Васіль Івашын: «Жыццё не песціла мяне…»

Такую назву носіць кніга, у якой выбітныя літаратуразнаўцы дзеляцца ўспамінамі пра філолага, акадэміка, паэта Васіля Уладзіміравіча Івашына. Нядаўна споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння. Ён не дажыў да гэтага тры з паловай гады.



Васіль Удадзіміравіч Івашын


У кнігу, шчодра ілюстраваную фатаграфіямі, увайшлі таксама выбраныя вершы Васіля Івашына, бібліяграфічны спіс яго прац. А ў якасці загалоўка назвы кнігі ўзятыя радкі з яго верша:

Жыццё не песціла мяне,

Не ведаў я ягонай ласкі.

Жыццё сапраўды не песціла Васіля Івашына. А каго яно песціла з ліку нашых суайчыннікаў старэйшага пакалення, што прайшлі так шмат выпрабаванняў?! Магчыма, толькі герояў папулярнага прапагандысцкага кінафільма «Кубанскія казакі».

У віхурах рэпрэсій і вайны

Нарадзіўся Васіль Івашын 9 мая 1913 года на Койданаўшчыне, у вёсцы Ляхавічы, у шматдзетнай сялянскай сям’і. У яго было два браты і дзве сястры, сярод якіх ён быў старэйшы. Вучыцца Васілю давялося шмат.

У школу хадзіў за 7 кіламетраў, праз лес. І са школы ж пачаў пісаць вершы. Аднак непаэтычныя і суровыя гады сталінскага тэрору, калі былі знішчаны сотні беларускіх пісьменнікаў, не спрыялі творчаму ўзлёту юнака. У 1933 годзе Васіль Івашын скончыў Мінскі транспартна-эканамічны тэхнікум. І ў гэты ж год быў арыштаваны, а затым і расстраляны яго першы літаратурны настаўнік Лукаш Калюга. На вачах студэнта Івашына знікалі беззваротна і яго сябры.

Тэхнікам-эканамістам Васіль Івашын быць не збіраўся, любоў да мастацкай літаратуры прывяла яго ў 1934 годзе на літаратурны факультэт Мінскага педінстытута. Пад цяжкі молат сталінскіх рэпрэсій трапіў і бацька Васіля Івашына, просты селянін Уладзімір Сцяпанавіч. У 1937 годзе ён быў арыштаваны і расстраляны. Засталася маці, Ганна Іванаўна, якая адна выхоўваць дзяцей. Пра лёс бацькі Васіль Івашын апавядае ў сваім вершы «Сон», які надрукаваны ў кнізе:

Рушыла лавіна,

З громам шуганула

І ў адну хвіліну

Бацьку праглынула.

У 1938 годзе Васіль Івашын скончыў інстытут і быў накіраваны на працу ў Віцебскую педвучэльню выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Калі грымнула вайна, малады педагог быў мабілізаваны ў армію. Ужо 6 ліпеня 1941 года ён прыйшоў на зборны пункт. Давялося служыць яму ў звышсакрэтных вайсковых падраздзяленнях — абслугоўваць баявыя машыны рэактыўнай артылерыі, якія ў народзе празвалі «Кацюшамі». Паказальна, што такая ў той час сакрэтная тэхніка была даверана сыну «ворага народа». Васіль Івашын прайшоў праз усю вайну і ў званні старшыны сустрэў свята Перамогі, якое супала з днём яго нараджэння — 9 мая. За ратныя подзвігі Васіль Івашын быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і многімі медалямі.

У навуку

Пасляваенныя гады сталі для былога франтавіка часам станаўлення як вучонага. Паэтычная іскра, пра якую казаў юнаку Лукаш Калюга, не згасла: праз усё жыццё пранёс Васіль Івашын любоў да беларускага слова і беларускай літаратуры.. Пасля заканчэння вучобы ў аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР, а ў 1965 годзе стаў доктарам філалагічных навук. З кастрычніка 1967 года да 1978 года Васілій Івашын ўзначальваў Навукова-даследчы інстытут педагогікі Міністэрства асветы БССР, і быў абраны акадэмікам Акадэміі педагагічных навук СССР.

Мяняліся назвы навуковых арганізацый, у якіх даводзілася працаваць вучонаму, але ён заставаўся адным з самых аўтарытэтных і паважаных асоб у вучоным свеце. Пра гэта сведчаць успаміны аб ім у кнізе тых, хто працаваў з ім і добра ведаў яго — гэта Алесь Бельскі, Уладзімір Гніламёдаў, Дзмітрый Бугаёў, Міхась Мушынскі, Мікола Мішчанчук , Васіль Зуёнак, Міхась Тычына і іншыя. Змешчаны ў кнізе ўспаміны і яго дачкі, Наталлі Івашынай.

