Зампаліт з гранатамётам

Гэты чалавек калісьці абяцаў абараняць прэзідэнта Лукашэнку з гранатамётам у руках. Сёння, 2 ліпеня, Віктар Кучынскі адзначае 60-гадовы юбілей. Нагода, каб успомніць цикавыя факты з яго біяграфіі.
Віктар Кучынскі. Крыніца: Знамя юности, люты 1990 года 

Віктар Кучынскі. Крыніца: Знамя юности, люты 1990 года 

Старшыня гарадскога савета г. Камянца Уладзімір Слінко моцна нерваваўся. Ускокваў з крэсла і хутка хадзіў па кабінеце. Бясконца піў ваду з графіна. Раз-пораз яго погляд падаў на настольны каляндар, дзе на лісце «Чацвер. 9 чэрвеня 1994 года» ад рукі было запісана: «Раённы Дом культуры, 10 гадзін».

Раптам зазваніў тэлефон і Слінко ўсёй скурай адчуў: здарылася дрэннае. Трымаючы слухаўку ў руцэ, Слінко адмаўляўся верыць.

— Ты што, звар’яцеў?! Каб святло было праз пяць хвілін! З працы выляцішь на старасці гадоў, ідыёт! — толькі тут Слінко зразумеў, што крычыць.

Слінко паглядзеў на гадзіннік: без чвэрці дзесяць. Трэба ісці самому разбірацца. Зноў задрыжэў тэлефон. Потым другі. Слінко зразумеў, што гэта па ягоную душу. Махнуў рукой і выйшаў.

Ад гарсавета да раённага Дома культуры — пяць хвілін ходу. Слінко крэкнуў з дасады, калі ўбачыў вялікі натоўп людзей. Чалавек трыста стаялі каля ўваходу. Халера цябе прынесла сюды, падумаў раззлаваны Слінко. Няўжо не мог у суседні раён?

У думках Слінко пракляў старшыню выканкама райсавета Радкова: даручыў арганізаваць сустрэчу, а сам збег у Саўмін.

Падыйшоўшы да будынка, Слінко заўважыў цемнавалосага чалавека гадоў трыццаці пяці з вусамі ў цёмным касцюме, у белай кашулі і з гальштукам. Быў ён невысокага росту, аднак моцнага целаскладу. Выступаў энергічна, але чамусьці заплюшчваў вочы. Кожнае слова падмацоўваў узмахам рукі, сціснутай у цяжкі кулак.

— Не верце, людзі добрыя! Ніколі Лукашэнка не быў старшынёй калгаса, ён — дырэктар саўгаса! Я вельмі даражу сяброўствам з ім, упэўнены, што гэтага жадалі б мільёны людзей! Камянец і Кобрын падтрымаюць кандыдата ад народа! А яны да чаго дайшлі? Святло адключаюць!

— Дык ён і адключыў! — некалькі чалавек з натоўпу выштурхнулі Слінко да выступоўцы. — Гэта старшыня гарсавета.
— Старшыня? — чалавек з вусікамі пацягнуў Слінко да прыступак, дзе стаялі кандыдат у прэзідэнты Лукашэнка, дэпутат Вярхоўнага Савета ад Камянецкага раёна Валерый Зяленін і два дужых хлопца — ахоўнікі.
— Вось, старшыня гарсавета, — сціпла адрэкамендаваў Слінко чалавек з вусікамі.
— Ты чаму святло адключыў? — спытаў Лукашэнка, сцапіўшы наперадзе рукі ў замок.
— Ніхто не адключаў, Аляксандр Рыгоравіч, аварыя, — затросся ад страху Слінко.
— Аварыя, кажаш, — лісліва спытаў Лукашэнка. І тут ярасць прарвалася вонкі. — Святло давай!
Лукашэнка і чалавек з вусікамі літаральна прыціснулі Слінко да сцяны. Яму здалося, што зямля сыходзіць з-пад ног…

Вышэйапісанае — зусім не аўтарская выдумка, а рэальная падзея, якая адбылася 9 чэрвеня 1994 года падчас наведвання Лукашэнкам г. Камянца Брэсцкай вобласці ў першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Святло падалі толькі ў 10:40. Як высветліла раённая пракуратура, аніякая палітычная правакацыя тагачасных уладаў не мела месца. Адключэнне было выклікана разбурэннем галоўнага апорнага ізалятара на станцыі. У выніку ўвесь горад застаўся без электрычнасці. Начальнік раённых сетак сышоў на пенсію, а некаторыя супрацоўнікі атрымалі вымовы і пазбавіліся прэмій за чэрвень ад 25 да 100%. Дасталося Слінко і іншым адказным работнікам мясцовай адміністрацыі.

