Валянцін Стэфановіч

Наколькі я ведаю, Валянціну Стэфановічу, як і Алесю Бяляцкаму, прапаноўвалі стаць палітуцекачом. Абодва ад такога статуса адмовіліся. Больш за тое, Валянцін Стэфановіч мае намер вярнуцца ў Беларусь. І гэта нягледзячы на тое, што пра краты свайго паплечніка па «Вясне» ведае не менш за астатніх. Чаму? Вельмі спадзяюся, што мой нарыс і будзе адным з адказаў на гэтае пытанне.

Жыццёвы дэбют



Наколькі я ведаю, Валянціну Стэфановічу, як і Алесю Бяляцкаму, прапаноўвалі стаць палітуцекачом. Абодва ад такога статуса адмовіліся. Больш за тое, Валянцін Стэфановіч мае намер вярнуцца ў Беларусь. І гэта нягледзячы на тое, што пра краты свайго паплечніка па «Вясне» ведае не менш за астатніх. Чаму? Вельмі спадзяюся, што мой нарыс і будзе адным з адказаў на гэтае пытанне.

Жыццёвы дэбют

Звычайна хлапчукоў называюць у гонар іх дзядоў альбо бацькоў. Валянціна Стэфановіча назвалі на памяць бабулі — Валянціны Сухаржэўскай. На жаль, яна не дачакалася немаўля сваёй дачкі, жыццёвы дэбют якога адбыўся 14 кастрычніка 1972 года.

Дарэчы, у гэты ж дзень (толькі ў 1943 годзе) нарадзіўся і другі вядомы праваабаронца — Гары Пятровіч Паганяйла. Нічога не хачу сказаць пра такое супадзенне, а проста канстатую факт. Думаю, для тых, хто кажа пра наканаванасць нашага лёсу, ён будзе вельмі-вельмі цікавым.

Мама Валянціна Антаніна Сухаржэўская (яна не насіла прозвішча мужа) нарадзілася ў Мінску ў 1953 годзе. Праз свайго сібірскага бацьку яна мае выразна азіяцкую знешнасць і ў дзяцінстве праз гэта зведала шмат крыўдаў і ад дзяцей, і ад дарослых, якія праганялі яе ў «Кітай да свайго бацькі Мао Цзэдуна». Часта плакала. Менавіта таму Валянцін Стэфановіч шчыра не прымае расістаў і ўсялякіх аматараў «чысціні нацыі».

Антаніна Сухаржэўская добра малюе. Пасля школы яна паступіла на архітэктурнае аддзяленне Мінскага архітэктурнага тэхнікума, дзе і пазнаёмілася з бацькам (вучыўся ў адной групе) будучага вядомага праваабаронцы.

Па пашпарту бацьку Валянціна Стэфановіча завуць Канстанцін, але сам ён сябе называе — спадар Кастусь. Нарадзіўся ў мястэчку Глуск Магілёўскай вобласці ў 1952 годзе. Пасля заканчэння школы паступіў ва ўзгаданую вышэй навучальную ўстанову, але, у адрозненне ад сваёй жонкі, якая 20 гадоў прапрацавала ў праектным інстытуце «Белпроппраект», займаўся практычнай будоўляй. Працаваў прарабам, начальнікам будаўнічых участкаў розных прадпрыемстваў. Каб зарабіць больш грошаў, часта быў вымушаны пакідаць сям’ю і ад’язджаць на заробкі на Алтай, у Карэлію.

Валянцін Стэфановіч па гэты дзень памятае, як ён з мамай часта ездзіў сустракаць бацьку на вакзал. Той прыязджаў з вялікай барадой і дзіўнымі падарункамі: кедравымі арэхамі ці рагамі нейкіх горных казлоў.

Першыя цяжкасці

Сям’я Валянціна Стэфановіча, як і большасць у той час, не была заможнай. Перш за ўсё таму, што была вельмі маладой. Маці ўсяго 18 гадоў, бацьку — 19.

