Афігеўшы «праўдывец»

У мяне часам складваецца ўражанне, што ў некаторых асобаў, якія пазіцыянуюць сябе ў якасці апазіцыянераў, ад няма чаго рабіць едзе дах. Замест таго, каб чыніць рэальную справу ў барацьбе «з крывавым рэжымам», яны пачынаюць піярыцца на самых балючых тэмах, якія існуюць у сённяшнім беларускім грамадстве. У тым ліку і на тэме наркаманіі, асабліва сярод непаўнагадовых. Яшчэ больш шакуюць крокі, якія ў гэтай «барацьбе» прапануюць гэтыя «дбаі за лепшую будучыню».

Праглядзеў дзвюххвілінны зварот «гораду і свету» аднаго з лідараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» спадара Дзмітрыева. Згодны, што тэма наркаманіі, распаўсюду ўсялякіх спайсаў, марак ды іншае дрэні апошнім часам для Беларусі сталася вельмі актуальнай. Ужо не робяцца нечаканымі паведамленні як у недзяржаўных, гэтак і ў дзяржаўных СМІ ды ў інтэрнэце пра тое, як маладыя людзі пасля ўжывання вядомых і не вядомых нават спецыялістам рэчываў скокаюць з высокіх паверхаў ці іншым чынам пазбаўляюць сябе жыцця. Гэта страх, гэта жах, гэта бяда, якая рызыкуе пераўтварыцца ў агульнанацыянальную.

Вядома, што найперш за ўзнікненне такой праблемы павінны несці адказнасць дзяржава і грамадства. Толькі ў абыякавых (ці адносна абыякавых) грамадствах і дзяржавах квітнеюць падобныя змрочныя з’явы. Грамадству і дзяржаве, адкінуўшы ў бок палітычныя разыходжанні, менавіта на вырашэнні такіх праблемаў можна дамовіцца. І закрыць пытанні цывілізаваным шляхам.

А што ж прапаноўвае «дэмакрат і апазіцыянер» Дзмітрыеў? Не, не канкрэтныя шляхі вырашэння праблемы. Ён не прапануе зазірнуць гэтай праблеме ў нутро. Ён, як бальшавік, у сваім рускамоўным відэазвароце (дарэчы, кажучы пра дзцей, - відаць, па Фрэйду, гэты «цыцэрон» ледзь не заляпіў дзеяслоў «выпіць» замест «папіць») прапануе самыя радыкальныя захады для барацьбы са згадаанй вышэй заганай. А дакладна – знішчаць распаўсюднікаў наркатычнае поскудзі «у адпаведнасці з законам».

«Кампанія «Гавары праўду» выступае за павелічэнне пакарання да 10-15 гадоў строгага рэжыму за распаўсюд наркотыкаў, і ў асобных выпадках да смяротнага пакарання», - заявіў Дзмітрыеў.

Гэтая асоба, якая лічыць сябе дэмакратычным палітыкам, уласнымі ж заявамі літаральна руйнуе шлях Беларусі ў Еўропу. Дзмітрыеў не можа не ведаць, што менавіта наяўнасць смяротнага пакарання ёсць галоўнаю перашкодаю для прыняцця Беларусі ў Раду Еўропы. Што Беларусь застаецца міжнародным ізгоем не толькі з-за палітычнага рэжыма, але і з прычыны вынясення расстрэльных прысудаў і іх выканання. Заклікаць да новых смяротных выракаў у Еўропе ХХІ-га стагоддзя – мякка кажучы, маветон.

Праваабаронцы і многія журналісты многія гады змагаюцца за тое, каб у Беларусі – апошняй краіне на кантыненце, дзе ёсць узаконеныя расстрэлы, быў адменены гэты варварскі і заганны від пакарання. І калі такія палітыканы, як Дзмітрыеў, не бачачы выйсця і не жадаючы прыдумаць іншыя шляхі вырашэння насамрэч трагічнай, жахлівай праблемы, прапануюць «кулю ў патыліцу», то пра такіх «дзеячоў» я ў далейшым не хачу нічога чуць. І іншым жадаю таго ж самага.    

Вось толькі цікава, ці ўсе «праўдысты» прытрымліваюцца такога пункту гледжання, як Андрэй Дзмітрыеў? 

Каментаваць