Вячаслаў Сіўчык

Першая палітычная галадоўка ў найноўшай гісторыі Беларусі звязана з імёнамі Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыкі. Яны трымалі яе вясной 1996 года на знак пратэсту супраць свайго незаконнага арышту. Увогуле ж, па падліках маці Вячаслава, затрымліваўся ён больш за 20 разоў і правёў за кратамі на Акрэсціна, калі скласці ўсе яго «суткі», больш за год свайго жыцця.

Шлях на «фронт»



Першая палітычная галадоўка ў найноўшай гісторыі Беларусі звязана з імёнамі Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыкі. Яны трымалі яе вясной 1996 года на знак пратэсту супраць свайго незаконнага арышту. Увогуле ж, па падліках маці Вячаслава, затрымліваўся ён больш за 20 разоў і правёў за кратамі на Акрэсціна, калі скласці ўсе яго «суткі», больш за год свайго жыцця.

Шлях на «фронт»

Вячаслаў Сіўчык нарадзіўся 18 снежня 1962 года ў Мінску, аднак першыя дзіцячыя гады пражыў у Абхазіі, у Піцундзе, у дзеда з бабуляй, куды тыя завербаваліся на будаўніцтва курорта «сусветнага ўзроўню». Там і ў школу пайшоў. Але ўжо праз год вярнуўся да маці ў Мінск, дзе скончыў знакамітую 50-ю матэматычную школу і атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі.

У класе быў адным з лепшых вучняў, але гуманітарныя навукі даваліся лягчэй за дакладныя, таму і выбар у 1979 годзе быў адназначны — геафак БДУ.

Пасля сканчэння БДУ Сіўчык зноў трапіў у Абхазію, дзе чатыры гады працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам, але потым вярнуўся ў Беларусь канчаткова. Замучыла настальгія.

«Фронтаўскі» дэбют


Сваю групу падтрымкі Беларускага народнага фронту Вячаслаў Сіўчык стварыў у Савецкім раёне ў 1988 годзе. На другім з’ездзе БНФ быў першы раз абраны сябрам Сойму.

У пачатку 1996 года многія паспяшаліся пахаваць БНФ. Адзін з публіцыстаў нават напісаў, што «наступае новы час, і бел-чырвона-белых сцягоў на вуліцах мы больш не ўбачым». Рэальнасць аказалася зусім іншай. Святкаванне Дня Волі ў сакавіку 1996 года стала поўнай нечаканасцю і для ўлад, і для некаторых апазіцыянераў. Перш за ўсё таму, што тысячы людзей адважыліся выйсці на вуліцы.

Далей усё пайшло па знаёмаму зараз сцэнару. Была распачата крымінальная справа, якую следчыя дапоўнілі падзеямі чарговага «Чарнобыльскага шляху». Кіраўніцтва фронту трапіла пад рэпрэсіі. Пазьняк з Навумчыкам эмігравалі, Сіўчык з Хадыкам аказаліся за кратамі. Выпусцілі іх толькі пасля асабістай тэлефоннай просьбы тагачаснага расійскага прэзідэнта Барыса Ельцына.

Потым будзе шмат розных акцый супраціву, у тым ліку і неаднаразовае «перакрыццё» цэнтральнага сталічнага праспекта. Вячаслаў Сіўчык стане «хросным бацькам» стварэння «Маладога фронту», але яго імідж як аднаго з самых радыкальных і апантаных змагароў з існуючай уладай, на мой погляд, нарадзіўся менавіта ў 1996 годзе.

Пачатак «другога фронту»

Акрамя «чыстай палітыкі», Вячаслаў Сіўчык займаўся і экалагічнымі праблемамі. Тым, што зараз адносяць да дзейнасці трэцяга сектара. Адбывалася гэта па лініі фонду «Дзецям Чарнобыля».

У часы перабудовы ўсе структуры, якія мелі якое-небудзь дачыненне да гэтай сферы, вырашалі, чым яны будуць займацца. У тым ліку і Міністэрства геалогіі, дзе Вячаслаў Сіўчык тады працаваў у вытворчым аб’яднанні «Беларусгеалогія». З яго ўдзелам пачаўся праект «Эколага-геалагічнае картаграфаванне тэрыторыі БССР у маштабе 1:500 000».

Аналагаў падобных праектаў у былым Савецкім Саюзе не было, бо планавалася апісанне ўсіх вытворчасцяў і заводаў краіны. Кожнаму павінны былі даць свой экалагічны пашпарт, аднак СССР не стала, і праект «завіс».

Ёсць унёсак Вячаслава Сіўчыка і ў адкрыццё праўды пра чарнобыльскую трагедыю. Ён удзельнічаў у правядзенні маніторынгу па Чарнобылю. Шмат ездзіў па краіне і заўжды імкнуўся выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю па прызначэнню.

У мінулым стагоддзі ўдалося дамагчыся прыняцця закону (аднаго з лепшых у СССР) аб мінімізацыі аварыі на ЧАЭС, у гэтым — на ім паставілі крыж. Таму я лічу, што пісьменніца Святлана Алексіевіч мае рацыю: варта пісаць працяг «Чарнобыльскай малітвы». «Праваслаўныя атэісты» маліцца не ўмеюць.

A la guerre comme a la guerre...

У гэтай знакамітай французскай фразе — на вайне як на вайне — магчыма, і ёсць пэўнае перабольшванне, але тое, як змагаліся з Вячаславам Сіўчыкам, сапраўды, даволі часта нагадвала баявыя дзеянні. Толькі «стралялі» не прадстаўнікі ўлады, а бліжэйшыя паплечнікі.

