Вінцук Вячорка: Дакапацца да беларускага кораню нашай душы

Сталічная галерэя «Ў» гэтымі днямі стала цэнтрам мовазнаўчых дыскусій, лекцый і аналізу сацыяльных даследаванняў у гэтай галіне. Іх актуалізавала новая кніга вядомага грамадскага дзеяча, мовазнаўцы В. Вячоркі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», якая не так даўно пабачыла свет у серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе».

Такім бачаць Вінцука Вячорку наведвальнікі сайта «Радыё Свабода»

 


«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — выданне, што аб’яднала пад адной вокладкай шэраг сюжэтаў, якія шмат гадоў гучалі на хвалях «Радыё Свабода» пад вядомай слухачам рубрыкай «Моўныя лекцыі Вінцука Вячоркі».


Вокладка кнігі Вінцука Вячоркі



Вітальнае слова аўтару ад імя калегаў па цэху выказаў кіраўнік мінскага бюро «Радыё Свабода» В. Жданко, які адзначыў, што за кароткі час «Свабода» выдала каля 50 кніг і мультымедыйных дыскаў. І многія з тых, хто прысутнічае на гэтай прэзентацыі, маюць іх у сваіх бібліятэках. Калі чытаеш кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» ці слухаеш у запісе ўрыўкі з яе, то ўзнікае ўпэўненасць, што, нягледзячы на цяжкасці, беларусы змогуць захаваць і перадаць нашчадкам яе скарбы, што з роднай мовай у краіне будзе ўсё ладна і цывілізавана.


Аўтограф для калегаў-мовазнаўцаў

 

Пра гісторыю стварэння гэтага вельмі важнага для цяперашняй моўнай сітуацыі ў краіне навукова-папулярнага выдання распавядаў сам аўтар. Вінцук  Вячорка адзначыў, што беларуская служба «Радыё Свабода» заўсёды клапацілася пра тое, каб роднае слова не забывалася, і супрацьстаяла хвалям русіфікацыі. Вінцук падзякаваў супрацоўнікам рэдакцыі, сябрам за тое, што яны дапамаглі аўтару выказаць сваё слова «дзеля беларускай мовы і яе прыгажосці


Вінцук Вячорка рады, што кніга ўбачыла свет


 

Адметнасцю прэзентацыі стала трансляцыя сюжэта адной з перадач «Моўныя лекцыі Вінцука Вячоркі» са спробамі, па словах аўтара, «дакапацца да беларускага кораня іх душы». Канешне, сюжэт выклікаў шмат з’едлівых каментараў і ўсмешак сярод прысутных, асабліва, калі нашы землякі, напрыклад, пад словам «знічка» мелі на ўвазе «землянічку» і гэтак далей. Але зусім іншая сітуацыя была адзначана, калі вось такія «простыя рускамоўныя беларусы» намагаліся перакласці па-руску такі беларускі моўны архітып, як «матчына мова» і самі прыходзілі да высновы, што гэтае словазлучэнне не мае адпаведнікаў у мовах суседзяў і з’яўляецца выключна нашым беларускім паняткам і матыватарам да яе вывучэння і выкарыстання.



 

Сяргей Дубавец: я — беларус, ты — беларус!


Журналіст і літаратар Сяргей Дубавец адзначыў, што калектыву рэдакцыі «Радыё Свабода» можна смела ганарыцца, бо яму пад сілу ўвасабленне такіх якасных і важных для нашай культуры праектаў, як новая кніга Вінцука Вячоркі. «Хачу сказаць толькі тое, — працягваў Сяргей Дубавец, — што сёння той, хто ўзяў у рукі кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», той трымае ў руках сапраўдны скарб. Бо гэтая кніга выкліча цікаўнасць і ў інтэлектуала, і ў самага звычайнага чалавека. Таму што наша мова жыве, прысутнічае ў ментальнасці, падкорцы галаўнога мозга кожнага беларуса. Таму няма падстаў вылучаць з нашага дзесяцімільённага народа беларускамоўных ці іншамоўных беларусаў. Тым больш, па гэтаму прынцыпу праводзіць палітыку, нешта дзяліць… Мы адзіны народ: я — беларус, ты — беларус», — падсумаваў свой выступ Сяргей Дубавец і яшчэ раз павіншаваў Вінцука з здзяйсненнем ягонага праекту і пажадаў развіцця і працягу гэтага надзвычай цікавага выдання.

