Заступнік Курапатаў. Успаміны Вацлава Нямковіча

На 88-м годзе жыцця адышоў у лепшы свет Вацлаў Адольфавіч Нямковіч — сапраўдны і моцны беларус, годны сын сваёй зямлі. Я збіраў матэрыял для вялікага інтэрв’ю з ім, але не паспеў. У гаворцы мы прыпыніліся на тым, як у Заходнюю Беларусь прыйшлі Саветы.




Гэты чалавек жыў з Богам і не быў пустадомкам. Любіў родны край і свой народ, турбаваўся за лёс Беларусі. Шмат гадоў аддана рупіўся Курапатамі і быў заступнікам гэтага святога для кожнага беларуса месца. Прапаную вашай увазе фрагменты ўспамінаў Вацлава Нямковіча, якія дазваляюць зразумець вытокі яго грамадскага чыну.  



Старонкі дзяцінства

 

Я нарадзіўся 19 красавіка 1929 года ў вёсцы Гаўрылаўцы Слабодскага сельсавету Браслаўскага раёну. Наша вёска стаіць на беразе рэчкі Друйкі, якая злучае ўвесь лабірынт знакамітых Браслаўскіх азёраў і нясе свае воды ў Заходнюю Дзвіну. Друйка — вельмі прыгожая рачулка, у якой водзяцца ракі і ўсё рыбнае багацце, якім славіцца Беларусь.

 

Мой бацька памёр у 1932 годзе, калі яму яшчэ не было і 40 гадоў. Ён прыйшоў з вайны зусім слабы, бо на фронце захварэў цынгою. Родам ён з суседняй вёскі Каласцянскія Русцягі, што месціцца сярод азёраў у чатырох кіламетрах ад нашай вёскі. Бацька араў зямлю, крыў дахі, рубіў бочкі, плёў кашы. Рабіў розную сталярную і цяслярскую працу. Маці родам з вялікай працавітай сям’і Бондараў з вёскі Турчылава, што ля мястэчка Друйск, дзе жылі і працавалі адны габрэі. Захаваўся здымак — стаяць пяцёра прыгожых дачушак — адна ў адну, а на каленях у бацькоў сядзіць малодшы сын. Абодва рады — Нямковічы і Бондары — былі сапраўднымі вернікамі-каталікамі.

 

З вясковага дзяцінства запомніў родны панадворак, вуліцу, вуду, з якой бегаў па рыбу, цікавасць знайсці гняздо птушак, але не для таго, каб нішчыць яго, а дабудаваць… Хадзіў да бабулі і дзядулі ў Турчылава, каб праведаць і атрымаць гасцінец. Жылі мы пад Польшчай ля самай мяжы — у дваццаці кіламетрах ад Савецкага Саюза. Адсоткаў на 80 жыхарамі вёскі былі габрэі, астатнія — беларусы. Палякаў было няшмат: ксёндз, настаўнік, афіцэры з памежнікаў, а таксама асаднікі.

 

Хоць я і з беднай сям’і, але ніколі не заставаўся голым і босым. Больш заможныя землякі куплялі мне порткі і боты. Капітан, камандзір батальёна польскага Корпуса аховы памежжа, прызначыў мне штодзень абеды ў вайсковай казарме. Дарэчы, нас у маці было чацвёра — два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Гэта тыя, хто выжыў. А яшчэ чацвёра памерлі.

 

Знаёмства з камунізмам

 

Сястра ўжо скончыла школу, брат хадзіў у школу, а я каля брата і ягоных сяброў вучыўся чытаць. Галоўная мая чытанка — старонкі польскіх газет і часопісаў, якімі замест шпалераў былі паклееныя сцены нашай хаты. Чытаў я ахвотна, прыкладаў люстэрка, калі тэкст ішоў наадварот, а калі папера адклейвалася, пазногцем здзіраў яе як мага далей, каб дакладней расчытаць тэкст. Чытаў я бегла, і мяне адразу ўзялі ў другі клас. І недзе ў 1937 годзе я прачытаў, што нейкі польскі звярынец прыдбаў двух вярблюдаў і назвалі іх Уладзімір Ленін і Леў Троцкі.


А перад гэтым кухарка ў казарме падаравала мне прыгожыя кардонкі ад імпартнага тытуню для Гродзенскай тытунёвай фабрыкі Шарашэўскага. На гэтых кардонках, дзе я захоўваў свае «пацалуйкі» — аскепкі парцаляну для гульні ў класы — быў цікавы малюнак: араб з вялікай вязкай тытуню сядзіць на прыгожым вярблюдзе. Колькі ў мяне было радасці, што мае «пацалуйкі» захоўваюцца ў такіх шыкоўных скрыначках! Апроч таго, у той жа час з польскага каталіцкага часопісу «Niepokalane poczęcie» («Бязгрэшнае зачацце») я даведаўся, што ў Іспаніі ідзе грамадзянская вайна, а таксама пра тое, што Ленін і Троцкі — вельмі дрэнныя людзі. Вось чаму я быў дужа пакрыўджаны, што такім прыгожым жывёлам, як вярблюды, далі імёны такіх кепскіх людзей, як Ленін і Троцкі.