Прозвішча чалавека з вусікамі, які пацягнуў Слінко, было Кучынскі — дэпутат Вярхоўнага Савета, які калісьці абяцаў абараняць прэзідэнта Лукашэнку з гранатамётам у руках.


«Канкрэтны» чалавек


Асаблівасцю Узброеных Сіл СССР была наяўнасць у іх шматтысячнай кагорты намеснікаў камандзіраў вайсковых частак па палітычна-ваеннай працы, інакш кажучы, зампалітаў. Галоўная задача гэтых дзеячаў палягала ў выхаванні асабістага складу ў духу камуністычнай ідэалогіі і ў пастаянным ўдзёўбаванні ў галовы воінаў думкі аб тым, што «от тайги до британских морей Красная Армия всех сильней». Адным з такіх незлічоных зампалітаў вайсковай часткі №06986 г. Кобрына Брэсцкай вобласці Беларускай ССР быў 31-гадовы лейтэнант Віктар Францавіч Кучынскі. Ураджэнец Гомельшчыны, Віктар Кучынскі скончыў Мінскі электратэхнікум сувязі і Курганскае сярэдняе ваенна-палітычнае вучылішча, але не згубіўся на прасторах неабсяжнай Расіі, а асеў на захадзе роднай рэспублікі.

Віктар Кучынскі на перадвыбарных сходах, 1990. Крыніца: Камуністычная праца, люты 1990 года

Віктар Кучынскі на перадвыбарных сходах, 1990. Крыніца: Камуністычная праца, люты 1990 года

У Кучынскага ўсё было стандартна: служба, сям’я, сын і дачка. Але тое, што Віктар пайшоў вучыцца (завочна) на гістфак БДУ яўна сведчыла пра амбіцыі маладога чалавека. І калі насталі выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання, то Кучынскі не вагаўся і паспяхова зарэгістраваў сваю кандыдатуру. Тым больш, што ён быў вылучаны Кобрынскай гарадской камсамольскай арганізацыяй.

4 лютага 1990 года галоўная маладзёжная газета рэспублікі «Знамя юности» апублікавала інтэрв’ю з кандыдатам у народныя дэпутаты па Кобрынскай гарадской выбарчай акрузе №125 Віктарам Кучынскім пад назвай «Обратной дороги нет» (неўзабаве праграма кандыдата «Неабходны механізм канкрэтных дзеянняў» з’явілася ў выданні Кобрынскага гаркама КПБ «Камуністычная праца»). Кучынскі, як і іншыя многія прэтэндэнты, выступаў за барацьбу з прывілеямі дзяржаўных і партыйных чыноўнікаў, за аптымізацыю расходаў на адміністратыўны апарат. У праграме лейтэната прывабліваў заклік спыніць дапамогу з боку СССР краінам «трэцяга свету» і паставіць пад кантроль усе знешнеэканамічныя дамовы Савецкага Саюза.

У перадвыбарчай праграме Кучынскага меў месца яўны элемент папулізму. Напрыклад, кандыдат прапаноўваў усталяваць для жанчын, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, 20-ці гадзінны працоўны тыдзень. І ўжо зусім фантастычна гучала прапанова Кучынскага пра тое, каб на працягу трох гадоў прамысловыя прадпрыемствы са шкоднай вытворчасцю перапрафіліравалі сваю дзейнасць.

