Арсень Ліс: Першыя самастойныя крокі і ўражанні на ўсё жыццё

Праца ў бібліятэчнай цішы, што была ля гасцініцы «Беларусь», пры стадыёне, кіравала да роздуму, навуковых заняткаў. Універсітэт наогул захапіў прагай пазнання праз кнігу, перыёдыку, тым больш цяпер ведаў, дзе што можна было адшукаць. Рашуча паспрабаваў застацца ў сталіцы.



Арсень Ліс — выпускнік філалагічнага факультэта БДУ. 1956 г.


Тым болей, што нечакана адкрылася вакансія ў аспірантуры АН БССР па спецыяльнасці «фалькларыстыка». І здаў быў уступны экзамен, мінуўшы бар’ер з замежнай мовай, дзякуючы веданню паэзіі Генрыха Гейнэ. Аднак новы закон аб неабходнасці 2-гадовага вытворчага стажу перакрэсліў паспяхова здадзеныя экзамены. Упярэдадзень 1957 года мусіў выбрацца на Дзісеншчыну, у мястэчка Шаркоўшчына. Праўда, толькі на паўгода, але з цікавасцю пазнаёміўся з жыццём педагагічнай глыбінкі.

У Мінск вярнуўся дзесь у ліпені 1957-га і адразу трапіў на працу ў Белдзяржвыдавецтва, у рэдакцыю «Мастацкай літаратуры», дзе кіраваў добры, шляхотны Мікола Татур, вядомы як перакладчык з польскай мовы. Галоўным рэдактарам быў абачлівы Янка Казека. У камандзе рупіліся Вольга Крайко, жанчына з досведам нямецкага канцлагера, куды трапіла з-за мужа-падпольшчыка, арыштаванага Смаленскім СД, у якім, казала, заўзята працавалі ў тым ліку і былыя энкавэдзісты, не менш лютыя за гітлераўцаў. Працавала з намі і Лідзія Арабей, аўтарка першых паважных кніг пра Алаізу Пашкевіч-Цётку. Ды яшчэ са старэйшых — Раман Ярохін, былы франтавік, родам з Сібіры, і мінчанін Леў Салавей. З маладзейшых былі Іван Пташнікаў, які ад першых публікацый заявіў пра сябе як аб перспектыўным празаіку, Валодзя Дамашэвіч, мужны і паслядоўны змагар за беларускую мову, кожны раз казаў пра яе ў вочы ворагам нашым, ахоўнікам рэжыму, і маладзейшы Ванкарэм Нікіфаровіч, у асноўным перакладчык з балгарскай мовы.

Арсень Ліс з універсітэцкімі сябрамі (трэці справа) 195(4)5 год

У «Мастацкай літаратуры» ўпершыню непасрэдна пабачыў і пачуў Пятра Глебку, Кандрата Крапіву, Івана Шамякіна. Глебка прынёс прадмову для першага пасля рэабілітацыі выдання паэзіі Уладзіміра Дубоўкі. Былі жывыя класікі і на абмеркаванні праблемных выданняў. Звярнуў увагу, што часам аглядаліся і на мяне, маладзёна, які сядзеў у асноўным, агульным пакоі, адразу ля ўваходу. Аднойчы пры зборцы старэйшых пісьменнікаў І. Шамякін загаварыў пра тое, што Кёнігсберг трэба было аддаць беларусам — мелі б выхад да мора. Запытальна глянуў на прысутных, але падтрымкі не пачуў.

Успомніўся тады яшчэ не асэнсаваны мной факт, калі заўсёды пэўны ў сабе, гучнагалосы марскі афіцэр, пісьменнік Аляксандр Міронаў выбухнуў раптам з гневам з-за таго, што, сядаючы за рабочы стол, не можа пазбавіцца самацэнзара. Нешта не выказаў у сваёй кніжцы «Караблі сыходзяць у акіян»?

І яшчэ сумны ўспамін з даўняга часу рэдактарства. Ледзь паднялася да нас на чацвёрты паверх зусім зняможаная 44-гадовая жонка таленавітага паэта Тодара Кляшторнага. Як жонка ворага народа, яна доўгі час не мела права вярнуцца ў Беларусь. У выгнанні адна падняла і выгадавала дзвюх дачок. Цяпер была зусім бязрадная.

