А маглі б “адляпісіць” і ў Мінску

Толькі ў суботу ўвечары адбудзецца вялікі канцэрт беларускага гурту “Ляпіс Трубяцкі” на “Siemens-Arena”, але тысячы прыхільнікаў гэтага славутага калектыву ўжо скіраваліся ў Вільню. І ўжо спаралізавалі беларуска-літоўскую мяжу.

Гледзячы па ўсім, вечар 30 лістапада ў Вільні будзе гарачым. Гарачым па-беларуску. Ва ўсіх сэнсах.

Па-першае, “Ляпісы” маюць прапанаваць адзін-адзіны канцэрт-прэзентацыю цалкам беларускамоўнага альбома “Грай”.

Па-другое, “Siemens-Arena” — гэта не нейкі там клуб, але буйная пляцоўка на амаль 13 тысячаў гледачоў, і можна не сумнявацца, што пераважная большасць тых, хто наведае канцэрт, гэта будуць гледачы з Беларусі альбо беларусы з суседніх краінаў. І “дадуць жару”.  

Па-трэцяе, можна чакаць асаблівага імпэту з боку франтмэна “Ляпісаў” Сяргея Міхалка, у якога зусім нядаўна нарадзіўся сын (маці хлопчыка — вядомая беларуская акторка з тэатра імя Янкі Купалы, “Анастасія Слуцкая” Святлана Зелянкоўская), што пэўне ж дадасць датковага настрою харызматычнаму музыку. Тым больш што ён не выходзіў на подыюм некалькі тыдняў, адмяніўшы некалькі канцэртаў з прычыны папаўнення ў сям’і.

Як вядома, Літва пагадзілася выдаваць бясплатныя трохдзённыя візы тым, хто мае квіткі на “ляпісаўскі”канцэрт. А беларускія транспартнікі нават увялі дадатковыя цягнікі і аўтобусы на Вільню. І тым не менш, ні грамадскіх транспартных сродкаў, ні высілкаў памежнікаў аказалася недастаткова — ужо зараз на мяжы, паводле сведкаў, амаль калапс. Прычым, практычна на ўсіх беларуска-літоўскіх памежных пераходах.

Усяго гэтага можна было б пазбегнуць, калі б канцэрт адпаведнага маштабу можна бало б правесці ў сталіцы Беларусі. На той жа “Мінск-арэне”. У тым выпадку, калі б у грамадстве не гуляла інфармацыя пра неафіцыйныя складзеныя ўладамі “чорныя спісы” музыкаў, у якія трапілі “Ляпісы”. Калі б не патрэбна было забяспечваць музыкам так званыя “гастролькі” — пасведчанні-дазволы на правядзенне канцэрта ва ўпраўленнях культуры органаў выканаўчай улады.

Ды яшчэ каб тыя “гастролькі” былі сапраўднай гарантыяй, што ў апошні момант якомусьці чынушу не лясне ў галаву перастрахавацца ды адмяніць канцэрт. Напрыклад, з прычыны “пажарнай пагрозы”. А адказнасць перад гледачамі ды канцэртнымі заламі, як вядома, нясуць не чынушы-перстрахоўшчыкі, але самі музыкі ды арганізатары імпрэзаў.

І яшчэ ўявіце, колькі “бабак” пакінуць фанаты “Ляпісаў” за мяжой пад час некалькідзённага знаходжання ў Вільні. А грошы маглі б застацца ў Беларусі. Вось такі ў нас “дзяржаўна-ідэалагічны” мэнэджмэнт.

Тым не менш, застаецца парадавацца за тых, хто здолеў набыць квіткі і забяспечыць сабе транспартныя магчымасці да сталіцы Літвы. Бо ў тым, што гледачоў чакае сапраўдная падзея, можна не сумнявацца.

Каментаваць