Фігура кандыдата Кучынскага стала аб’ектам увагі выбаршчыкаў. На старонках «Камуністычнай працы» з’яўляліся артыкулы, прысвечаныя «за» і «супраць» кандыдата. Некаторыя чытачы, напрыклад, адзначалі звышкатэгарычнасць Кучынскага, ягоную нізкую кампетэнцыю ў эканамічных пытаннях, у прыватнасці, у дзяржразліку, імкненне ліквідаваць «дзедаўшчыну» ў войску сілавымі метадамі.

Віктар Кучынскі на перадвыбарных сходах, 1990. Крыніца: Камуністычная праца, люты 1990 года

Віктар Кучынскі на перадвыбарных сходах, 1990. Крыніца: Камуністычная праца, люты 1990 года

Канкурэнты ў Кучынскага былі вельмі не слабыя і займалі ўплывовыя пасады: старшыня народнага суда Кобрынскага раёна, кіраўнік будтрэста №33 г. Кобрына, загадчык аддзела народнай адукацыі Кобрынскага гарвыканкама, дырэктар Кобрынскай райаграпрамтэхнікі. Аднак Віктар перамог ужо ў першым туры 4 сакавіка 1990 года: з 29424 выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні, маладога афіцэра падтрымалі ажно 20511 чалавек.

Народны дэпутат


У Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання Кучынскі праявіў сапраўдную актыўнасць. 27 ліпеня 1990 года пастановай парламента №209-XII Віктар быў зацверджаны ў якасці сакратара пастаяннай камісіі па справах моладзі. Намеснікам старшыні камісіі быў знакаміты Анатоль Лябедзька. У ліпені таго ж года Кучынскі і Лябедзька накіравалі запыт у сталічную пракуратуру: разабрацца з махінацыямі пры падзеле маёмасці пры перадачы адміністрацыйных будынкаў паліклінічнага і стацыянарнага аддзялення па вуліцах Энгельса і Ульянаўскай.

Прыгожыя жанчыны ў захапленні ад Кучынскага. Крыніца: Камуністыная праца. 1990

Прыгожыя жанчыны ў захапленні ад Кучынскага. Крыніца: Камуністыная праца. 1990

Выступы Кучынскага ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання заўсёды мелі рэзананс. Яны ўдала спалучалі сарказм і агрэсіўную наступальнасць. У гэтым Кучынскі мог супернічаць са сваім калегам Лукашэнкам. Вось, што, напрыклад, казаў Кучынскі ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання 27 чэрвеня 1990 года пры абмеркаванні пытання, датычнага Чарнобыльскай катастрофы: «В ряде мест нехорошая морально-психологическая обстановка. Некоторые ударились в панику. Побывав в Брагинской зоне, я делаю вывод, что наших людей превратили в подопытных кроликов, на которых проводят эксперименты, начиная отместных врачей и кончая комиссией МАГАТЭ».

Уліковая картка Віктара Кучынскага.

Уліковая картка Віктара Кучынскага.

Альбо выступ 4 чэрвеня 1993 года: «Будь моя воля, я бы на сегодняшний день запретил бы всякую политическую деятельность, я имею ввиду партийную деятельность, ввёл бы государственное конституционное правление».

У Вярхоўным Савеце ў Кучынскага складваюцца добрыя адносіны з Лукашэнкам. Віктар Францавіч без ваганняў уваходзіць у часовую камісію Вярхоўнага Савета (старшынёй 4 чэрвеня 1993 года быў абраны Аляксандр Лукашэнка) па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх органах улады і кіравання.

Чытайце таксама:

Без кампрамісаў?


Калі 14 снежня 1993 года Лукашэнка агучыў выніковы даклад камісіі, Кучынскі заявіў: «Шушкевичу надо было спросить разрешения у Верховного Совета, а потом ехать хоть в Африку» (старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч 14 снежня 1993 года тэрмінова вылецеў у Ташкент — Аўт.).