Безумоўна, частыя візіты пісьменнікаў у рэдакцыю, тлум і гоман перашкаджалі маёй рэдактарскай працы, і ў канцы рабочага дня адчуваў сябе вельмі стомленым. Неяк І.П. Шамякін, спыніўшыся перад выхадам, спачувальна кінуў: «Засохнеш тут, хлапец!».

Над усімі ўспамінамі таго часу дамінаваў песенны дуэт пісьменнікаў Рыгора Бярозкіна і Янкі Скрыгана. «Будь проклята ты, Колыма, что названа дивной планетой». Гэтыя словы з песні запомніліся ад першага разу. Таленавіта, што называецца, з глыбіні натуры савецкага зэка вырвалася песня. Гучала натуральна, забойча.

Падчас працы ў выдавецтве з літаратаркай Лідай Арабей (1958(9)г.)

З канца 1959-га — я нарэшце ў аспірантуры пры новаствораным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, перспектыўнай навуковай установе, кіраванай паэтам і навукоўцам Пятром Глебкам. Сам абіраю тэму дысертацыі, якую ўхваляе кіраўнік аддзела фалькларыстыкі прафесар Іван Гутараў. Тэма дысертацыі прысвячалася народна-паэтычнай творчасці ў кантэксце культурна-грамадскага жыцця Заходняй Беларусі 1921–1939 гадоў. Выбар даследавання ў многім быў абумоўлены гісторыяй беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху 1920–1930-х гадоў, досведам родных і блізкіх як удзельнікаў супраціву і нацыянальна-вызваленчага змагання. Матэрыял збіраў у архівах і бібліятэцы АН Літоўскай ССР і праз асабістае апытанне былых падпольшчыкаў КПЗБ і БСР Грамады, якіх застаў яшчэ жывымі, пры добрай памяці.

Калі пасля заканчэння аспірантуры зноў трапіў у Віленскія архівы і акадэмічную бібліятэку, адкрыў для сябе магутны, захапляльны мацярык беларушчыны, унікальную беларускую дэмакратычную перыёдыку 20-х гадоў мінулага стагоддзя, наглядна адчуў працэс станаўлення беларускай нацыі ў яе годным супраціве польскай акупацыі, асіміляцыі і натуральным развіцці дзеля дасягнення незалежнасці як рэальнай магчымасці нацыянальнай свабоды і самарэалізацыі да ўзроўню еўрапейскіх нацый.

Адчуў Вільню як культурную і палітычную сталіцу актыўнай, дзейснай ад пачатку ХХ стагоддзя Беларусі. Пачаў з наведвання месца пакарання царскімі сатрапамі першага беларускага рэвалюцыйнага дэмакрата і нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Пазнаёміўся з мастаком, адным са стваральнікаў беларускай выяўленча-мастацкай школы Пётрам Сергіевічам і слаўнай беларускай культурна-грамадскай дзяячкай, якая праз усё ХХ стагоддзе духоўна і маральна лучыла некалькі пакаленняў беларусаў, Людвікай Антонаўнай Войцік ды яшчэ з некалькімі былымі беларускімі актывістамі, культурна-грамадскімі дзеячамі, асветнікамі, якім пашчасціла вярнуцца пасля дзвюх хваляў пасляваенных рэпрэсій. Сярод іх спаралізаваны пасля вяртання з савецкага канцлагера Станіслаў Станкевіч — Станкевіч-кнігар, дзеяч БХД Адольф Клімовіч, былы рэдактар заходнебеларускага навукова-мастацкага часопіса «Калоссе» Янка Шутовіч, які прынёс мне на заказ «Кароткую гісторыю Беларусі» Усевалада Ігнатоўскага, «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча і «Беларускую граматыку для школ» Браніслава Тарашкевіча, узятыя ва ўдавы паэта, мастака, аўтара фотаальбома аб падзеях Першай сусветнай вайны Уладзіслава Паўлюкоўскага (Улада Ініцкага), вязня польскага ды савецкага астрогаў.

Людвіка Сівіцкая (Войцік), часоў гуртка беларускай моладзі ў Гродне, 1911 г.

