З дзвярэй Дома ўраду Фёдар дастаў шкло, каб ніхто не парэзаўся

Палітвязню Фёдару Мірзаянаву ўсяго 20 гадоў. Хударлявы, у акулярах, ён спакойна і старанна даводзіць суддзі сваю пазіцыю. Быццам бы студэнт-выдатнік адказвае на іспыце. Якім чынам Фёдар Мірзаянаў апынуўся на Плошчы, як ён змяніў універсітэцкую лаву на лаву падсудных, у чым да лепшага перамянілі жыццё Фёдара снежаньскія падзеі — пра гэта мы гутарым з Людмілай Мірзаянавай, маці палітвязня.

 Няздадзены іспыт



Палітвязню Фёдару Мірзаянаву ўсяго 20 гадоў. Хударлявы, у акулярах, ён спакойна і старанна даводзіць суддзі сваю пазіцыю. Быццам бы студэнт-выдатнік адказвае на іспыце. Якім чынам Фёдар Мірзаянаў апынуўся на Плошчы, як ён змяніў універсітэцкую лаву на лаву падсудных, у чым да лепшага перамянілі жыццё Фёдара снежаньскія падзеі — пра гэта мы гутарым з Людмілай Мірзаянавай, маці палітвязня.

 Няздадзены іспыт

19 снежня Фёдар упершыню ўдзельнічаў у масавай вулічнай акцыі пратэсту. Хлопец прыйшоў на Плошчу са сваім лепшым сябрам Іллём Васілевічам (таксама асуджаным па справе пра «масавыя беспарадкі») падтрымаць тагачаснага кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. Як студэнту эканамічнага ўніверсітэта, Фёдару больш за ўсе іншыя імпанавала праграма эканаміста Раманчука.

Пытаюся ў спадарыні Людмілы, як яе сын, выдатнік прэстыжнага сталічнага ўніверсітэта, пераадолеў страх перад магчымым адлічэннем, арыштам і выйшаў на акцыю? «У гэтым няма нічога дзіўнага. У Фёдара даўно назапашвалася нейкае абурэнне, незадавальненне. Яшчэ ў 11 гадоў падчас адпачынку ў бабулі ў Нясвіжы ён за дзень да выбараў з сябрам панарабілі ўлёткі і раскідвалі іх па паштовых скрынях — гэта быў 2001 год. А ў 2006 годзе Федзя вельмі хацеў патрапіць на сустрэчу з Мілінкевічам. Ён разам з бацькам стаяў ля Дому афіцэраў, дзе Мілінкевіч сустракаўся з выбарцамі, і… не пайшоў — бацька яго адгаварыў», — распавядае Людміла Мірзаянава.

Ці пайсці на акцыю 19 снежня — Фёдар вырашаў самастойна. Пасля, адсядзеўшы 15 сутак адміністрацыйнага арышту, умудрыўся здаць чатыры залікі і тры іспыты. Апошні іспыт здаць не паспеў — зранку хлопца з хаты забралі супрацоўнікі МУС.

Людміла паказвае шматлікія дыпломы і граматы Фёдара за поспехі ў вучобе — іх столькі, што не змяшчаюцца на стале! Прызавыя месцы на алімпіядах па гісторыі, інфарматыцы, геаграфіі! З абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў Фёдар шмат разоў вяртаўся пераможцам у родныя Баранавічы. Напрыканцы лiпеня Фёдару зноўку выпала магчымасць пабыць на малой Радзіме. «Якое супадзенне: амаль суткі наш цягнік стаяў у Баранавічах!» — напісаў ён маці пра этапаванне ў калонію.

Гартаючы дыпломы, натыкаюся на падзячны ліст ад тагачаснага дэпутата парламента (цяперашняга намесніка гендырэктара «Мінск-Арэны» па ідэалагічнай працы) Мікалая Сергіенкі. Пафасны ліст аздоблены выявай Дома ўраду… Якое супадзенне!

Крызіс веры ў правасуддзе


Гэты год скараціўся ў Фёдара на адзін дзень. «Ён выкрасліў гэтую дату са свайго жыцця. Федзя пра яе не ўзгадвае, не пазначае ў лістах», — гаворыць Людміла Мірзаянава. Не, не 19 снежня. Гэта 14 мая — дзень вынясення прысуду. Людміла называе гэты дзень «крызісам веры ў правасуддзе». Фёдар шчыра спадзяваўся на справядлівае рашэнне суда, да апошняга верыў, што суддзя яго пачуе. «Пасля адміністрацыйнага арышту, яшчэ напачатку студзеня, мы з мужам сур’ёзна пагутарылі з Федзем, заклікалі распавесці праўду — што ён рабіў на плошчы. Мы прасілі яго на ўсялякі выпадак з’ехаць з краіны. У нас ужо было дамоўлена з універсітэтам у Маскве, з двума ўніверсітэтамі ва Уфе (радзіма мужа, Рыма Мірзаянава), з універсітэтам у Паўднёва-Сахалінску. Але Фёдар сказаў, што шкло не біў, таму яму баяцца няма чаго», — узгадвае маці палітвязня.