Ірына Дубянецкая вынайшла новы крытычны жанр — паэтычная рэцэнзія


 

Доктар тэалогіі, беларускі філосаф Ірына Дубянецкая прачытала для прысутных на прэзентацыі сваю вершаваную рэцэнзію на кнігу В. Вячоркі, якую назвала «Першая лыжка з Вінцуковай кніжкі». Яна, па словах спадарыні Ірыны, адлюстроўвае самыя першыя ўражанні ад прачытанага: «Кніга свежая. Толькі-толькі пачытаная, хоць не ўся дачытаная, пасмакаваная, моцна ўпадабаная ды іншым гурманам рэкамендаваная!

Алесь Бяляцкі — з гумарам пра мінулае і роздумам пра сённяшняе



Былы палітвязень і намінант на Нобеля, кіраўнік праваабрончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі не так даўно разам з сябрам бардам Эдуардам Акуліным прэзентаваў у Доме літаратара кнігу «Бой з сабой». І вось Вінцук з дапамогай рэдакцыі «Радыё Свабода» завяршыў свой выдавецкі праект, з чым яго Алесь шчыра павіншаваў: «Гэтай кнігай ты, Вінцук мяне здзівіў, бо змест яе вельмі багаты, з шматлікімі цытатамі, рэмінісцэнцыямі, цікавымі гістарычнымі фактамі, адсылкамі на іншыя мовазнаўчыя выданні. Тваё ўменне весці дыялог, пераконваць захаваліся і ў кнізе. Калі яе чытаеш, то глыбока, усім сэрцам разумееш, што наша мова вартая, каб як берагчы, вывучаць, узбагачаць, на ёй штодзённа і паўсюдна размаўляць і пісаць».

 

На заканчэнне Алесь Бяляцкі з гумарам распавёў пра адносіны да беларускага слова (канкрэтна, слова «ўтрапёны») у асяродку служачых калоніі, куды быў па рашэнню суда адпраўлены Алесь Бяляцкі.


Чытачы ў прадчуванні новых ведаў


 

Мовазнаўца і выкладчык Надзея Старавойтава выкладае роднае слова студэнтам Беларускага эканамічнага ўніверсітэту. А зацікаўлівае сваіх студэнтаў, якія перажылі «моўны разрыў пакаленняў» беларускім словам, з дапамогай старажытных тэкстаў (у прыватнасці рыцарскага рамана «Трышчан ды Іжота»), запісанымі цяперашняй беларускай арфаграфіяй. Спадарыня Надзея падзялілася ўспамінамі пра наведванне яе студэнцкага гуртка аўтарам кнігі. Ад успамінаў Н. Старавойтава перайшла да сённяшніх дзён і распавяла пра адносіны да роднага слова цяперашніх студэнтаў, адзначыўшы, што цікаўнасць да беларускай мовы, нягледзячы на перашкоды, расце з года ў год.


Пётра Садоўскі любіць пагладзіць супраць поўсці


 

Знакаміты беларускі мовазнаўца, палітык і дыпламат Пётра Садоўскі на просьбу аўтара выказаў шэраг крытычных разваг адносна зместу новай кнігі. Яны не тычыліся высноваў, зместу кнігі. Яны краналі некаторыя кантэкстныя аспекты публіцыстычнасці ў падачы мовазнаўчага матэрыялу, якія б маглі зашкодзіць прачытанню кнігі прыхільнікамі «русскоязычных белорусов». Бо для многіх людзей «матчына мова» ні чым не лепшая чым «родная речь»… Гэта значыць, што беларуская мова не павінна ў кнізе падавацца кантрастам у параўнанні з іншымі мовамі — падкрэсліў П. Садоўскі.


Алесь Камоцкі спявае песню на верш Караткевіча


 

Лірычную ноту ў дыскусійна-аналітычную плынь прэзентацыі ўнёс улюбёны бард усіх мовазнаўцаў і лінгвістаў — Алесь Камоцкі. Бо ягоны густ і прыхільнасць да лепшых узораў высокай беларускай паэзіі, талент кампазітара, які тонка адчувае сэнс беларускага слова, дазволілі мець Алесю Камоцкаму такую слынную рэпутацыю. У пацверджанне гэтых слоў прагучалі кампазіцыі А. Камоцкага «Слодыч» (на верш С. Дубаўца) і «Роздум» на верш Уладзіміра Караткевіча. Гэтыя спевы Камоцкага былі сустрэты слухачамі вельмі цёпла шчырымі апладысментамі.


Дыскусія з аўтографам візаві


 

Каментаваць