Выбары-94


Віктар Кучынскі стаў адной з ключавых фігур у камандзе Лукашэнкі падчас першай прэзідэнцкай кампаніі. Кучынскі, напрыклад, вёў перамовы з партыяй Славянскі Сабор «Белая Русь» па пытанні падтрымкі Лукашэнкі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Падчас кампаніі Кучынскі падпісаў шэраг заяў у падтрымку Лукашэнкі: аб ліквідацыі часовай камісіі па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх органах улады (красавік 1994 года), аб інцыдэнце ля Дом Урада ў чэрвені 1994 года, калі Лукашэнку ахова «испачкала пиджак, разорвала брюки, нанесла телесные поврежения в области кистей рук». Кучынскі — непасрэдны ўдзельнік т.зв. «ліёзненскай справы» — стрэл па аўтамабілі, у якім знаходзіўся Лукашэнка, у чэрвені 1994 года.

Як трапна заўважыў Аляксандр Фядута («Лукашенко. Политическая биография»), Кучынскі падчас першых прэзідэнцкіх выбараў амаль заўсёды выступаў перад Лукашэнкам, «разогревал публику».

Пісталет і гранатамёт


Пасля перамогі Лукашэнкі на першых прэзідэнкіх выбарах Віктар стаў ягоным памочнікам па асобых даручэннях. І — фігурантам «карупцыйнага» даклада дэпутата ад апазіцыі БНФ Сяргея Антончыка 20 снежня 1994 года. Антончык сцвярждаў, што Кучынскі аднойчы бегаў па рынку (дзе і калі — не ўдакладнялася — Аўт.) «с пистолетом в руках и выяснял отношения с алкашами и хулиганами». Акрамя таго, па словах Антончыка, Кучынскі аказваў ціск на следчых у справе аднаго з кіраўнікоў «Прыорбанка» Шышова, які быў арыштаваны ўвосень 1994 года (сёння Сяргей Іванавіч шчасна кіруе банкам — Аўт.).

Кучынскі не адмаўляў факт інцыдэнту на рынку і заявіў, што канфлікт быў справакаваны асобай каўказскай нацыянальнасці. «Скоро белорусы превратятся в людей второго сорта!», — эмацыянальна зазначыў памочнік Лукашэнкі. Менавіта тады, 20 снежня 1994 года прагучала знакамітая фраза Кучынскага пра гранатамёт. Яна і на сённяшні дзень трактуецца па-рознаму. У арыгінале паводле стэнаграмы паседжання сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання яна гучыць так: «Я готов и буду защищать честь и достоинство граждан Республики Беларусь, в том числе и президента, я буду это делать, если в этом будет необходимость, с гранатомётом».

Менавіта словы пра гранатамёт. Крыніца: Свабода, снежань 1994 года

Дарэчы, камісія Вярхоўнага Савета 12-га склікання па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю высветліла, што па пытанні Шышова следчыя Генпракуратуры не паддаліся на ціск Кучынскага.


Зноў дэпутат і бел-чырвона-белы сцяг


Віктар Францавіч балатаваўся ў Вярхоўны Савет Беларусі 13-га склікання і адразу стаў шчасліўчыкам: атрымаў перамогу ўжо ў першым туры 14 мая 1995 года па Кобрынскай гарадской выбарчай акрузе №23. Сваё перадвыбарчае крэда Кучынскі («майор запаса, юрист и политолог») прадставіў так: «Я — за экономический и духовный союз с Россией и другими странами СНГ. Я не хочу разрухи, войны, крови, национализма, вранья, бездарного управления страной, непредсказуемого будущего для своего народа».

Кучынскі, канешне, падтрымаў лукашэнкаўскі рэферэндум (14 мая 1995 года), на якім адно з пытанняў тычылася змены сімволікі. Аднак Віктар публічна асудзіў Івана Ціцянкова, кіраўніка справамі Адміністрацыі прэзідэнта, які разарваў бел-чырвона-белы сцяг. У сваёй акрузе №23 Кучынскі прапанаваў здаць бел-чырвона-белы сцяг у музей.

У Вярхоўным Савеце 13-га склікання Кучынскі быў не надта актыўны: уплывала праца на пасадзе памочніка прэзідэнта. Аднак архіўныя стэнаграмы захавалі некаторыя моманты. Напрыклад, 18 студзеня 1996 года пры абмеркаванні кандыдатуры на пасаду старшыні камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Кучынскі прапанаваў рухацца далей у справе дэкрыміналізацыі заканадаўства: «У нас в республике если убил человека — 5 лет, украл куртку — 10 лет, а ребенка судят за “Сникерс”».