Людміла Мірзаянава клапатліва захоўвае для сына кнігі-падарункі ад беларускіх пісьменніка


Тое, што Фёдар не біў шкло, было засведчана нават на судзе. «Відэаздымка зафіксавала, як Фёдар падыходзіць да дзвярэй Дому ўраду, калі там ужо было выбіта ўсё шкло. З рамы дзвярэй тырчаў вялізны востры ашчэпак. Федзя яго дастаў і акуратна, спакойна паклаў на шафу, якой быў забарыкадаваны ўваход у Дом ураду — каб ніхто не парэзаўся. Нават бачна, як ён падскочыў, каб дастаць да шафы — яна была высокая», — працягвае Людміла.

Пракуратура ж настойвала на тым, што Мірзаянаў тры разы кідаўся ашчэпкамі шкла ў міліцыянтаў. Суд адхіліў беспадстаўныя довады пракурора, з выніковага вердыкту гэтае абвінавачанне выключыў — і пакараў Фёдара трыма гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля суду Фёдар яшчэ нейкі час пісаў абуральныя лісты маці, але з часам супакоіўся, пачаў ацэньваць падзеі саркастычна і нават дзякаваў лёсу за тое, што расплюшчыў яму вочы на беларускае правасуддзе.

Інтэрнацыянальная салідарнасць

Калі беларусам і расійцам было наканавана калі-небудзь аб’яднацца ў саюз, дык гэта ў справе абароны Фёдара Мірзаянава. Два разы на месяц ягоныя сваякі і сябры праводзяць пікеты ля беларускага прадстаўніцтва ва Уфе. У адным з такіх пікетаў удзельнічаў нават прафесар Уфімскага дзяржаўнага авіяцыйнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар тэхнічных навук Міхаіл Верхатураў.

Беларусы не адстаюць. Фёдару шмат лістуюць, праўда, лісты нават з самымі нявіннымі словамі падтрымкі рэдка прабіваюцца праз цэнзуру. Складана перадаць і кнігі, якіх ужо накапілася некалькі дзясяткаў — падарункі ад знакамітых беларускіх пісьменнікаў і музыкаў. Свае аўтографы для Фёдара пакінулі Лявон Вольскі, Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Арлоў і многія іншыя. Не забывае свайго выбарца і Аб’яднаная грамадзянская партыя, прадстаўнікі якой нават абяцалі падарыць ноўтбук для вучобы ў калоніі. Праўда, адміністрацыя калоніі забараняе перадаваць кампутар вязням — «не положено».

Людміла Мірзаянава са здзіўленнем распавядае пра ліст падтрымкі з Італіі: «У 2003 годзе Фёдара запрасілі ў склад журы на дзіцячы кінафестываль, які праходзіў у Італіі. І зараз, праз 8 гадоў, мы атрымалі ліст ад арганізатараў таго фестывалю са словамі падтрымкі Федзю і нам. Уяўляеце, яны самі нейкім чынам даведаліся пра зняволенне Фёдара і напісалі!»

Аднагрупнікі Фёдара таксама не забываюць свайго сябра і яго сям’ю, часта прыходзяць у госці да спадарыні Людмілы. Дарэчы, на момант напісання артыкула Фёдар Мірзаянаў яшчэ лічыўся студэнтам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «эканамічная кібернетыка». Месяц таму маці Фёдара тэлефанавалі з адміністрацыі ўніверсітэта і прасілі, каб яе сын напісаў заяву пра адлічэнне па сваім жаданні. «Я перадала Федзю гэтую просьбу, але ён катэгарычна адмовіўся — маўляў, я паступіў з самым высокім балам, і яшчэ буду адлічацца? Няхай тады самі і адлічаюць», — перадае рэакцыю сына Людміла. Гэты выпадак унікальны, бо звычайна студэнтаў-«крымінальнікаў» адлічваюць з першых дзён завядзення справы.

У сваю чаргу Людміла Мірзаянава стараецца, як можа, падтрымаць іншых вязняў: «Я псіхолаг па адукацыі, дык пішу палітвязням парады, як адаптавацца ў новых умовах, як адшукаць радасць там, дзе яны зараз знаходзяцца. Я імкнуся падтрымаць іх душэўную раўнавагу, высокае меркаванне пра сябе — гэта вельмі важна, калі цябе ўвесь час спрабуюць прынізіць і растаптаць».

Спадарыня Людміла праводзіць мяне з катом Пушысцікам на руках — улюбёнцам Фёдара. У адным з апошніх лістоў Фёдар нагадаў, што ў Пушысціка хутка дзень народзінаў — маўляў, рыхтуйце кату свята! Віншаванняў непасрэдна ад свайго гаспадара Пушысціку давядзецца пачакаць, роўна як ягоным аднагрупнікам — займальных турыстычных вандровак, якія часта арганізаваў Фёдар, стосам новых кніг — свайго цікаўнага чытача, універсітэцкім лавам — свайго студэнта, усім нам — новага абаронцу Беларусі.
 

Каментаваць