Зміцер Вайцюшкевіч: класік «паэзіі спяванай»

Вядомаму беларускаму спеваку, кампазітару і мультыінструменталісту, кіраўніку гурта WZ-Orkiestra Змітру Вайцюшкевічу спаўняецца 45 гадоў. Развагамі пра свой лёс і пакліканне ён дзеліцца з чытачамі НЧ.

Зміцер выконвае песні Яраміра Нагавіцы

Няма неабходнасці пераконваць, наколькі выдатны ўнёсак зрабіў гэты выканаўца ў сучасную беларускую культуру за гады сваёй творчай дзейнасці. Я б вылучыў, што Вайцюшкевіч сваімі песнямі, яркімі мелодыямі, мяккім выкананнем зацікавіў шмат маладых слухачоў беларускай паэзіяй — як класічнай, так і сучаснай. Знайшлося ў творчым багажы Вайцюшкевіча месца і для высокіх узораў сусветнай паэзіі, збольшага перастворанай па-беларуску.

— Зміцер, з чаго пачыналася ваша беларуская самасвядомасць?

— У тыя часы, калі я вучыўся ў Лідзе ў музычнай вучэльні па класе кларнета, я, як і многія беларусы і слухачы ў іншых краінах, упадабаў песні Уладзіміра Мулявіна і «Песняроў». Мяне ўражваў меладызм твораў Мулявіна, арганічнасць беларускай мовы ў іх выкананні. Безумоўна, гэта прыгажосць роднага слова выклікала ў мяне жаданне дакрануцца да нацыянальных крыніц, звязаць сваю будучую музычную кар’еру з беларушчынай. Я нават марыў, каб самому стаць удзельнікам «Песняроў».

Потым былі «KRIWI» і «Палац», які ў той час меў назву «Дворец кукурузных палочек». Падчас працы ў «Дварцы…» мы ўжо свядома зрабілі выбар на карысць беларушчыны і змянілі назву гурта на «Палац». Акрамя гэтага, мне захацелася адысці ад фальклору на карысць «паэзіі спяванай».


Вайцюшкевіч спявае для саброў ТБМ


— З моманту выхаду вашага першага альбома «Цацачная крама» прайшло ўжо 15 гадоў. Можна заўважыць, што вы ў сваіх песнях аддаяце перавагу класічнай паэзіі. Якія вершы натхняюць вас найбольш?

— Сапраўды, «Цацачная крама» — гэта першая мая спроба ў рэчышчы супрацоўніцтва з прафесіянальнымі паэтамі. Я звярнуўся да Леаніда Дранько-Майсюка з прапановай парэкамендаваць некалькі яго вершаў для маіх музычных кампазіцый. Вынік быў добры, і так з’явіўся сатырычны музычны цыкл «Цацачная крама». І хаця пасля гэтага цыкла ў мяне быў дыск «Балады» з беларускім фальклорам, песнямі на вершы Дранько-Майсюка я запачаткаваў серыю праграм на вершы знакамітых паэтаў мінулага і сучаснасці.

Чытайце таксама:Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў у Мінску альбом «Наша песня»

Потым былі песенныя цыклы на вершы Алеся Камоцкага, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча. У рамках канцэпцыі WZ-Orkiestra («Усход-Захад-аркестр») была падрыхтавана праграма на вершы замежных паэтаў — Уладзіміра Маякоўскага, Рафала Ваячака, Яраміра Нагавіцы, а таксама на японскія вершы і на творы шведскіх паэтаў, перакладзеныя на беларускую мову. Цікавіла мяне і стварэнне кавераў на знакамітыя беларускія песні мінулых гадоў. Так я заспяваў знакаміты беларускі эвергрын «Бывайце здаровы» Ісака Любана і Адама Русака, а потым выдаў кружэлку з апрацоўкамі беларускіх аўтарскіх песень «Наша песня».


Калядны канцэрт З.Вайцюшкевіча


— WZ-Orkiestra — ваша канцэртная падтрымка, гурт сяброў і аднадумцаў. Як у гэтай суполцы нараджаюцца творы: вы дыктуеце, як трэба граць, ці гэта супольная творчая праца? Склад WZ-Orkiestra не змяняецца?

— У нас няма дыктату: бывае, асноўныя ідэі для аранжыроўкі песні прыношу я, бывае, што твор нараджаецца высілкамі ўсёй каманды. Галоўнае, каб супольная творчасць спрыяла гарманічнаму спалучэнню музыкі і паэзіі. І тут давяраю такім цудоўным музыкам-прафесіяналам, як Аляксандр Шувалаў ці Канстанцін Гарачы…

Што тычыцца WZ-Orkiestra, то большасць яго ўдзельнікаў працуюць і ў іншых калектывах, бо гэтага патрабуе стан беларускага шоў-бізнесу. Але склад нашага гурта стабільны на працягу многіх гадоў. Былі праблемы з бубначом і бас-гітарыстам, але іх ратацыя ў мінулым. Толькі Ксенія Мінчанка цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Але, спадзяюся, хутка вернецца ў гурт і ўпрыгожыць яго гучанне сваёй скрыпкай.


