“Камяніца” як беларускае гета

Чаму я адчуваў сябе ва ўласнай краіне як габрэй у гета, у прыватнасці на шостым фольк-рок фестывалі “Камяніца-2014”, які сабраў масавую публіку ў Азярцы — Музеі народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам — 6 верасня ў суботу?



Фота Вадзіма Заміроўскі з сайту tut.by


Таму што на фольк-фэсце "Камяніца" нягоднікі, апранутыя ва ўніформу нейкай "сілавой структуры", перад тым, як пусціць мяне, апранутага ў майку з "Пагоняй", ўсярэдзіну, раіліся хвілін дзесяць спачатку па рацыях, а потым пусцілі сітуацыю на суд пераапранутага у ціхарска-грамадзянскае адзенне свайго шэфа. І толькі калі той паблажліва дазволіў мне прайсці... я прайшоў. Абяцаючы зашпіліць курку на грудзях і схаваць “Пагоню” — не хацелася сварыцца і высвятляць адносіны на месцы, хацелася паслухаць музыку. Гэты начальнік меў нахабства праз гадзіну паківаць мне пальцам, праходзячы побач з маёй кампаніяй “дазорам”, і убачыўшы, што я куртку зняў. .

Дарэчы, даю магчымым калегам па няшчасці параду на выпадак падобных сітуацый. У мяне яна б, хутчэй, не спрацавала, бо я не набываў квіток і йшоў па журналісцкім пасведчанні. Уявіце: вы — набылі квіток, і аплацілі мерапрыемства арганізатарам. Яны ЗА ВАШЫ грошы нанялі неадэкватную ахову, якую забыліся праінструктаваць: гэта нацыянальны фэст. Любыя нацыянальныя сімвалы, якія не забаронены па дзейсным законе — дазволены. Таму забудзьце, чым вам прамывалі мазгі ў казармах, і працуйце дакладна па законе. Іначай вы будзеце пакараныя.

Так ці іначай — калі вы пацярпелі ад падобнага нахабства, фіксуеце сітуацыю, і падаеце позву ў суд з патрабаваннем маральнай кампенсацыі (колькі палічыце патрэбным) — да арганізатараў "Камяніцы" ці падобных да іх недарэкаў у іншым месцы. Наступны раз будуць сачыць, каго наймаюць, а справа ў судзе абсалютна выйгрышная — гэта не з сілавой структурай судзіцца. А я замест кампенсацыі адправіў інфармацыю ў блог "Новага часу".

Дарэчы, і ў праграме выступаў, калі хэдлайнераў — “Тройцу” з Іванам Кірчуком, паставілі пець у 14 гадзін, панаваў непарадак. Болей за тое, публічна агалошанай праграмы з раскладам па часе ўвогуле не было! Так што перадача даходу ад фэсту на падтрымку Музея, на тэрыторыі якога ён адбыўся, выбачае арганізатараў толькі часткова.

Як станоўчае можна адзначыць таксама пашырэнне ў гэтым годзе “ярмаркі рамёстваў”, арганізацыю конкурсу дзіцячага малюнка, ды чарговае запрашэнне выключна таленавітага музыкі-артыста, лідара гурта “Воплі Відаплясава” Алега Скрыпкі, які спяваў з Алегам Хаменкам. А арганізатарам, на заканчэнне,  як казалі ў незабыўныя сталінскія часы, можна параіць: “Будзьце пільныя!”

Каментаваць