Зміцер Захарэвіч: нам не хапае шчырасці і маральнай чысціні

Беларускаму грамадству не хапае шчырасці і рэлігійнай чысціні, заявіў ў інтэрвью карэспандэнту НЧ вядомы беларускі бард Зміцер Захарэвіч на сваёй паэтычнай вечарыне, што адбылася 15 студзеня ў сталічным офісе Партыі БНФ з ініцыятывы Моладзі БНФ.

 



Зміцер Захарэвіч нарадзіўся ў Мінску ў 1980 годзе. Закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Менавіта пад час вучобы пачаў пісаць вершы. Першы грамадскі выступ маладога паэта адбыўся ў Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня 1998 году на прыступках Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету. У гэты ж час з’явіліся першыя публікацыі паэзіі Змітра Захарэвіча ў самвыдатаўскіх і студэнцкіх выданнях, а таксама газетах “Наша Ніва” і “Беларуская маладзёжная”.

Затым 10 гадоў Зміцер служыў вайскоўцам у органах памежнай службы Рэспублікі Беларусь. Удзельнік патрыятычнага чыну беларускай моладзі па абароне Курапатаў пад час пашырэння Мінскай кальцавой аўтадарогі ў 2001-2002 гадах. Разам з актывістамі грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” і творцамі суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”. Заўжды пазітыўна рэагуе на запрашэнні да розных грамадскіх, культурніцкіх і дабрачынных акцый дэмакратычнага і незалежніцкага накірункаў.

Апроч Беларусі часцяком выступае па-за яе межамі. Так, па запрашэнні сяброў з Украіны летась чытаў і спяваў свае творы ў зоне антытэрарыстачнай аперацыі на Данбасе перад украінскімі добраахвотнікамі і памежнікамі. Робіць гэта таму, што лічыць сваім маральным абавязкам падтрымаць тых людзей, хто на перадавой змагаецца за вольную Украіну і незалежную Беларусь супраць азіяцкай агрэсіі.  

У творчасці Змітра Захарэвіча выразна прасочваецца ідэя пра тое, што паэт знаходзіцца на першай лініі барацьбы дабра з злом. На думку творцы, так і мусіць быць, бо грамадства глядзіць на паэта як на выказніка, абаронцу і сцвярджальніка біблейскіх маральных каштоўнасцяў. 

Сярод тых, хто найбольш паўплываў на ягонае грамадзянскае і творчае сталенне паэт назваў бацьку, пяць гадоў таму адышоўшага ў лепшы свет, класікаў нацыянальнай літаратуры Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, а таксама сённяшніх барацьбітоў за волю і незалежнасць Украіны. “Мне здаецца, як былы беларускі вайсковец я не расчараваў тых украінскіх патрыётаў, якія пад артылерыйскім абстрэлам у зоне АТА паводзілі сябе мужна”, — зазначыў Зміцер Захарэвіч.

На ягонае меркаванне, падзеі на Украіне паказалі, што часам пры пэўных абставінах беларусы могуць выявіць салідарнасць не толькі на словах, але і на справах. “Нездарма сярод самых прыхільных да Украіны нацый украінцы назвалі беларусаў і палякаў”, — заўважыў Зміцер Захарэвіч.

Разам з тым, паводле ягоных словаў, для маналітнага з’яднання беларусаў у нацыю нам не хапае ўзаемнай шчырасці і маральнай чысціні. Бо, як вядома, раз’еднанасць беларусаў не выявілася сёння ці ўчора, а мае больш глыбокія карані, што адсылаюць нас ў часы Вялікага Княства Літоўская і трох падзелаў Рэчы Паспалітай. “Менавіта залішнія эгаізм і амбіцыі і па сёння замінаюць беларусам стаць той скансалідаванай супольнасцю, якая здольная вырашыць святую ідэю вызвалення Бацькаўшчыны, дазволіць кожнаму паасобку і усім нам разам дайсці да Беларусі”, — падкрэсліў Зміцер Захарэвіч. .  

Зараз пры падтрымцы кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменнікаў ён рыхтуе да выдання свой першы зборнік паэзіі. Паэзіі ўзнёслай і вобразнай, лірычнай і эпічнай, ціхаплыннай і бунтарскай, якая аднолькава паважна ставіцца як да спадчыны продкаў, так і да запытаў сённяшніх беларусаў…

Каментаваць