 

Уранку я падышоў да маці, якая рыхтавала сняданак ля печкі, і шморгнуў яе за спадніцу з пытаннем: «Чаму вярблюдаў назвалі Ленін і Троцкі?» А яна ў адказ пачала жаліцца, што жыццё праклятае, галлё сырое, не гарыць, есці зварыць не магу, а ты мяне тузаеш: «Карову завуць Мілкай, кошку — Машкай, а вярблюдам таксама далі імёны!». Вось так адбылося маё першае знаёмства з камунізмам.



Прыйшлі Саветы і ўсё знікла

 

Я пайшоў у пяты клас, калі прыйшлі бальшавікі. Вучыўся я добра, мне падабаліся ўсе прадметы. Аднак па-руску я не размаўляў, бо школа была польская, а ў вёсцы ўсе гаварылі па-беларуску.

 

Памятаю, калі пасвіў кароў, мне загадалі нешта знайсці «на чердаке», дык я не мог уцяміць, што гаворка ідзе пра паддашак. І каб зразумець тэкст расійскіх плакатаў і аб’яваў, я пачаў вучыць кірыліцу. Спачатку ў школе, потым сам. Над вёскай ляталі лятакі — скідалі цукар. Людзі глядзелі на лятакі як на цуд, бо раней ніколі іх не бачылі. Цукрам спачатку грэбавалі, баяліся атруціцца. Толькі пасля таго, як адна жанчына лізнула кавалак цукру, людзі асмялелі…

 

Бывай, наш дарагі Вацлаў Адольфавіч Нямковіч




Штодзень у вёску прыходзіў палітрук, збіраў аднавяскоўцаў на мітынг, каб слухаць кружэлкі на патэфоне. Слухаць «Катюшу», «Три танкиста», «В колхозах хлеба полные амбары»… А матуля, як прыйдзе дахаты, кажа: «Дзеткі, голад будзе. Палякі спявалі пра каханне, пра любоў, а тут пра хлеб спяваюць. Значыць, будзе голад». Як у люстэрка глядзела!

 

Раней хоць мы былі беднымі, аднак не галадавалі, бо гэтага не дапускалі суседзі. А тут есці няма чаго — і ніхто не дапамагае. Саветы як прыйшлі, адразу абклалі людзей падаткамі. Затым зніклі запалкі. Давялося аднаўляць старажытныя метады здабычы і захоўвання агню. Потым зніклі соль і газа. Мы пра гэта на мітынгу палітруку кажам, а ён нам кружэлкі круціць пра калгасы з поўнымі клецьмі. І так да сярэдзіны зімы 1939–1940 гадоў.

 

Потым сталі даваць запалкі. Пачак дзялілі на некалькі хатаў. Соль мералі пачкам ад запалкаў, а газу з бочкі — маленькімі бутэлечкамі. Вось такое было шчаслівае і вольнае жыццё пад Саветамі.

 

Як я сам сябе абуў

 

У школу я пахадзіў мала. У 1939 годзе пачаліся першыя маразы. А я іду ўздоўж возера і вельмі хочацца лёд памацаць, пабачыць рыбу, якая плавае пад лёдам. А ў мяне боты разваліліся — адляцела падэшва ад старога самаробнага чаравіка. Вось чаму той зімою ў школу я так і не пайшоў.

 

Каб туды вярнуцца, дазнаўся тэхналогію вырабу скуры. Узяў вапны, сабраў дубовай кары, вымачыў у тарфяных западзінах на балоце скуру, панамазваў яе вапнай, затым склаў скуру поўсцю ў сярэдзіну і загарнуў у кару дуба. Праз месяц атрымаў сырэц, з якога пашыў боты і шапку. Так я падоўжыў навучанне…

 

Пасля вайны Вацлаў Нямковіч атрымаў адукацыю інжынера-цеплаэнергетыка, працаваў у акадэмічным Інстытуце цяпла і масаабмену імя Аляксея Лыкава, выхаваў двух цудоўных сыноў і пяцёх унукаў, з пачатку 1990-х гадоў узначаліў грамадскае аб’яднанне «Хрысціянская злучнасць «Курапаты», якое апекавалася народным мемарыялам. Напрыканцы 2013 года ўвайшоў ў грамадскую ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў», каб працягваць справу па зберажэнні нацыянальнага некропаля. Грамадскі чын гэтага чалавека назаўжды упісаны ў найноўшую гісторыю Бацькаўшчыны.

Каментаваць