Абсалют усёдазволенасці

Абсалют усёдазволенасці

Палата прадстаўнікоў сышла на канікулы, так і не ўзняўшы пытанне аб скасаванні артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Хаця дэмакратычная супольнасць шматкроць звяртала ўвагу на факт таго, што наяўнасць гэтай прававой нормы не проста абмяжоўвае дзейнасць НДА, але і прымушае трэці сектар сыходзіць у цень з-за пагрозы крымінальнага пераследу. За чатыры гады паводле артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэкса былі асуджаныя 17 чалавек. 

Абсалют усёдазволенасці

Палата прадстаўнікоў сышла на канікулы, так і не ўзняўшы пытанне аб скасаванні артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Хаця дэмакратычная супольнасць шматкроць звяртала ўвагу на факт таго, што наяўнасць гэтай прававой нормы не проста абмяжоўвае дзейнасць НДА, але і прымушае трэці сектар сыходзіць у цень з-за пагрозы крымінальнага пераследу. За чатыры гады паводле артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэкса былі асуджаныя 17 чалавек. 

Снягуркі і навагоднія зайцы спрабавалі аднесці ў Палату прадстаўнікоў заяву з патрабаваннем скасаваць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу.

Аднак на падыходзе да будынку парламенту група асобаў у цывільным пад кіраўніцтвам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Уладзімера Навіткевіча (таксама без формы і якіх-кольвек апазнавальных атрыбутаў) спыніла купку зайцоў і снягурак. Пачаліся перамовы з аргументамі з боку прадстаўнікоў у цывільным, што прагулка зайцаў і снягурак — несанкцыянаванае шэсце, масавае мерапрыемства і гэтак далей. Паслухаць размову ў стылі “я маю рацыю, бо ў мяне пасада падышлі журналісты. Уключаю дыктафон, каб нічога не прапусціць з набору феерычных выказванняў Навіткевіча. І раптам дыктафон выхопліваюць з рук. На просьбы аддаць апаратуру памочнік Навіткевіча, які стаяў побач, толькі пасміхаўся ды рабіў выгляд, што не разумее, пра што ўвогуле размова. Пасля кінуў пару фраз кшталту: “Пачакайце, аддадзім пасля. На інцыдэнт звярнулі ўвагу калегі і тут (сачыце за рукамі) дыктафон працягвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Уладзімер Навіткевіч. 



Паводле ўсё таго ж Крымінальнага кодэксу, калі ў цябе вось так на раз аднімуць маёмасць, можна пісаць заяву аб крадзяжы ці рабаўніцтве. Але, як казалі старажытныя рымляне, Quod licet Jovi, non licet bovi. За што адзін пойдзе пад суд, другі ўсяго толькі пасмяецца табе ў твар. Мы жывем у сваёй рэальнасці. І самае страшнае, што прызвычайваемся да яе. Прызвычайваемся, што на масавых акцыях за кожным фатографам ходзяць невядомыя ў цывільным і перашкаджаюць працаваць, прызвычайваемся, што могуць пабіць, абразіць... Цяпер трэба прызвычаіцца, што міліцыянты будуць рабаваць сярод белага дня?! 

Перад гэтым інцыдэнтам апытвала апазіцыйных палітыкаў на тэму іх высноў сыходзячага года. Адзін з іх сказаў, што, калі б ён быў ва ўладзе, то наша грамадства жыло б з адчуваннем ўласнай годнасці. За высокімі і, як можа падасца, пафаснымі словамі хаваецца сэнс цяперашняй рэальнасці. Вы можаце жыць, думаць, працаваць, займацца чым заўгодна і думаць, што вы — асоба. Але дастаткова ўсяго толькі аднаго-двух навіткевічаў, каб зразумець, што для гэтай дзяржавы вы — ніхто, вас няма. А калі няма, то і лічыцца з вамі ніхто не збіраецца. І законы, што пішуць у Парламенце (пад сценамі якога, па іроніі, і адбывалася ўся дзея), таксама не для вас, гэта хутчэй даніна традыцыі. Навошта нешта выдумляць для абмежавання свабоды СМІ, калі можна проста забраць у журналістаў камеры, дыктафоны, кампутары. 

Але вернемся да нашых зайцоў і снягурак: у Дом ураду пусцілі толькі адну снягурку (Алёну Валынец) і дваіх праваабаронцаў — Паўла Левінава і Валера Шчукіна. Натуральна, ніхто з “народных абраннікаў да іх не выйшаў. Зарэгістраваць заяву ў прадугледжаным па законе парадку не дазволілі. У выніку дакумент апусцілі ў паштовую скрыню ў будынку парламенту. Магчыма, ён і дойдзе да адрасата, але ў нашай паралельнай рэальнасці ад гэтага мала што зменіцца. Бо тут быццё вызначае не закон, а абсалют упэўненасці ва ўсёдазволенасці навіткевічаў.


Каментаваць