Зінаіда Цімошак

У беларускім дэмакратычным асяродку, асабліва ў рэгіёнах, існуе дастаткова папулярнае меркаванне, што ў беларускай апазіцыі многа «генералаў» і мала «шарагоўцаў». Гераіня гэтага нарыса — менавіта «шараговая» ў тым сэнсе, што не піярыцца ў СМІ, а сціпла робіць штодзённую канкрэтную працу, патрэбную для людзей, на якую, аднак, мясцовыя ўлады рэагуюць рэпрэсіямі.
 



Вясковае дзяцінства

Нарадзілася Зінаіда Цімошак 27 чэрвеня 1955 года ў вёсцы Аксаміты Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Апрача яе ў сям’і было яшчэ чацвёра дзяцей. Амаль усе сталі настаўнікамі, што цалкам зразумела, бо і бацькі і большасць іх сваякоў выкладалі ў школе.

Маці, Марыя Васільеўна, мела нямецкія карані. Яе продкі сталярнічалі ў Радзівілаў. Яна выкладала геаграфію ў вясковай школе. Хадзіла на працу за пяць кіламетраў ад вёскі, дзе жыла.

Бацька, Вячаслаў Іванавіч, выкладаў беларускую мову і літаратуру. Падчас вайны ён быў партызанам. Захварэў і стаў інвалідам. У юнацтве сябраваў з пісьменнікам Янкам Скрыганам, любіў слухаць Радыё «Свабода» і «Голас Амерыкі».

Шмат гадоў таму Зінаіда Цімошак расказвала мне, як сялянскія дзяўчынкі тых гадоў выраблялі для сябе лялькі — пачатак кукурузы заварочвалі ў анучкі. І любілі іх не менш, чым сучасныя дзяўчынкі любяць Барбі.

Інтарэсы ў дзяцінстве мела рознабаковыя. Запоем чытала кніжкі, прычым любіла гэта рабіць, залезшы на верхавіны дрэў, што выклікала жах у дзяўчынак-аднагодак. Была сваёй у кампаніі хлапчукоў, якія ахвотна прымалі яе ў каманду падчас гульняў у футбол і хакей.

Сямейны выбар

Спачатку Зінаіда паступала ў прэстыжны інстытут (зараз — універсітэт) замежных моваў, але не прайшла па конкурсу. Не хапіла паловы бала. Каля года працавала на Мінскім шарыкападшыпнікавым заводзе, дзе ёй прапаноўвалі паступаць у РТІ, але настаўніцкія гены падказалі іншы шлях — педінстытут. Абрала «гісторыю і замежную мову». У будучым яе неаднаразова будуць выкарыстоўваць у якасці перакладчыка, а часам і экскурсавода.

Размеркаванне атрымала ў вёску Салігорскага раёна. Праз два гады выйшла замуж за бухгалтара мясцовага калгаса, які даволі часта мяняў месцы жыхарства і працы. Так апынулася ў пасёлку Вежы Слуцкага раёна Мінскай вобласці, дзе пражыла 19 гадоў.

Пасёлак быў пабудаваны для чарнобыльскіх перасяленцаў. З абароны іх правоў у другой палове 1990-х і пачалася грамадска-палітычная дзейнасць Зінаіды Цімошак.

Вясковае іншадумства

Справа ў тым, што прыватызаваць новыя кватэры перасяленцам забаранялася. Разам з імі яна прайшла амаль усе ўладныя структуры, у тым ліку і Адміністрацыю прэзідэнта. Па сутнасці, гэта і стала штуршком да адкрытага змагання з мясцовай бюракратыяй, у працэсе якой Зінаіда далучылася і да палітычнай дзейнасці.

А да таго яна жыла сваім прыватным жыццём. Пасля разводу з мужам выхоўвала дачку, працавала ў школе. Мела шмат сялянскіх клопатаў, вырошчвала садовыя суніцы на продаж.

На прэзідэнцкіх выбарах прагаласавала за Зянона Пазьняка. Вабіла яго праграма Адраджэння Беларусі. У другім туры, выбіраючы паміж Кебічам і Лукашэнкам, свой голас аддала на карысць цяперашняга кіраўніка краіны. Хацелася перамен. Але ўжо падчас першага з’яўлення яго на экране тэлебачання спужалася за будучыню Беларусі.

Падчас восеньскага рэферэндуму 1996 года ўласнаручна прымацавала на дзвярах школы, дзе павінна было праходзіць галасаванне, артыкул Паўла Шарамета «В Беларуси грядет «новый порядок». Удастся ли перед ним захлопнуть дверь?».

Калі пачаўся збор подпісаў за стварэнне «Хартыі–97», Зінаіда Цімошак не толькі паставіла свой аўтограф, але загітавала яшчэ больш за 60 землякоў. У дапаўненне да звароту «Хартыі–97» вяскоўцы дапісалі яшчэ адзін пункт — «Супраць паліцэйскай дзяржавы».

Можна толькі ўявіць, колькі негатыўных эмоцый гэта выклікала ў мясцовага начальства. Колькасць праверак настаўніцкай дзейнасці Зінаіды Цімошак значна ўзрасла. Але ўлады не ўлічылі два моманты.

