў! Не выйдзе — сысці. Але ж за гэтым паўстала столькі падзей, людзей... І як сыдзеш? Вось вам і шлях, з якога няма звароту.

Усё, што мы робім, — незваротнае. З гэтай незваротнасці і ствараецца, па вялікім рахунку, наш лёс.

— Мужчыну робіць жанчына, якая побач. Вам з гэтым па жыцці шчасціла. Але ці лёгка з вамі крочыць па жыцці?

— Са мной — наўрад ці. Але мне з ёй насамрэч пашчасціла.

Напачатку не выглядала, што гэтае шчасце, свята гэтае, назваўшыся Вольгай, будзе доўга трываць. Але вось трывае. І ведаеце, чаму? Бо як толькі мне пачынае здавацца, што я спазнаў усе яе таямніцы, глыбіні, яна пачынае адкрывацца глыбінямі новымі. Часам зусім нечаканымі, такімі, якім, здавалася б, у ёй, такой маленькай, няма дзе й змясціцца.

Як гэта было, скажам, у 2010 годзе, калі ўсплыла і ўсю яе запоўніла мужнасць. Неверагодная мужнасць. І выявілася яна не толькі ў тым, што Вольга была побач са мной па дарозе на Плошчу, што яна — толькі ўявіце гэта! — кідалася на спецназаўцаў, якія выкрадалі мяне са шпіталя, але і ў штодзённай, штоночнай (яна амаль дзесяць сутак, бо не ведала, жывы я ці мёртвы, вачэй не сплюшчыла) барацьбе за маё жыццё, за маё вызваленне. Зараз мала хто памятае, але гэта яна 20 снежня, калі ўвесь Мінск быў скаваны марозам і страхам, нічога і нікога не пабаяўшыся, склікала замежных журналістаў, назіральнікаў, дыпламатаў, заявіла пра злачынства, здзейсненае рэжымам у дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі — і менавіта з гэтага ўзнялася ў свеце хваля падтрымкі палітвязняў, пачаўся палітычны і эканамічны ціск на рэжым. Яшчэ б дзень, міжнародныя назіральнікі, журналісты раз’ехаліся б — і рэзананс падзей у Мінску бы зусім не такі.

“Ці вы супакоіце вашу жонку, ці мы аддадзім яе мянтам, а ўжо яны яе...” — казаў мне, сярод ночы на допыт выцягнуўшы, старшыня КДБ, і я баяўся, што сапраўды могуць “аддаць мянтам”, а яна нічога не баялася і, цяпер пра гэта ўжо можна казаць, урэшце дамаглася свайго, на той час немагчымага, неверагоднага: змусіла паказаць ёй мужа ў турме, каб ведаць, што ён жывы.


Фота Сяргея Шапрана. Вялікдзень, 2016  год.


І гэта ўсё пры тым, што яна зусім не публічная. Як толькі я апынуўся няхай пад хатнім арыштам, але ўсё ж у сваёй хаце, яна тут жа стала адмаўляцца ад любых інтэрв’ю, замежных паездак, перастала сустракацца з журналістамі, палітыкамі — палічыла сваю місію завершанай. Нічым са свайго “зоркавага часу” не скарысталася для сябе.

Яна шмат ад чаго дзеля мяне адмовілася. Нават занадта шмат ад чаго. Па сутнасці яна ахвяравала мне сваё жыццё. Не быць за гэта ўдзячным немагчыма. Ну й немагчыма з такім каханнем быць не шчаслівым...

...Я з лёсам

Бiўся на нажах,


Пакуль мяне ты не любiла.

Ты мне адкрыла смерцi жах..

Не,


Жах жыцця ты мне адкрыла.

На мiг


На росстанях Сусвету

Любоў

Знайшла маю душу.


Я не прашу кахаць за гэта...

Я лiтасцi тваёй

Прашу.

 

***

Нагадаем, каб прэзентаваць сваю новую кнігу, Уладзімір Някляеў спрабаў знайсці залу для прэзентацыі, пасля шматлікіх адмоў, вырашыў прачытаць вершы наўпрост ля помніка Янку Купалу.

“Я спрабаваў знайсці нейкую залу для прэзентацыі новай кнігі “Толькі вершы”. Тлумачыў, што ў кнізе насамрэч толькі вершы, больш нічога. Але залы не знайшоў. Паўсюль пасля “кансультацый з адміністрацыяй” адмовілі. Нават у Доме літаратара, у доме Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе я некалі быў старшынёй.
Пасля Плошчы 2010 года, пасля збіцця, шпіталю, пасля турмы я меркаваў, што ведаю пра цяперашнюю беларускую ўладу ўсё. Аказалася — не. Такой дробязнай помслівасці не чакаў. Гэта адкрыта выяўленая знявага. А я не дазваляў зневажаць сябе нікому і ніколі. Ні ў турме, ні на волі. Таму я прыйду 11 ліпеня а 19.00 у Купалаўскі сквер. Да помніка Янку Купалы, да якога прыходзіў заўсёды. І буду, як заўсёды, чытаць вершы. Калі слухаць мяне прыйдзе толькі адзін чалавек, я буду чытаць вершы гэтаму аднаму чалавеку…” — напісаў Някляеў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Запрашаем на прэзентацыю. "Толькі вершы"!


Фота Аксаны Колб


Каментаваць