“Народ супраць Івашкевіча” — ці надыдзе ў Беларусі 1791 год?

Заканадаўчая і судовая практыка ЗША, як вядома, мае прэцэдэнтны характар. Гэта азначае, што прымяненне агульнага палажэння заканадаўства ў судовых рашэннях абапіраецца, апрача іншага, на ўзоры трактоўкі падобных калізій у папярэдняй судовай гісторыі. Важная не толькі першая папраўка да Канстытуцыі ЗША сама сабою. Ратыфікаваная Кангрэсам у 1791 г.

Заканадаўчая і судовая практыка ЗША, як вядома, мае прэцэдэнтны характар. Гэта азначае, што прымяненне агульнага палажэння заканадаўства ў судовых рашэннях абапіраецца, апрача іншага, на ўзоры трактоўкі падобных калізій у папярэдняй судовай гісторыі. Важная не толькі першая папраўка да Канстытуцыі ЗША сама сабою. Ратыфікаваная Кангрэсам у 1791 г. (а ініцыяваная за два гады перад тым), яна гарантавала амерыканцам свабоду веравызнання і забарону дзяржаўнай падтрымкі якойсці адной рэлігіі, свабоду слова, свабоду прэсы, свабоду сходаў і права звяртацца да ўраду з патрабаваннямі задавальнення скаргаў. Далейшая практыка пашырыла ўжыванне тых самых прынцыпаў і на ўрады асобных штатаў. Гісторыя адстойвання асобных з гэтых палажэнняў нарадзіла нават вядомыя мастацкія творы.

Сусветная знакамітасць, рэжысёр Мілаш Форман у 1996 г. выпусціў фільм “Народ супраць Лары Флінта. Біяграфічны эпізод жыцця эксцэнтрычнага выдаўца “мужчынскага  часопіса “Hustler Лары Флінта пераказвае судовую эпапею, у якой Флінт дамагаецца стасавання прынцыпаў першай папраўкі нават да такой спрэчнай матэрыі, як пашырэнне фрывольнага выдання. Як заўважае ягоны адвакат — яму не падабаецца бізнес Флінта, але прынцып свабоды выказвання важнейшы за яго асабістыя ўражанні.

Небяспечна прэцэдэнтны характар апошнім часам пачынае набываць беларуская судовая практыка, асабліва ў адносінах трафарэтных спраў у дачыненні да палітычных апанентаў дзеючай улады. Вось 22 траўня 2012 г. у Савецкім раённым судзе Мінска суддзя Ірына Лаўкова разгледзела позву супрацоўніцы Мазырскага НПЗ і актывісткі афіцыйнага прафсаюза  Марыны Цыбліенкі супраць апазіцыйнага дзеяча і колішняга актывіста недзяржаўных прафсаюзаў Віктара Івашкевіча. Сутнасць позвы — заклік Івашкевіча да краін Еўрасаюза ігнараваць закуп беларускіх нафтапрадуктаў у сувязі з працягам палітычных рэпрэсій у Беларусі выклікаў у Цыбліенкі знікненне ўпэўненасці ў заўтрашнім дні і нервовы стрэс. І кампенсаваць свае маральныя цярпенні, пагандляваўшы імі ў судзе, яна папрасіла менавіта Івашкевіча — у памеры 500 тысяч рублёў.

Цікава, што аўтарка позвы рашуча не была здольная рацыянальна суадносіць прычыны і наступствы эканамічных перамен апошняга года: рэальнае збядненне, якое наступіла ў выніку трохразовай дэвальвацыі рубля яна ніяк не адносіла ў сферу адказнасці ўладных структур. Вінаваты сусветны крызіс, хаця і адбіўся так рэзка ён чамусці толькі ў Беларусі… Затое ўсе свае гіпатэтычныя беды Цыбліенка жадала бачыць у зламыснай дзейнасці Івашкевіча, які, на яе думку, здольны дыктаваць еўрапейскім урадам, як эканамічна ўплываць на Беларусь. А прычыну такога гіпатэтычнага адмоўнага ціску і ўплыву бачыць у практыцы ігнаравання ўладамі прававых нормаў у дачыненні да ўласных грамадзян махырская актывістка ніяк не пагаджалася. І адвольных фобій шараговай аператаркі цэха №12 Мазырскага НПЗ з бліскуча нелагічным наборам матывацый выявілася дастатковым для выйгрышу працэсу. Івашкевіч мусіць сплаціць кампенсацыю і, больш за тое, дамагацца ад сайта Charter97.org публікацыі абвяржэння сваіх папярэдніх выказванняў.

Беларускае права, яшчэ раз нагадаем, не прэцэдэнтнае. Аднак тое, што выкарыстанне службоўцаў , прывязаных сваімі кантрактамі да дзяржаўнай сістэмы, як цень да сонца, асабліва персанажаў, маральнымі прынцыпамі не абцяжараных — набывае сістэмны характар — няма сумненняў. Ва ўмовах дзейнасці такіх самых “дзяржаўных судоў — бяспройгрышная тактыка. Толькі называць такія прэцэдэнты на амерыканскі манер “народ супраць Івашкевіча не варта. Хто бачыў акуратна дастаўленую пад будынак суда “групу падтрымкі Цыбліенкі разам з агітматэрыяламі — лішні раз у тым пераканаўся. Даўно ў Беларусі не было такога недатыкальнага несанкцыянаванага пікету! Прэцэдэнт дакладна не будзе дзейнічаць у выпадку адваротнага руху “народ супраць чынавенства. Адзіны станоўчы эфект — беспрынцыповасць усіх элементаў сістэмы — ад выканаўчых да судовых — робіцца да смешнага празрыстай. Дакладней, да прынцыпаў, усталяваных у ЗША яшчэ ў 1791 г., Беларусь пакуль не дажыла.



Дарэчы, зазірнуў на асабістую старонку Марыны Цыбліенкі у «Одноклассниках». З цікавасцю прачытаў выстаўлены прафактывісткай слоган: “Жалко, что люди не летают. Так можно было бы топнуть ногой и они такие все - ур ур и разлетелись. Ёсць перспектывы росту.

Фота: «Зорка» судовай барацьбы з апазіцыяй на старонцы ў «Одноклассниках».


 

Каментаваць