Нягледзячы на тое, што нарадзілася дзіця і жонка знаходзілася ў шпіталі пасля родаў, нягледзячы на ўсе цяжкія сямейныя абставіны, увосень 1972 года Кастуся Стэфановіча прызвалі ў войска. Часам Валіка даглядала нават 16-гадовая сястра яго маці, а часам і аднагрупнікі па тэхнікуму. Ніхто тады нават дапусціць не мог, што ў будучым «грамадскі» дзіцёнак будзе самаахвярна абараняць правы гэтага самага грамадства.

У 1980 годзе Валянцін Стэфановіч пайшоў у першы клас сталічнай школы № 25 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, бо тады жыў на Партызанскім праспекце ў раёне «старога аўтазавода». Праз тры гады сям’я Стэфановічаў замест маленькай «палутаркі», якую пабудавалі нямецкія ваеннапалонныя, атрымала новую «двухпакаёўку» на вуліцы Асаналіева, і ён стаў хадзіць у школу № 11, дзе ўжо не было ніякіх «уклонаў».

Пачатак 1990-х гадоў — цікавы і цяжкі час. У людзей адбылася кардынальная змена арыенціраў. Калі раней для чалавека галоўным у жыцці была адукацыя, то цяпер — грошы.

Менавіта ў гэты момант і адбыўся парадокс, які значна паўплываў на ўвесь далейшы лёс Валянціна Стэфановіча. Як і многія сябры, ён хацеў займацца бізнэсам, але бацькі падказалі іншую каштоўнасць — веды. Яны разумелі, што вышэйшая адукацыя мае сваю вартасць ва ўсе часы.

У 1993 годзе Валянцін паступіў на юрыдычны факультэт Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносінаў, заснавальнікам якога была ФПБ (Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі), а спецыялізацыяй абраў «Правазнаўства. Адвакатура і натарыят». Нагадаю, што афіцыйныя прафсаюзы былі тады значна прэстыжней, чым сёння. Студэнцкі курс Валянціна Стэфановіча быў досыць моцным. Адтуль выйшлі адвакаты, следчыя, натарыусы, супрацоўнікі юрыдычных аддзелаў выканкамаў, міністэрстваў і нават цяперашні намеснік Міністра юстыцыі Беларусі Ігар Тушынскі.

Вучыўся Валянцін Стэфановіч з захапленнем. Скончыў ВНУ з «чырвоным дыпломам» і хацеў стаць адвакатам, але лёс вырашыў інакш.

Пасля рэферэндуму 1995 года і публічнага ганьбавання нацыянальнага сцягу, ён даў сабе слова, ніколі не працаваць у дзяржаўных структурах новай улады. У 1996 годзе пасля падпісання так званых «саюзных дамоваў» вырашыў, што незалежнасць краіны знаходзіцца пад пагрозай і прыняў актыўны ўдзел ва ўсіх акцыях «мінскай вясны». Затым прымаў удзел у стварэнні структураў Маладога фронту.

 У сакавіку 1997 года Валенціна Стэфановіча ўпершыню затрымалі на акцыі пратэсту. «Далі 5 сутак адміністратыўнага арышту. Пры гэтым збілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна».

Свядомы выбар

Нічога дрэннага не хачу сказаць, пра тых, хто публічна выступае за развіццё беларускай мовы, а ў асабістым жыцці жыве па большасці карыстаецца рускай. На жаль, такая сёння сітуацыя, і аўтар тут — не выключэнне. Таму ў мяне і такая павага да сям’і Валянціна Стэфановіча — прынцыпова беларускамоўнай.

І гэта невыпадкова. Валянцін пачаў адчуваць сабе беларусам, палюбіў беларускую мову, стаў размаўляць на ёй выключна дзякуючы свайму бацьку. Менавіта той заўсёды з вялікай любоўю гаварыў пра Беларусь і з горыччу аб знікненні мовы, тоеснасці беларусаў. Напрыканцы 1980-х бацька Валянціна з вялікім энтузіязмам сустрэў з’яўленне руху БНФ. Ідэі нацыянальнага адраджэння, незалежнасці Беларусі былі і застаюцца для яго вельмі важнымі каштоўнасцямі.