Акунанне ў духоўную атмасферу даваеннай Вільні, у якой дзейнічалі выдатны асветны цэнтр Віленская беларуская гімназія (1919–1939), Інстытут беларускай гаспадаркі і культуры, існавала магутная шматгалосая беларуская прэса, моцная сваёй зваротнай сувяззю з народам, працавала мнагатысячнае Таварыства беларускай школы і аўтарытэтны ва ўсіх рознанацыянальных асяродках Вільні Беларускі хор Рыгора Шырмы, — усё гэта давала мне рэальны творчы стымул, рушыла наперад.

Шчасліва спазнаў публіцыстычную спадчыну беларускіх паслоў у сойм Другой Рэчы Паспалітай, быў паланёны графікай мастака Язэпа Драздовіча, збольшага пазнаёміўся з эпапеяй БСР Грамады, са справамі Віленскага акруговага суда, праз які праходзілі прыхільнікі і БНР і БССР.

Графіка «Стадолішча» Язэпа Драздовіча

Сядзеў у камандзіроўках у Вільні месяцамі і, вядома, цяжка было абняць неабдымнае. На жаль, не ўсё ўведанае, здабытае там здолеў данесці публічна да суайчыннікаў. На гэта проста мала аднаго жыцця.

Паралельна ўдаваўся ў разведвальныя падарожжы па Беларусі. У Баранавічах параілі зазірнуць у Горадню да Браніслава Ржэўскага, маўляў, можа многа расказаць пра літаратурную і народна-паэтычную творчасць Заходняй Беларусі. Сам ведаў, што Ржэўскі абараніў дысертацыю пра творчасць Максіма Танка. Але ў Гародні пазнаёміўся я перш-наперш з кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім, дырэктарам Дома народнай творчасці, пачуў ад яго згадкі пра Алеся Салагуба, з якім як зямляк-смаргонец Шыдлоўскі быў знаёмы яшчэ з 1920-х гадоў. Таксама ў Горадні ўпершыню сустрэў мастака Лявона Баразну. Ён збіраў матэрыялы па выяўленчай народнай беларускай культуры, выконваў афіцыйныя заказы, пажаліўся на іх казённы змест. Разам схадзілі на магілу паэта Міхася Васілька, паклалі кветкі. Нарэшце выправіўся да Ржэўскага. Амаль увесь час майго знаходжання ў гэтага чалавека за акном чуўся заядлы брэх сабакі, быццам нехта чужы не даваў ёй супакою. Назаўтра, куды б я ні скіраваўся, мяне неадвязна суправаджаў цыбаты дзяцюк, якога пазней змяніў віравокі стары. Што ж да наведанага мною Ржэўскага, то быў гэты колішні партызан пасля мардоўскіх лагераў вельмі прыгнечаны. А паплаціўся ён за свае адкрытыя лісты ў ЦК КПб Беларусі ў абарону роднай мовы. Для падтрымання духу падараваў разгубленаму навукоўцу зборнікі Уладзіміра Караткевіча «Матчына душа» і «Вячэрнія ветразі». Спадзяваўся засведчыць перад старэйшымі інтэлігентамі, што маладая беларуская паэзія на фоне звыклай афіцыйнай, смела ўмешваецца ў жыццё, узвышаецца сапраўднымі эстэтычнымі здабыткамі, робіць прарыў у будучыню, а гістарычная проза Караткевіча верне беларусам схаваную ад іх  бліжэйшымі суседзямі багатую і мужную гісторыю беларускага народа.

«Насуперак Стыхіі» Пятра Сергіевіча

З Горадні накіраваўся ў Мінск праз Слонім, Нясвіж. У Слоніме ўпершыню ўбачыў класічную яўрэйскую сінагогу, самавіты касцёл. Там жа адведаў старога інтэлігента, краязнаўца, музейшчыка, археолага з дзвюма вышэйшымі адукацыямі гуманітарнага профілю Язэпа Стамброўскага. Знакаміты сланімчанін, у мінулым палкоўнік царскай арміі, у 1917 годзе быў за гэта арыштаваны. Пры допыце камісар запытаўся ў яго, да якой партыі той належыць. Калі пачуў у адказ, што ні да якой, злосна працадзіў праз зубы: «Беспартыйная сволач!» Чакаць спагады не даводзілася. Але пашанцавала. Салдаты памяталі добрыя адносіны да іх з боку камандзіра палка Стамброўскага. Ноччу цішком, падагнаўшы тройку, адвезлі яго станцыі на тры ад Масквы, пасадзілі на цягнік, які рухаўся на захад, у Беларусь.

