Васіль Рагуля: нязручны дэмакрат старой гвардыі

Дасведчаны, дыпламатычны, загартаваны рэальнай палітыкай і вязніцай у Лукішках, ён як ніхто выдатна разумеў «беларускую хваробу» так добра вядомую нам сучасным — несалідарнасць, няўменне ісці на кампраміс...

Другі Усебеларускі кангрэс. Радаслаў Астроўскі на трыбуне падчас справаздачы. 
На пярэднім плане — Фабіян Ярэміч, за ім — Васіль Рагуля. Фота be-tarask.wikipedia.org

Другі Усебеларускі кангрэс. Радаслаў Астроўскі на трыбуне падчас справаздачы. На пярэднім плане — Фабіян Ярэміч, за ім — Васіль Рагуля. Фота be-tarask.wikipedia.org


Беларускі грамадскі дзеяч старой гвардыі, выхаваны як і вялікая частка беларусаў Раісйкай імперыі на Пушкіне і Тургеневе, сталы потым палітыкам, паслом, сенатарам у Сойме, шчырым беларусам. Гэта Васіль Рагуля, народзіны якога адзначаюцца 16 ліпеня. Пабачыў свет ён у 1879 годзе.


Васіля Рагулю можна назваць забытай постаццю палітычнай гісторыі Заходняй Беларусі. «Пенсіянер» беларускага руху, незалежнік падчас Другой сусветнай вайны, стары эмігрант, аўтар невялічкіх, але надзвычай рэдкіх, цікавых і карысных для добрага арыентавання ў палітычнай гісторыі Беларусі ўспамінаў, так проста і названых — «Успаміны». Вельмі рэдкая і малаўжываная крыніца для сучасных палітолагаў і палітычных гісторыкаў. Да ўсяго заўвагі, парады і крытыка палітыка вельмі актуальныя ў святле цяперашніх застрашанасці і раскіданасці беларускіх прадэмакратычных сілаў.

Васіль Рагуля "Успаміны", Мінск, 1993, ВЦ "Бацькаўшчына"

Васіль Рагуля "Успаміны", Мінск, 1993, ВЦ "Бацькаўшчына"


Зрэшты, Васіль Рагуля — гэта рэдкі беларускі дэмакратычны голас 20‐га стагоддзя, досвед беларуса, які працаваў дзеля дэмакратыі і незалежнасці Беларусі, які зведаў, сапраўды, дэмакратычны досвед, перыяд. Успаміны былога пасла, сенатара Сойму Рэчы Паспалітай часта не проста актуальныя, але і прарочыя.


Не зважаючы на тое, што пачынаў Васіль Рагуля як русафіл (як і значная частка сучасных беларусаў), як федэраліст з Расіяй (але не камунісцкай Расіяй), не зважаючы на тое, што дзіўным было стаўленне (які і значнай часткі сучасных беларусаў) палітыка да беларускай мовы (настаўнічаў ён па‐руску, выступаў па‐польску, лісты пісаў на недасканалай беларускай мове), гэта ўсё ж такі незабыўны аўтар, крытычныя заўвагі якога ў бок многіх яго сучаснікаў (Я. Станкевіча, А. Луцкевіча) скідваюць арэол ідэальнасці і беззаганнасці. І тым самым робяць аўтара малазручным ці нязручным, бо ён адважыўся на разбіццё міфаў.


Але перадусім важныя ўспаміны з часоў дэпутацтва палітыка, калі так жыва прыпамінаюцца дэталі жыцця беларусаў за Польшчай урада Скульскага. Васіль Рагуля трапна апісвае перакруты польскай нацыянальнай палітыкі, падаючы проста два словы — дэнацыяналізацыя і паланізацыя. А потым, як вусцішны жарт, падае словы самога прэм’ера Скульскага пра тое, што праз 50 год усіх беларусаў Польшчы можна будзе пасадзіць на адной канапцы. У нечым прыгаданыя словы прарочыя — на сёння беларусаў у Польшчы катастрафічна мала.

Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А. Аўсянік, Ф. Ярэміч, П. Валошын; у 2-м радзе — В. Багдановіч, М. Кахановіч, Б. Тарашкевіч, А. Назарэўскі, А. Уласаў; стаяць: В. Рагуля, С. Якавюк, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла. Варшава.1923. Фота be-tarask.wikipedia.org

Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А. Аўсянік, Ф. Ярэміч, П. Валошын; у 2-м радзе — В. Багдановіч, М. Кахановіч, Б. Тарашкевіч, А. Назарэўскі, А. Уласаў; стаяць: В. Рагуля, С. Якавюк, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла. Варшава.1923. Фота be-tarask.wikipedia.org


Потым беларускі палітык міжваеннай Рэчы Паспалітай крытычнае падае аналіз палітычных сілаў Польшчы, якія як зправа, так злева, а таксама ў цэнтры заставаліся рэакцыйнымі ў адносінах да беларусаў. «Не вер ты ў гонар іграка, не вер ты дружбе паляка» — пісаў ён. Пры гэтым асобна пазначае прагрэсісцкую вынятковасць і адкрытасць у дадзеным пытанні некаторых палякаў Вільні — «краёўцаў», якія гуртаваліся вакол газеты «Przeglad Wilenski». Жыццё ж беларусаў тагачаснай Рэчы Паспалітай наогул апісвае адным словам — застрашанасць.

Васіль Рагуля. Карціна А. Крывенкі

Васіль Рагуля. Карціна А. Крывенкі

Як натуральны дадатак ці працяг успамінаў успрымаюцца лісты Васіля Рагулі да Юркі Віцьбіча, укладзеныя і надрукаваныя Алегам Гардзіенкам у АRCHE. Яны чытаюцца, як тэстамент палітыка, як зварот да наступнікаў, як сумнае падсумаванне цікавага, але паразлівага досведу. Дасведчаны, нерадыкальны, дыпламатычны, загартаваны рэальнай палітыкай і вязніцай у Лукішках, ён як ніхто выдатна разумеў «беларускую хваробу» ці слабасць, так добра вядомую нам сучасным — несалідарнасць, няўменне кансалідавацца і ісці на кампраміс унутры прадэмакратычных сілаў Беларусі. Таму ў выгнанні ў Бельгіі ў лістах да Юркі Віцьбіча чытаем амаль настаўленні: «Час ужо адкідаць асабістыя амбіцыі для агульнай справы, пайсці на спатканне  з іншым (…). Калатня ні да чаго добрага не давядзе. Запамятайце, беларусы, урокі прошласці».


У іншым лісце Рагуля просіць: «Досыць лаянкі і ігры ў міністраў». Так шкадобліва пазначае стары палітык, што беларусы ўвальваюцца ў «дробныя самалюбствы, з міністэрскімі амбіцыямі, неадпаведных людзей і непачуваючых адказнасці перад гісторыяй і народам». І амаль прарочай гучыць ягоная засцярога, кінутая ў 1951 годзе: «Разброд сілаў прывядзе да таго, што падчас вялікіх падзеяў няўнікнёна прыйдуць да нас палякі, украінцы, расійцы ды іншыя суддзі».

Нібыта папярэджанне ён напісаў ва ўступе да «Успамінаў»: «Я буду шчаслівы, калі напісанае мною ўсцеражэ нашых сучасных і будучых палітычных і грамадскіх дзеячаў ад паўтарэння памылак іх бацькоў».


Памёр апошні беларускі дэмакрат старой гвардыі ў ЗША ў 1955 годзе, куды да сябе яго забраў сын Міхась. І стала так, як прадбачыў сам палітык: «Я і не спадзяюся занесці свае косці на Бацькаўшчыну». Аднак застаюцца спадзеў і намер сучасных — занесці, нагадаць, вярнуць на Бацькаўшчыну імя, ідэі, пасланні смелага, стрыманага, неамбітнага і такога праўдзівага беларуса, які стараўся не забываць памылак мінуўшчыны.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-07-16 23:26:25
Спрэчны артыкул. Замнога хваласпеваў на адрас Васіля Р. - пры ўсіх яго дадатных якасцях, пад немцамі ён доўгі час служыў бургамістрам на Дзятлаўшчыне і, відавочна, не платы фарбаваў (нездарма ж яго вылучылі дэлегатам на "Другі ўсебеларускі кангрэс" у чэрвені 1944 г.).
Што тычыць заклікаў да яднання, кампрамісаў, спынення паланізацыі і г. д. - яны тыповыя для беларускага руху першай паловы ХХ ст. Амерыкі экс-пасол польскага Сейму не адкрыў, у заходнебеларускай прэсе 1920-30-х я бачыў не менш мудрыя выказванні. Важныя ж не заявы, а ўчынкі.

Каментаваць