Як вядома, у 1999 годзе Віктар Ганчар, які быў на той момант намеснікам старшыні апальнага Вярхоўнага Савета 13 склікання, праводзіў так званыя альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары. Калі з адносінамі да іх уладаў усё было зразумела, то ў апазіцыі на гэты конт не існуе адзінай думкі. Адны лічаць іх апраўданымі, другія — не.

Не буду займаць канкрэтныя бок, а спыню вашу ўвагу толькі на відавочным. Менавіта тыя выбары і прывялі да расколу БНФ. «Каталізатарам» стала ў тым ліку і тое, што Зянон Пазьняк, які спачатку сам жа пераканаў актывістаў БНФ увайсці ў выбарчыя камісіі Ганчара, потым паставіў пытанне наконт іх сяброўства ў арганізацыі.

Вячаслаў Сіўчык (на той момант намеснік старшыні партыі БНФ) быў катэгарычна супраць стварэння дзвюх палітычных партый і імкнуўся знайсці нейкі кампрамісны варыянт. Прапаноўваў зрабіць так, каб у Пазьняка заставалася партыя, а ў яго апанентаў — рух. Не адбылося. Мінюст незвычайна хутка зарэгістраваў дзве палітычныя партыі з аднолькавай назвай. Нават спачатку пад адным нумарам.

Сам Сіўчык апынуўся сярод тых, хто падтрымаў Вінцука Вячорку, аднак потым прынцыпова разышоўся з ім у поглядах. А ў снежні 2001 года, калі праходзіў чарговы справаздачна-выбарчы з’езд, стаў канкурэнтам Вячоркі на пасаду старшыні партыі. Прайграў, але не стаў рабіць з гэтага трагедыю.

Яе зрабілі іншыя, калі неўзабаве выключылі яго з партыі… «за раскол БНФ». Зноў-такі не хочацца агучваць нейкія высновы, але, на мой погляд, пастаянныя «выключэнні» іншадумцаў прыводзяць да таго, што адна з самых моцных калісьці апазіцыйных структур паступова ўсё больш маргіналізуецца. Такое ўражанне, што яны больш змагаюцца не з уладай, а паміж сабой…

Жыццё пасля «фронту»

БНФ Вячаслаў Сіўчык аддаў 13 гадоў свайго жыцця, але яго грамадска-палітычная дзейнасць на гэтым не скончылася. Пасля выключэння Сіўчык прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці не толькі роднай Беларусі, але і суседняй Украіны. Напрыклад, быў каардынатарам беларускай групы падчас Памаранчавай рэвалюцыі.

Пасля сумна вядомага разгрому намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы пачаў сваю дзейнасць рух беларускай салідарнасці «Разам». Легалізаваць яго ўдалося толькі ў 2009 годзе. На ўстаноўчым сходзе Вячаслава Сіўчыка абралі старшынёй.

У 2007 годзе пачалася фактычная дзейнасць айчыннага «Мемарыяла». На 70-я ўгодкі трагічнай хвалі камуністычных рэпрэсій 1937-га быў створаны грамадскі аргкамітэт, які ўзначалілі акадэмік Р. Гарэцкі, пісьменнік В. Якавенка і гісторык І. Кузняцоў. У наступным жа годзе стварылі адпаведную секцыю. Натуральна, што «Разам» з самага пачатку апынулася ў эпіцэнтры гэтай дзейнасці, бо тая цалкам адпавядае і адной з галоўных мэт руху — барацьбе з этнацыдам беларускага народа.

Зробленае можна пералічваць даволі доўга. Звярну вашу ўвагу толькі на тое, што, на мой погляд, з’яўляецца найбольш значным у іх дзейнасці. Канешне, гэта знакамітыя паездкі ў Катынь, але не толькі яны. Пачынаючы са студзеня 2007 года (ужо чатыры гады запар) штомесяц 29 чысла ў Курапатах, а 29 кастрычніка па ўсёй краіне, адбываюцца акцыі ўшанавання памяці ахвяр камуністычных рэпрэсій. Чаму такая дата? Таму што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года толькі ў Мінску было знішчана больш за сто прадстаўнікоў беларускай эліты.

Пра Курапаты ёсць сэнс сказаць асобна. Адзінае, што ажыццявіла тут дзяржава, — устанавіла шыльду з надпісам, які гаворыць пра тое, што «рашэннем Саўміну БССР» там будзе пабудаваны мемарыял.

Было гэта больш як 20 гадоў таму... Саму шыльду грамадскасць ужо неаднаразова аднаўляла, а ўлады любымі спосабамі імкнуліся перашкодзіць тым, хто звяртаў увагу на сумныя старонкі нашай гісторыі і разбураў савецкія міфы.

Адзін з іх датычыцца партызанаў. Па афіцыйнай версіі, усе яны былі «белымі і пухнатымі». На самай жа справе гэта далёка не так. Дастаткова нагадаць вёску Дражна, якая месціцца каля Старых Дарогаў. У 1943 годзе на Вялікдзень савецкія партызаны спалілі там 37 хат і забілі 25 яе жыхароў толькі за тое, што з-за асабістага глупства не змаглі нічога зрабіць з размешчаным у вёсцы паліцэйскім батальёнам.

19 красавіка 2008 года актывісты «Мемарыялу» ўсталявалі там крыж Ефрасінні Полацкай. Літаральна на наступны дзень мясцовыя ўлады яго дэмантавалі, а праз пэўны час беларуская Феміда даволі жорстка пакарала некаторых з тых, хто меў непасрэднае дачыненне да акцыі. Так у «актыве» Вячаслава Сіўчыка з’явіліся «15 сутак за крыж».

Пакаранне, дарэчы, даволі сімвалічнае, бо крыж, які ён нясе па жыцці, многія зразумець не могуць.

Каментаваць