Па-першае, характар Зінаіды Цімошак. Яна нідзе і ніколі не падлашчвалася да розных правяраючых і ніколі моўчкі не праглынала абразы. Па-другое, была не тым чалавекам, які трымаецца «да пасінення» за сваё працоўнае месца. Нягледзячы на прэсінг, працягвала на ўроках гісторыі і курса «Чалавек. Дзяржава. Грамадства» тлумачыць накірункі развіцця нашай дзяржавы.

Пасля ўвядзення кантрактнай сістэмы адбілася ад спробы звальнення «по истечению срока контракта». Дамаглася, што замест звальнення з ёй быў падпісаны кантракт на большую колькасць гадоў, чым з іншымі настаўнікамі. Ці не ёсць гэта доказам, што гонар і годнасць, актыўная пазіцыя, а не ціхае прыстасаванства — найлепшы спосаб застацца самім сабой, захаваць павагу вучняў.

Чапляцца за школу Зінаіда не стала — адбіліся нервовыя перагрузкі, і праз год пасля падпісання новага кантракту пайшла на пенсію па выслузе гадоў.

Маральна-палітычны выбар

Пасля падпісання «Хартыі–97» Зінаідзе Цімошак было не проста цяжка, а вельмі цяжка працаваць. Асабліва, калі ўзгадаць, што менавіта вёска была традыцыйным апірышчам дзейнага прэзідэнта. А тут такое выключэнне…

Больш за тое, пасля падпісання аднаго з самых вядомых апазіцыйных дакументаў яна атрымала па пошце ліст, у якім невядомыя аўтары даводзілі, што ёй «вынесены прысуд». У адказ яна ўступіла ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю, у шэрагах якой знаходзілася да 2001 года. Для ўлады гэта была аплявуха, якую не даруюць і не забываюць. На мой погляд, менавіта тады мясцовыя чыноўнікі добра запомнілі прозвішча Цімошак.

У спіс падобных «аплявух» можна дадаць і кіраўніцтва ініцыятыўнай групай жонкі апальнага палітыка Міхаіла Чыгіра — Юліі Чыгір на парламенцкіх выбарах у 2000 годзе. І каардынацыю кампаніі адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года. Увогуле, яна прымала (у розных якасцях) удзел ва ўсіх выбарчых кампаніях. А гэта больш як дзесяць гадоў.

ЧП мясцовага маштабу

Адбылося яно летам 2009 года. На той час Зінаіда Цімошак цалкам пераключылася на грамадскую дзейнасць. Дакладней, на тую яе частку, якая скіравана непасрэдна на вырашэнне штодзённых людскіх праблем. Маем на ўвазе ямы на дарогах, лямпачкі ў пад’ездах, рамонт дамоў, судовыя працэсы і г.д. і да т.п.

Чыноўнікі розных узроўняў не на жарт нерваваліся, калі на канвертах бачылі яе не па-настаўніцку дробны почырк. І як жа радаваліся, калі бяда здарылася менавіта ў яе.

У падвале дома прарвала трубу, і чорная вада з мазутам затапіла двухпакаёвую кватэру Цімошак на першым паверсе. Высветлілася, што ў нас, як заўсёды, няма «крайніх». З падвала шматпакутнага дома нечакана ўсплыла вялікая палітыка.

Аказваецца, у апошнія гады прыгожы «чарнобыльскі» пасёлак стаў паказушным аграгарадком. То бок з балансу мясцовага калгасу яго знялі, а афіцыйнага новага гаспадара не прызначылі. І ніхто да здарэння з прарывам трубы пра гэта не памятаў. Альбо не хацеў...

Пераказваць далейшыя падзеі няма сэнсу па той прычыне, што друкаваныя словы пра выратавальнае «адно акно» і «сацыяльную справядлівасць» у нас можна ўбачыць ТОЛЬКІ ў дзяржаўных газетах і пачуць ТОЛЬКІ па дзяржаўным тэлебачанні...

Зінаіда Цімошак здолела сябе абараніць праз суд і атрымаць кампенсацыю матэрыяльных і маральных страт.

Церні забытых могілак

Напрыканцы 2009 года Зінаіда Цімошак была вымушана перабрацца ў Слуцк, і з гэтага моманту пачалося яе гарадское жыццё. Хаця (як і раней) у вёсках яна бывае даволі часта. Людзям трэба дапамагаць. І не толькі жывым.

Адзін пералік апошніх яе спраў (у большасці праваабарончага кшталту) зойме даволі шмат плошчы, таму я спынюся толькі на тым, што стала прычынай непрыемнасцей апошняга часу. Гаворка пра могілкі. Дакладней, пра тое, у якім стане тыя знаходзяцца.