На прэзентацыі дыска Ваячак


— Апошнім часам у СМІ шмат гаворыцца пра ваш культурніцкі праект «аграсядзіба Вайцюшкі». Ці можна казаць, што гэтая вясковая канцэртная пляцоўка ўладкавана канчаткова і гатовая да сустрэчы слухачоў? Што ў гэтым сэнсе паказала правядзенне «Традыцыйнага Купалля на Нёмане»?

— Так, нядаўна прайшло наша «Традыцыйнае Купалле на Нёмане», якое сабрала даволі шмат для аграсядзібы ўдзельнікаў: каля сотні чалавек з усіх куткоў краіны. Былі наведвальнікі нават з Мазыра…

Ведаеце, уся гэтая гісторыя з забаронамі канцэртаў мае і станоўчы бок. Бо, акрамя творчых ідэй у мяне заўсёды былі і матэрыяльныя планы. Забароны якраз і падштурхнулі мяне ўзяцца за ажыццяўленне матэрыяльнай мары пра сваю аграсядзібу з культурніцкім напрамкам дзейнасці. Хоць яна таксама патрабуе шмат фізічнай працы, фінансавых укладанняў, адміністратыўных узгадненняў.

Чытайце таксама: Зміцер Вайцюшкевіч

Калі мы запрашаем людзей да сябе ў госці, мы павінны паклапаціцца пра побыт, бяспеку і адпачынак. Калі я прапаную людзям схадзіць, напрыклад, у лазню, то там павінен быць адпаведны парадак, чысціня і камфорт. Тое ж самае тычыцца і правядзення фэстаў, традыцыйных святаў, канцэртаў пад адкрытым небам. Трэба прадумаць праграму, патурбавацца пра неабходную апаратуру, улічыць шмат іншых нюансаў, каб наведвальнікі вярнуліся ў Вайцюшкі наступным разам. Напрыклад, на фестываль беларускай бардаўскай песні «Пад ліпамі», які адбудзецца 6 жніўня.


Прэзентацыя цыкла на вершы У.Караткевіча


— Вы былі ў творчай камандзіроўцы ў Варшаве. Ці ёсць там магчымасць ствараць новыя песні, канцэртаваць, запісвацца ў студыі?

— Я вельмі ўсцешаны тым, што ў Польшчы ў мяне ёсць усе ўмовы для спакойнай працы. За час побыту ў Варшаве я даў больш канцэртаў, чым за ўвесь перыяд працы ў Беларусі! Што тычыцца запісаў новых кампазіцый, то хачу вам выдаць таямніцу: цяпер у супрацы з выдатнымі польскімі музыкантамі мы запісваем альбом на вершы Уладзіміра Някляева. Я не меў за мэту абысці музыкантаў WZ-Orkiestra, мне проста захацелася стварыць нешта адрознае ад таго, што мы гралі сумесна, каб потым разам узняцца на новы выканаўчы ўзровень.

— Ці ёсць нейкія зрухі ў прасоўванні да вашай мары — стварэння беларускага музычнага тэатра?

— Пакуль гэтая ідэя невырашальная ані ў Польшчы, ані, тым больш, у Беларусі. А вось аўтарскі клуб, накшталт суперпапулярнага клуба Яраміра Нагавіцы ў Празе, — гэта больш рэальна.


Паэзія спяваная ад Змітра Вайцюшкевіча


— Вы выдалі 19 паўнафарматных альбомаў з беларускай музыкай, далі безліч канцэртаў. За гэты час дзяржава не звярнула ўвагу на ваш унікальны ўнёсак у нацыянальную культуру. Толькі «аддзячыла» забаронай канцэртнай дзейнасці. Што матывуе вас працаваць у нацыянальным напрамку ў такіх варунках?

— У мяне ёсць дзяржаўныя адзнакі. Напрыклад, я лаўрэат Усесаюзнага музычнага конкурсу. Маю таксама недзяржаўныя ўзнагароды — уладальнік некалькіх «Рок-карон», у тым ліку ў намінацыі «Музыкант года» і іншыя. Але ўсё гэта не ўлічылі, калі вырашалася пытанне пра забарону маіх канцэртаў у Беларусі.


На прэзентацыі дыска "Камета"


Не так даўно я меў размову на гэтую тэму з Лявонам Вольскім, і мы разам прыйшлі да высновы, што такі ўжо наш лёс — ствараць музыку, выконваць яе, выдаваць дыскі насуперак неспрыяльным абставінам. Гэта наша пакліканне.

І калі б была магчымасць змяніць свой лёс, дык, канешне, нешта захацелася б зрабіць больш дасканалым, лепшым, але агульны жыццёвы і творчы напрамак пакінуў бы без зменаў.





Каментаваць