Ён вяртаў беларусам Літву

Ужо і не ўзгадаю дакладнага часу, калі пачалося нашае знаёмства з Міколам Ермаловічам, але адбылося гэта напрыканцы 80-х мінулага стагоддзя, дзякуючы стваральніку маладэчанскага нацыянальнага асяродку «Беларуская хатка» Міхасю Казлоўскаму. 


Як аказалася, пражываў Мікола Іванавіч недалёка ад майго месца жыхарства ў шматкватэрным доме на тагачасным праспекце Леніна (цяпер Вялікі Гасцінец) насупраць усім вядомай крамы “Дзіцячы свет”.





Не скажу, што нашы сустрэчы адбываліся часта, бо легендарны даследчык гісторыі быў досыць занятым чалавекам. Ён кожны дзень, нягледзячы на свой зусім кепскі зрок, сядаў у электрычку і ехаў у Мінск у Беларускую дзяржаўную бібліятэку (цяпер Нацыянальная бібліятэка) даследаваць старажытныя рукапісы. Таму часцей усяго даводзілася сустракацца з ім проста на вуліцы, калі ён ішоў на вакзал або вяртаўся дадому.

Потым, у пачатку 90-х, калі ў я ўжо працаваў у Маладзечанскім гарвыканкаме і вёў пратаколы пасяджэнняў камісіі па перайменаванні вуліц, бачыліся мы з Міколам Іванавічам часцей, бо ён быў актыўным удзельнікам гэтай камісіі.




Гэты чалавек быў апантаны гісторыяй Беларусі-Літвы. Трэба было бачыць, як ён, будучы даволі сціплым і спакойным чалавекам, пераўвасабляўся ў палымянага аратара, выступаючы перад публікай і распавядаючы пра вытокі нашай дзяржаўнасці. І сёння часам прыкра чуць пра Міколу Іванавіча, як пра “непрафесійнага гісторыка”, “гісторыка-аматара”.

Яшчэ ні ў аднаго прафесійнага гісторыка-навукоўца мне не давялося ўбачыць такой выразна-выбудаванай і лагічнай канцэпцыі месцазнаходжання летапіснай Літвы і пачаткаў Вялікага княства Літоўскага, больш выразнай чым у Міколы Ермаловіча.

Дарэчы, паспрыяў гэтаму яшчэ адзін знакаміты маладзечанец, вядомы мастак, Кастусь Харашэвіч. Калі Ермаловіч пры знаёмстве з Харашэвічам яшчэ ў далёкія 60-я спытаў таго, адкуль ён родам, Кастусь Іванавіч адказаў — з Літвы. Мікола Іванавіч, думаючы пра суседнюю рэспубліку, здзіўлена перапытаў мастака, на што той, усміхаючыся, адказаў: “Ды не, з вёскі Літва, што за Палачанамі”. А абедзве вёскі знаходзяцца ў Маладэчанскім раёне.

Гэты выпадак і з’явіўся для Ермаловіча штуршком да пошукаў гістарычнай праўды.






У 1993 годзе Ермаловіч пераехаў у сталіцу, дзе ў 2000 годзе яго жыццё трагічна абарвалася.


Пахаваны даследчык нашай даўніны ў Маладзечне.





У 2003 г. стараннямі актывістаў менскага клубу “Спадчына” і яго кіраўніка Анатоля Белага, пры падтрымцы мясцовых уладаў, у Маладзечне быў урачыста ўсталяваны памятны знак у гонар гісторыка  і ганаровага грамадзяніна горада Міколы Ермаловіча.





На жаль, пакуль яшчэ няма ў горадзе вуліцы, якая б мела імя нашага слыннага земляка, і не вісіць памятная дошка на доме, у якім ён жыў. Але, будзем спадзявацца, гэта пытанне недалёкай будучыні, бо праз 5 год у Міколы Ермаловіча 100-гадовы юбілей.


Алесь Капуцкі, Маладзечна, адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя

Фота Міколы Ермаловіча — аўтарства Анатоля Каляды з архіву Міхася Казлоўскага, фота дому і помнікаў — аўтара.  

www.racyja.com


Каментаваць