Зінаіда Цімошак лічыць, што адносіны да продкаў — гэта адзін з паказальнікаў культурнага стану грамадства. Дзякуючы кампаніі «Кветкі замест асоту» пад патрабаваннем аб прывядзенні беларускіх вясковых могілак у парадак у Слуцку былі сабраны больш за 3000 подпісаў, а ў краіне — больш за 5000. У выніку аблвыканкамы атрымалі даручэнне ад Міністэрства ЖКХ навесці парадак на месцах пахаванняў і па магчымасці пачаць выконваць Закон аб пахаваннях: стварыць спецыялізаваныя брыгады або перадаць вясковыя могілкі на баланс ЖКХ.

У Слуцку па-ранейшаму ўлады не выконваюць Закон аб пахаваннях. Зачыненыя старажытныя могілкі, якія знаходзяцца амаль што ў цэнтры горада, улетку выглядаюць жудасна.

Магілы, што зараслі хмызняком і бур’янам (у тым ліку і паэта-дэмакрата Альгерда Абуховіча) шакавалі многіх, але толькі Зінаіда Цімошак вырашыла зняць з павесткі дня гэту праблему канчаткова.

Усе спробы навесці там парадак з 2008 года з дапамогай уладаў былі безвыніковымі. Мала вынікаў даў і суд па гэтай праблеме. Таму, калі ў раённым Савеце дэпутатаў прапанавалі Зінаідзе Цімошак правесці суботнік, яна ўбачыла ў гэтым рэальнае святло ў канцы тунелю.

Не раз даводзілася быць сведкам яхідна-іранічных адносін чыноўнікаў да сваіх апанентаў з апазіцыі. Маўляў, «болтать — не мешки с песком таскать». Канешне, бачыць падобнае непрыемна, але (дзеля праўды) трэба прызнаць, што пэўныя падставы для гэтага ёсць...

Напэўна, нехта разлічваў, што так будзе і ў нашым выпадку, але ён памыліўся. Зінаіда не толькі не адступілася ад сваёй ідэі, але і вырашыла засяродзіць на яе як мага больш увагі. Паколькі менавіта раённы Савет дэпутатаў мог дапамагчы фінансаванню ўпарадкавання могілак, яна запрасіла на мерапрыемства 25 дэпутатаў раённага Савета, напісала ліст з просьбай аб арганізацыі суботніка старшыні Савета, размясціла адпаведную аб’яву ў інтэрнэце.

1 кастрычніка 2011 года на слуцкіх могілках адбыўся незапланаваны (экстраардынарная рэч) уладамі суботнік. Апошнія (як амаль заўсёды) яго дэманстратыўна праігнаравалі, а вось грамадскія актывісты адной з вядомых структур так званага «трэцяга сектару» прынялі актыўны ўдзел. Што і скончыўся судовымі «разборкамі».

Для кожнага з дэпутатаў (слуцкае ЖКГ заявіла пра адсутнасць рыдлёвак) актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш дом» з іншых гарадоў прывезлі па рыдлёўцы, прымацаваўшы на іх таблічкі з прозвішчамі. Пазней у абвінавачваннях на адрас актывістаў гэтыя рыдлёўкі былі чамусьці былі ахарактарызаваны як рэчы «падобныя да крыжоў».

Даводзілася чуць, што ў многіх прадстаўнікоў беларускай апазіцыі гэта падзея выклікала адмоўную рэакцыю, але мне не хацелася б быць тут суддзёй. Як кажуць, што зроблена, то зроблена. Тым больш, што далей у гэтай гучнай гісторыі з’явяцца і сапраўдныя суддзі.

Дэпутаты на суботнік не прыйшлі, а пасля напісалі адпаведныя заявы ў мясцовы РАУС. 25 лістапада 2011 года адбыўся адміністрацыйны суд, які пакараў Зінаіду Цімошак штрафам у памеры 700 000 беларускіх рублёў.

Некаму гэтага падалося замала, і чацвёра «народных абраннікаў» вясной 2012 года зноў звярнуліся ў суд. Трое прасілі кампенсаваць іх «маральныя пакуты» ў памеры 5 мільёнаў рублёў, адзін — аж 7 мільёнаў. У судзе гэтыя вялікія сумы ператварыліся зноў у 700 000.

І нікога не засмуціў той факт, што засудзілі «без віны вінаватую», нават міліцыянты, што прысутнічалі на могілках падчас суботніка, не склалі ніводнага пратакола аб адміністрацыйных парушэннях.

Аднак зараз я хачу сказаць не пра гэта, бо і так добра вядома, якую нішу ў нашым грамадстве сёння займаюць суды.

Уразіла, што тыя, хто па сутнасці «падставіў» Зінаіду Цімошак, не сталі дзейнічаць па агіднаму прынцыпу «я — не я, і кабыла не мая». Больш за тое,у судзе засведчылі сваю прыналежнасць да інцыдэнту. У дадзеным момант ідуць розныя касацыі, таму я не буду пакуль называць прозвішч. Але з задавальненнем гэта зраблю, калі будзе пастаўлена канчатковая кропка.

Калі нехта думаў, што судовы пераслед спыніць былую сельскую настаўніцу, ён зноў памыліўся. Як вядома, бітвы выйграюць не генералы, а шараговыя салдаты.
 

Каментаваць