Пра дворнічыху, Вялікі сход і цара Аляксандра

4 лістапада а 8-й раніцы, выйшаўшы з пад’езда ўласнага дома, я заўважыў нешта незвычайнае. Наша дворнічыха, вельмі добрая цётка, якая пайшла ў прафесію з інжынераў дзеля атрымання кватэры, вельмі суецілася. Кватэру яна даўно атрымала, у прафесіі засталася, і зараз бясплённа змагаецца з калегамі-алкагалічкамі.

4 лістапада а 8-й раніцы, выйшаўшы з пад’езда ўласнага дома, я заўважыў нешта незвычайнае. Наша дворнічыха, вельмі добрая цётка, якая пайшла ў прафесію з інжынераў дзеля атрымання кватэры, вельмі суецілася. Кватэру яна даўно атрымала, у прафесіі засталася, і зараз бясплённа змагаецца з калегамі-алкагалічкамі.

Але гэтым разам за яе клопатамі стаяла асаблівая прычына. “Я ж мінчанка года за 2009-ы, — паведаміла яна, — вось цяпер паўсюды і ганяюць. А 14-й трэба быць у Філармоніі на сходзе Савецкага раёна. “Няўжо дэлегатаў на Народны сход будзеце абіраць? — пацікавіўся я. “Так, а што ж вы думалі? — адказала цётка Ірына.

Я таксама пачаў збірацца. Бо калі ідуць усе — ад пралетара да міністра і капіталіста, то і мне там трэба быць. Апрануў я гарнітур, гальштук, доўгі чорны палітон і кепку-лужкоўку і бліжэй да 14-й рушыў на пляц Якуба Коласа. Пры ўваходзе, пільнаваным парачкай БРСМаўцаў, мяне сустрэлі дзве цётачкі: “Ваш запрашальнік, вы зарэгістраваныя? “Ды не, кажу, папросту я рэдактар часопіса і жыхар гэтага раёна, хацеў бы… Я не паспеў скончыць, пачуўшы: “Ніз-з-зя!!!

Што рабіць, у Філармоніі ў мяне багата знаёмых, герояў маіх аглядаў музычнага жыцця. Я рушыў да “задняга праходу ўстановы, які, аднак, таксама аказаўся акупаваны бясформеннымі хлопчыкамі. Давялося выклікаць аднаго са знаёмых, да якога, дарэчы, была і тэма пагутарыць. Аформілі пропуск, але выйшлі на хвілінку-другую папаліць на ганку. Вяртаемся: “Вам ніз-з-зя! У вас пропуск аднаразовы! Давайце аформім яшчэ аднаразовы — не, сёння ўжо зусім ніз-з-зя!

Знаёмы, папрасіўшы мяне выйсці і пачакаць на ганку, хутка вярнуўся, рагочучы. Супрацоўнік канторы апазнаў у мне знанага апазіцыянера. А на Вялікі сход, аказваецца, мае прыбыць Галоўнае дзяржаўнае цела. Вось спец і “прагнуўся на ўсялякі выпадак.

Мы дзеля смеху яшчэ пастаялі ля ганку, пакуль спец, выйшаўшы на двор, наразаў вакол нас сінусоіды, спрабуючы нешта пачуць. Зрэшты, гэтых “вартаўнікоў, якіх хутка пагоняць, як калісьці пагналі стражу Мілошавіча ў Сербіі і стражу Хусейна ў Іраку, можна зразумець. Урываюць апошняе, а ў Цела ж — абвастрэнне. Нядаўна Артур Клінаў скончыў пісаць для Анрэя Кудзіненкі наступны (пасля свежай “Масакры) сцэнар. Матывы чароўных казак Баршчэўскага, трошкі дастаеўшчыны і гістарычны кантэкст ХІХ ст. І забойства цара Аляксандра ІІ Грынявіцкім. Калі Дзяржаўнае цела пачытала сцэнар, яно катэгарычна загадала: сцэну забойства цара Аляксандра (дарма што Другога) — прыбраць! Ніз-з-зя забіць цара Аляксандра!!!

Вось і пайшоў я сабе спакойненька дахаты. Што мне глядзець на іх штампаваныя твары. А што адбывалася на Вялікім сходзе — мне шчыра раскажа наша дворнічыха.

P. S. Канец гісторыі аказаўся смяшнейшым, чым можна было чакаць. Наступнай раніцай цётка Іра мяла вуліцу ў адмысловай параднай хустачцы, якая прыкрывала свежазробленую прычоску, і з нафарбаванымі вачыма. Не, бацька на раённы сход не прыехаў, выступаў толькі «нейкі ідэолаг». Затое цётку Іру абралі сярод 37 іншых лепшых па раёне (400 — па Мінску і 2000 — па краіне) на «галоўны Народны сход» 6–7 снежня. «І ведаеце, загадалі тады з раніцы прыйсці ў выканкам і сказалі, што трэба будзе цэлы дзень там сядзець. Бо бацька мусіць даць справаздачу пра зробленую працу. А там жа ўжо снег пойдзе, вуліцы нячышчаныя. Людцы дарагія, трэба мне гэта?!» —закончыла ўсхваляваны спіч наша дворнічыха Іра.
 

Каментаваць