Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Рэферэндум у Турцыі: абое рабое

Прыхільнікі прэзідэнта Турцыі афіцыйна перамаглі на рэферэндуме, у выніку якога гэтая краіна становіцца прэзідэнцкай рэспублікай з практычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы. Адным з першых Рэджэпа Таіпа Эрдагана павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.

“Выказаўшыся за канстытуцыйную рэформу, турэцкі народ падтрымаў высілкі дзейнае ўлады, накіраваныя на дасягненне эканамічнага росту, палітычнае стабільнасці і міру ў дзяржаве. Упэўнены, што прынятае на рэферэндуме рашэнне будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню суверэнітэта і незалежнасці Турцыі”, - такімі словамі павіншаваў свайго калегу беларускі правадыр.

Паўнамоцтвы, якія ад 2019 года атрымае прэзідэнт Турцыі, “царскія”, як казаў некалі адносна магчымасцяў сваёй улады Аляксандр Лукашэнка перад лістападаўскім рэферэндумам 1996 году (дык, дарэчы, на халеру яму тады было яшчэ павялічваць свае паўнамоцтвы?), альбо “султанскія”, пра што кажа турэцкая апазіцыя ды што адзначаюць міжнародныя эксперты. 

У чым падабенства двух рэжымаў і іх кіраўнікоў? Эрдаган, які абавязкова будзе вылучацца на прэзідэнцкіх выбарах 2019 года, будзе мець магчымасць аднаасобна фарміраваць урад. У Беларусі – тая ж карціна, бо менавіта Лукашэнка прызначае міністраў. Эрдаган уласнаруч будзе мець магчымасць прызначаць суддзяў. А у нас хто іх прызначае? Апроч таго, Эрдаган, які не мае сумневаў у свай перамозе, будзе адлічваць свой прэзідэнцкі тэрмін “ад нуля”, як гэта зрабіў Лукашэнка пасля не прызнанага міжнароднай супольнасцю плебісцыта 1996 года.

Магчымасці распусціць парламент, уводзіць надзвычайнае становішча, трымаць пад кантролем сродкі масавай інфармацыі, абмяжоўваць дзейнасць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці і гэтак далей - вось мэта стварэння прэзідэнцкай рэспублікі ў Турцыі, як гэта было ў свой час і ў Беларусі. Адзінае, у чым “пераплюнуў” Эдраган Лукашэнку, дык гэта ў тым, што зліквідаваў пасаду прэм’ер-міністра. Цяпер ён сам наўпрост будзе кіраваць урадам і фармаваць яго.

Лукашэнка чарговым разам можа ўздыхнуць з палёгкай. У рэгіёне з’явілася яшчэ адна асоба, якую заходнія палітыкі могуць назваць дыктатарам. Таму менш увагі яшчэ больш заклапочаны Захад будзе надаваць таму, што адбываецца ў Беларусі. “Пад шумок” можна яшчэ больш зацягнуць шрубы, прыціснуць апанентаў, націснуць на грамадства, але пры гэтым працягваць гуляць з міжнароднай супольнасцю, каб атрымаць так неабходныя для афіцыйнага Мінска грошы. Велізарныя даўгі ж тэрмінова сплочваць трэба! А дзе ўзяць грошы? А тут Турцыя і яе кіраўнік маглі б аддзячыць капейчынай. На што кіраўніцтва Сінявокай, відавочна, і спадзяецца.

Дарэчы, перамогу на рэферэндуме Эрдаган атрымаў не такую “элегантную і выкшталцоную”, як гэта адбываецца ў Беларусі. За прапанаваныя змяненні ў Канстытуцыі Турцыі прагаласавалі крыху больш за 51 адсотак тых, хто ўзяў удзел у плебісцыце. Пры гэтым апазіцыя сцвярджае, што фальсіфікацыі маглі скласці не менш за 3-4 адсоткі, а гэта азначае, што Эрдаган і кампанія не атрымалі падтрымкі большасці ўдзельнікаў галасавання. Але даказаць гэта ў цяперашніх умовах апанентам дзейнага кіраўніка Турцыі будзе вельмі складана.

Застаецца пачакаць, якая рэакцыі з Захаду. Выглядае на тое, што і Еўрасаюз, і ЗША пакуль у разгубленасці. З аднаго боку, на вачах узнікае новая дыктатура. З іншага боку, Турцыя ўваходзіць у НАТА і з’яўляецца далёка не апошняй у эканамічным і ваенным плане краінай у рэгіёне, ад якой шмат што залежыць. У тым ліку і развіццё падзеяў у Сірыі.

І яшчэ адно падабенства рэжымаў Лукашэнкі і Эрдагана. Гэта што да стасункаў з Расіяй. Абодва то падвяргаюць Маскву абструкцыі, то праз кароткі час засведчваюць свае самыя лепшыя пачуцці да Белакаменнай, то зноў пачынаюць грызціся з Крамлём і яго небажыхарамі. Расія са свайго боку то забараняе пастаўкі турэцкай ці беларускай прадукцыі на сваю тэрыторыю па розных прычынах, то зноў дазваляе іх. Праўда, беларусы адрозна ад туркаў яшчэ нідзе і ніколі не збівалі расійскія ваенныя самалёты. Вось, бадай, толькі ў гэтым і адрозненне. 


Каментаваць