А я ўсё чакаю званка

У сераду, 5 лютага, споўнілася дзевяць дзён, як пайшоў у лепшы свет Генадзь Уладзіміравіч Грушавы – заснавальнік Беларускага дабрачыннага фонда “Дзецям Чарнобыля”, філосаф, доктар навук, прафесар, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-і 13 скліканняў. Дзевяць дзён, як яго няма на Зямлі, толькі урначка з попелам на Паўночных могілках побач з бацькам і сястрой. Але душа ягоная яшчэ тут, з намі.

Паводле праваслаўных традыцыяў, на дзявяты і на саракавы дзень пасля скону чалавека за яго трэба асабліва маліцца. Бо ягоная душа пакутуе, ёй баліць. Але што датычна Генадзя Грушавога, то ягоная душа можа быць спакойнай - столькі добрых словаў у ягоны адрас было сказана за апошнія дні, столькі просьбаў да Госпада Бога было адпраўлена, каб Ён прыняў нябожчыка ў Сваё Валадарства.
 
 
Генадзь Грушавы гэтага заслужыў усім сваім жыццём, усімі сваімі ўчынкамі і дзеямі. Ён не хацеў, каб мы сумавалі па ім, бо жыццё працягваецца. Важна, што тыя, хто ведаў і любіў Генадзя Уладзіміравіча і каго ведаў і любіў ён, будуць рабіць далей.
 
 
 
 
Ён ведаў, што заўчасна пакіне гэты свет, але заглядваў у будучыню. Ён цвяроза ацэньваў перспектывы развіцця краіны і грамадства, шкадаваў, што так пажаданыя ім жа перамены ў Беларусі, на жаль, не прыйдуць вельмі хутка. Але ў тым, што гэта адбудзецца, ён быў упэўнены.
 
 
Не верыцца, што ён больш не прамовіць, не выкажа сваіх думак, не пажартуе. Сумна, горка, балюча. Але я па-ранейшаму чакаю яго званка. Можа, раптам здарыцца цуд?

Каментаваць