З гісторыі Алімпійскіх гульняў: наш каваль

У зборную СССР ён трапіў у «пенсійныя» для спартоўцаў 30 год. Але гэта не перашкодзіла яму неаднаразова здабываць залатыя і срэбныя алімпійскія медалі. Гаворка пра легенду беларускага і савецкага спорту кідальніка молату Рамуальда Кліма.

 


Калі не лічыць алімпійцаў Другой Рэчы Паспалітай сярод якіх былі беларусы, то ўпершыню нашы суграмадзяне выступілі на Алімпіядзе 1952 ў Хельсінкі ў складзе зборнай СССР. А першым беларускім медалістам стаў праз чатыры гады кідальнік молату Міхаіл Крываносаў, які заваяваў «срэбра».


Першы ж залаты медаль беларусамі здабыты ў 1964 годзе ў Токіа, яго ўладальнікам стаў Рамуальд Клім, таксама кідальнік молату.


Наступная Алімпіяда 1968 года ў Мехіка зноў прынесла Кліму медаль, праўда ўжо срэбны.


Рамуальд Іосіфавіч Клім быў неардынарным чалавекам. Ён нарадзіўся на Наваградчыне. Дзяцінства яго праходзіла «за польскім часам». Вайну Рамуальд пражыў у акупацыі.


Спортам Рамуальд Клім пачаў захапляцца яшчэ ў дзяцінстве. Дужы хлопчык лёгка здабываў перамогу на раённых спаборніцтвах. А пасля школы паступіў у інстытут фізкультуры. Дарэчы, спачатку Рамуальд займаўся боксам. І тут ён таксама меў пэўны поспех. Але пасля таго, як яго трэнер сышоў з інстытута, Клім задумаўся аб змене спартыўнага кірунку.


На рашэнне стаць кідальнікам молату ў нейкай ступені паўплываў той самы першы беларускі медаліст Міхаіл Крываносаў, калі Клім убачыў, як той прыгожа працуе з молатам.


У зборную СССР Рамуальд Клім трапіў толькі ў 30 год. Такі ўзрост для многіх спартсменаў лічыцца «пенсійным», але менавіта пасля трыццаці Клім станавіўся пераможцам мноства кубкаў і спаборніцтваў.


Спартыўную кар'еру Рамуальд Клім завяршыў ва ўзросце 40 гадоў у 1973 годзе. Дагэтуль яго тэхніка кідання молата лічыцца эталоннай.


Жыццёвы шлях яго таксама зусім не просты: быў і выкладчыкам, і трэнерам, і суддзёй вышэйшай кваліфікацыі, і афіцэрам СА, і прафесарам універсітэту. Але заўжды заставаўся даступным, шчырым, жыццярадасным і жыццядзейным чалавекам. Заўсёды быў гатовы дапамагчы, даць карысную параду. Нават будучы суддзём мог падказаць спартоўцу, дзе той зрабіў памылку. А гэта не надта вітаецца. Але ж ён увесь час імкнуўся заставацца настаўнікам.


Рамуальду Кліму былі рады ў любой кампаніі, а яго байкі ды анекдоты памятаюць многія. З асабістых сустрэч удзячная памяць трымае шмат. Вось хіба ж забудуцца яго выказванні, якія засталіся ў маёй памяці з асабістых сустрэч:


“Я ўсё жыццё перад дзяржавай сумленна выконваў свой грамадзянскі абавязак, яна ж чамусьці перада мной толькі супружніцкі...”


Ці пытаецца неяк: “Чаму гэта жанчыны ў нас жывуць даўжэй за сваіх мужоў? Сам жа і адказвае: бо у іх жонак не бывае!”  


Неяк на трыбуне падчас стартаў раптам пытае: «Алесь, а як па-украінску Хунвейбін (быў такі кітайскі камсамол)? Я здзівіўся ды кажу,  што ці па-кітайску, ці па-нарвежску ўсё адно Хунвейбін… "Не, — кажа. — вінбувх...й!". Тут ажно прысутны кітайскі масажыст у рогат паехаў...”

Каментаваць