Начальнік і дырэктар…Чукоткі


Калі Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум (24 лістапада 1996 года) аб зменах у Канстытуцыю і ліквідацыі Вярхоўнага Савета, то пытання для Кучынскага не існавала. Ён цалкам падтрымаў Аляксандра Рыгоравіча і напісаў заяву аб жаданні стаць дэпутатам новага органа — Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Больш таго: 22 студзеня 1997 года Кучынскі аднагалосна быў зацверджаны начальнікам Сакратарыята Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь. У сваёй прамове Кучынскі заявіў, што праца Сакратарыята «должна проходить не по сценарию известного фильма “Свадьба в Малиновке”, а в строгом соответствии с законом».

Аднак у Лукашэнкі былі іншыя планы. Літаральна праз месяц Сакратарыят Нацыянальнага схода быў ліквідаваны. Аднак Лукашэнка не пакінуў сябра: 9 чэрвеня 1997 года падпісаў указ аб прызначэнні Кучынскага дырэктарам Дэпартамента па гуманітарнай дапамозе. На гэтай пасадзе Віктар Францавіч працаваў ажно да 5 кастрычніка 2001 года.

Рэзкія словы


З той пары лёс Кучынскага быў звязаны з Палатай прадстаўнікоў (абіраўся па Кобрынскай акрузе №11). Не кранаючы асабіста Лукашэнку, Кучынскі, тым не менш, дазваляў сабе крытыку дзяржаўнага курса. Так, у лістападзе 2002 года Кучынскі выступіў супраць «недоразвитого социализма». Аднойчы Лукашэнка публічна заўважыў: ці мой гэта чалавек Кучынскі, які кажа такія рэчы.

Беларускі радыкал


Характэрным момантам у мірапоглядзе Кучынскага была непрыязнасць да асоб усходняй і каўказскай нацыяльнасці. Напрыклад, у лістападзе 2004 года Кучынскі ставіў пытанне аб тых людзях, якія нібыта па-за законам знаходзяцца ў Беларусі і «потеснили наших людей на рынках». Віктар заклікаў здзейсніць «зачистку от Бреста до восточных рубежей». Не ўсе калегі віталі Кучынскага. Вольга Абрамава прыстрашыла Кучынскаму судом.

Але Віктар Францавіч не здаваўся. У красавіку 2005 года ён прапанаваў саджаць гомасексуалістаў.

Аляксандр Мех і ганьба


Кучынскі зразумеў, што Лукашэнка трымае яго на кароткім ланцужку і таму імкнуўся застацца дэпутатам. 20 мая 2008 года Кучынскі сустрэўся з Лукашэнкам і праінфармаваў апошняга пра стан Кобрына і раёна. Менавіта тады, як сцвярджалі недзяржаўныя СМІ, Лукшэнка згадзіўся на правядзенне Дажынак у Кобрыне.
Аднак ўзнікла недарэчнасць. На выбарах-2008 у Палату прадстаўнікоў вырашыў удзельнічаць незалежны мясцовы інжынер Аляксандр Мех. Кучынскі падставіўся тым, што ягоны памочнік Філіновіч заявіў, што калі Мех не зніме сваю кандыдатуру, то ягоную жонку звольняць з працы. Аляксандр Мех запісаў размову з кобрынскім кіраўніцтвам на телефон. Магчыма, гэта стала прычынай таго, што замест Кучынскага быў абраны іншы кандыдат.

***
У верасні 2009 года ў Кобрыне прайшлі «Дажынкі». Аднак гэта не было свята Віктара Кучынскага.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Зінаіда
  • 2018-07-02 08:36:34
Думаю, што віньшаваць такіх людзей не трэба. Бо яны здалі б усю Беларусь у музей, не толькі сцяг
  • петр
  • 2018-07-02 15:44:18
Вот и вся свита бывшая и теперешняя

Каментаваць