Амаль шэсць дзесяцігоддзяў адпрацаваў Васіль Івашын у беларускім літаратуразнаўстве. Ён — аўтар больш за 300 навуковых прац, вядомы спецыяліст па творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых пісьменнікаў.

Першая праца маладога вучонага называлася «Янка Купала — вялікі народны паэт». Затым з’явілася новае даследаванне «Янка Купала: творчасць перыяду рэвалюцыі 1905–1907 гг». Некалькі пакаленняў вучыліся па яго падручніках беларускай літаратуры. Вершы Васіль Івашын пісаў яшчэ ў дзіцячыя і юнацкія гады, але яны нідзе не друкаваліся.

А сапраўдны паэтычны талент у ім праявіўся тады, калі яму было 82 гады. Як адзначыў у сваіх успамінах Уладзімір Гніламёдаў, Васіля Івашына як самага позняга дэбютанта ў гісторыі паэзіі можна ўносіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. Спачатку ён выдаў кнігу вершаў «Слова», затым «Покліч памяці», а ў след — трэці і чацвёрты зборнікі паэзіі «З верай і надзеяй», «Прызванне». Многія вершы паэта прысвечаны Янку Купале, творчасць якога ён даследаваў.

Малая радзіма

Васіль Івашын любіў прыроду, сваю вёску Ляхавічы. З вялікай любоўю ён піша аб сваіх родных мясцінах у вершы «Табой, мая радзіма, узгадаваны»:

І ўсё тваё мне стала блізкім, родным,

Ўсё адгукнулася ў маёй душы:

І песня матчына з тугою народнай,

І рэчка Уса, што плыла ў цішы.

Паэт Васіль Івашын больш за ўсё на свеце любіў матчыну мову:

Ты дала мне ўсё тое, што магла,

Ты мудрасці крыніцы мне адкрыла.

Ты, мова, свет Купалы зберагла

І Коласаву праўду падарыла.

У сваім апошнім інтэрв’ю газеце на пытанне журналіста, якое месца на зямлі яму мілей, ён адказаў, што наймілей — лес ля вёскі, у якой нарадзіўся. Самым любімым яго святам быў Дзень Перамогі, а з музычных твораў яму былі больш даспадобы песні ваенных гадоў.

Загадчыца бібліятэкі Людміла Кастарэнка знаёміць з бібліятэкай, з экспазіцыяй  прысвечанай Васілю Івашыну

Нядаўна я наведаў вёску Ляхавічы, пахадзіў па сцяжынках, дзе хадзіў Васіль Уладзіміравіч. Загадчыца бібліятэкі Людміла Кастарэнка азнаёміла мяне з бібліятэкай, у памяшканні ўсталяваны стэнд, прысвечаны Васілю Івашыну. А затым яна і загадчыца сельскага клуба Вольга Дадырына азнаёмілі мяне з вёскай, што месціцца на маляўнічым беразе ракі Усы. Мяне ўразіў магутны дуб амаль у тры абхваты, на зламанай верхавіне якога звіў гняздо бусел. Мае спадарожніцы сказалі, што гэты дуб у пачатку ХІХ стагоддзя пасадзіў прапрадзед Васіля Івашына. Побач з дубам была хата, у якой нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч. Зараз на тым месцы — двухпавярховы катэдж. Пра гэты дуб паэт напісаў у вершы «Размова з дубам» наступныя радкі:

Пасаджаны прапрадзедам маім,

Ты стаў асілкам векавым.

Нашчадкі прыйдуць да цябе і ім

Ты будзеш блізкім, дарагім.

Дуб, які ў пачатку 19 стагоддзя пасадзіў прапрадзед Васіля Івашына

Васіль Івашын быў не толькі выдатным вучоным і паэтам, а таксама і выдатным сем’янінам. Са сваёй вернай спадарожніцай жыцця Сімай ён пражыў душа ў душу 64 гады. Жонка была для яго надзейным сябрам і памочніцай — «пазаштатнай» машыністкай: друкавала рукапісы мужа. Разам яны выхавалі сына Аляксандра і дачку Наталлю. Дачка Наталля ўспамінае, што бацька яе быў рамантыкам, ідэалістам з чыстым сумленнем. Ён вельмі любіў рыбалку, з вялікім задавальненнем збіраў грыбы.

Такім быў Васіль Уладзіміравіч Івашын, чалавек шырокай і чуйнай душы, сапраўдны беларус, выдатны і таленавіты вучоны і паэт.

Каментаваць