Упершыню Валянцін Стэфановіч пачуў, як моладзь размаўляе па-беларуску, на сходзе «Талакі» ўвосень 1988 года, куды яго завёў стрыечны брат, студэнт першага курсу БДУ. Атрымаў вельмі моцнае ўражанне. Юнаку было тады толькі 16 гадоў.

…Ён жанаты ўжо 10 гадоў. Аліна скончыла мінскі Інстытут замежных моваў і выдатна валодае англійскай мовай. Перакладае нават «сінхрон», што вельмі цяжка і для прафесійных перакладчыкаў.

Пазнаёміліся яны ў 1996 годзе ў Маладым фронце. Пазней яна была актывісткай ЗБС (Задзіночанне беларускіх студэнтаў). Пажаніліся ў ліпені 2001 года. Старэйшаму сыну Валянціна ўжо 6 гадоў, яго завуць Адам-Дамінік, дачцэ Яне-Вераніцы 7 месяцаў. Размаўляюць усе паміж сабой толькі па-беларуску.

Гуканне вясны

У 1998 годзе Валянцін Стэфановіч атрымаў «чырвоны» дыплом свайго ВНУ і пачаў працаваць юрыстконсультам на Мінскім падшыпнікавым заводзе, а потым па прапанове Алеся Бяляцкага далучыўся да праваабарончага цэнтру «Вясна», які быў адной з «першых ластавак» беларускага «трэцяга сектару».

Праца ў «Вясне» мае розныя бакі. З цяжкіх можна адзначыць тое, што прыходзіцца ўвесь час мець справу з негатывам, з чалавечай бядой. Гэта цяжка найперш маральна. Складана размаўляць з роднымі людзей, якія патрапілі ў бяду.

Пры такой справе вельмі лёгка стаць чэрствым, не ўспрымальным да чалавечага гора, таму для Валянціна Стэфановіча вельмі важна заставацца спагадлівым для людзей, не згубіць спачуванне да іх. І ў яго гэта атрымліваецца. 13-гадовая праца навучыла стрымліваць эмоцыі, падыходзіць да праблемаў з рацыянальнага боку: што і як можна зрабіць у канкрэтнай сітуацыі, дзейнічаць максімальна хутка і эфектыўна.

З цікавых бакоў — магчымасць вандраваць. Праваабарончы цэнтр «Вясна» з’яўляецца сябрам шэрагу міжнародных арганізацыяў, і таму яго супрацоўнікі маюць магчымасць удзельнічаць у шэрагу міжнародных праваабарончых місій, а таксама ў міжнародных дэлегацыях па назіранні за выбарамі.

Арышт Алеся Бяляцкага Валянцін Стэфановіч (як і многія) лічыць выключна палітычнай справай. Але, у адрозненне ад большасці з нас, у сваіх высновах ён кіруецца не эмоцыямі, а юрыдычнымі нормамі.

Цяжка не пагадзіцца з такімі яго словамі: «Цынізм нашых уладаў заключаецца ў тым, што яны выдатна ведалі, на якія мэты выдаткоўваюцца гэтыя сродкі, яны палявалі за імі ўсе гэтыя гады — іх вельмі цікавілі распіскі, якія людзі пісалі за тое, што ім кампенсавалі штрафы, іншыя пытанні. У юрыдычным сэнсе ў дзеяннях Бяляцкага няма складу злачынства, якое яму цяпер інкрымінуюць. Бо толькі прыбытак, паводле нашых законаў, абкладаецца падаткам, і ні пра якое ўхіленне тут і гаворкі няма».

Як вядома, галоўны сэнс «Гукання вясны» ў тым, каб прыблізіць яе надыход. Першы намеснік праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч менавіта гэтым і займаецца. Толькі вясна для яго не прыродная падзея, а палітычная.
 

Каментаваць