На свае немаладыя гады Стамброўскі выглядаў вельмі добра. Я спытаўся ў мудрага старога, у чым сакрэт яго такога захавання? Пачуў, што кожную жыццёвую прыкрасць трэба мінізаваць у сваёй свядомасці, а з кожнай станоўчай дробязі ўмець здабываць максімум радасці. Калі спытаў пра асабістую бібліятэку гаспадара, ён нечакана выказаў скептыцызм адносна асабістых кнігазбораў. Адвёўшы мяне ў суседні пакой, дзе проста на падлозе ляжалі гарой зваленыя кніг, сказаў мне выбраць любую на памяць.

У Слоніме таксама наведаў паэта Анатоля Іверса. Характэрна, расповед яго пра тутэйшыя падзеі ваеннага часу суадносна таго, што я чуў пра іх ад яго земляка Новіка-Пеюна, здаўся мне больш праўдзівым. У Іверса я добра разжыўся на стос самавітага заходнебеларускага выдання, органа ТБШ «Беларускі летапіс».

Вокладка часопіса «Беларускі летапіс» з Рыгорам Шырмам (1939 г.)

На Нясвіжчыне завітаў да былога вязня польскіх астрогаў Лукаша Капыткі. З увагі на не знаёмага яму маладзёна, былы дасведчаны падпольшчык асцярожненька, спасылаючыся нібы на нейкага старога дзеда, выдаў мне сваю думку наконт таго, калі беларусы могуць адстаяць сябе і сваё ад няпрошаных гасцей — менавіта, калі апрануць уласны вайсковы мундзір.

Вільні я не забываўся і пасля працы ў яе архівах ды ў 21-м беларускім фондзе бібліятэкі АН Літвы. Бываючы ў старажытнай нашай сталіцы ні разу не мінаў найстарэйшай нашай культурна-асветніцкай працаўніцы Людвікі Сівіцкай, знанай Зоські Верас. Жыла яна ў дамку, пабудаваным яе другім мужам Антонам Войцікам, за Вільняй у ляску на Панарскіх гарах. Даглядаў маці, якая была ўжо ў паважаным веку, яе сын Антон ад першага мужа Фабіяна Шантыра, публіцыста, наркома замежных спраў першага ўрада БССР, узначаленага А. Чарвяковым, расстралянага А. Мясніковым у 1920 годзе. Была ў Зоські Верас яшчэ і дачка ад шлюбу з Войцікам Галіна, вядомая аўтарка некалькіх брашур аб беларускіх дзеячах, напісаных сумесна з мужам Лявонам Луцкевічам, сынам славутага нашаніўца і дзеяча БНР Антона Луцкевіча.

Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас), у Варшаве, 1914 г. 

 

У першае сваё знаёмства з Людвікай Антонаўнай даведаўся аб пачатках беларускага руху ХХ стагоддзя, яе ўдзеле ў гарадзенскім гуртку беларускай моладзі, працы ў Камітэце дапамогі ахвярам вайны ў Мінску ў 1915–1923 гадоў, у якім дзейсна ўдзельнічалі Аляксандр Уласаў, Аркадзь Смоліч, Уладзіслаў Галубок, Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш., Усевалад Фальскі ды юрыст Чавусаў. Рак-Міхайлоўскі, актыўны на з’ездах беларускіх вайскоўцаў, на ўсебеларускім з’ездзе ў 1917 годзе, называў Зоську Верас, з увагі на яе паходжанне з сям’і афіцэра расійскай арміі, «ваеннай костачкай». Дачуўшыся, што Людвіка Антонаўна ў мінскі перыяд свайго жыцця сустракалася з Максімам Багдановічам, Аркадзем Смолічам, Уладзіславам Галубком, а ў 1920-я гады працавала ў рэдакцыях віленскіх беларускіх газет разам з Антонам Луцкевічам і Уладзімірам Самойлам, я адразу стаў намаўляць яе пісаць успаміны.

У Маладзечне з татам і сябрамі. Злева направа: Алесь Траяноўскі, Валодзя 
Сарока, Сяргей Ліс (тата), Арсень Ліс (1955(6)г.)
 

Фота з уласнага архіву Арсеня Ліса

Каментаваць