Аганічныя патугі ды грымоты

Не, няма супакою самаму галоўнаму чыноўніку Беларусі. А то ж! Эканоміка абвальваецца ў рэцэсію, загады, указы і дэкрэты ўпарта не выконваюцца, валютныя запасы зніжаюцца, спартоўцы на дзяржфінансаванні правальваюць усё што толькі можна. Ох, нялёгка жывецца самай уладнай персоне тутэйшага княства. А што, магло быць інакш?

Не, не магло. Калі няма альтэрнатывы і ўся ўлада сканцэнтраваная ў адных руках, прычым, улада бязмежная. Узгадалася, як вызначаў у законапаложных, усласнымі рукамі напісаных выкладках памеры сваёй улады першы расійскі імператар Пётр І: «Власть государя есть самодержавная и никем и ничем не ограниченная. Царь правит единовсластно и ни перед кем, окромя Бога, ответственности не несёт». Вам нічога (нікога) гэта не нагадвае? 
 
 
З тым толькі адрозненнем, што наш сучаснік і па сумяшчальніцтве правіцель нават перад Усявышнім не нясе ніякай адказнасці, бо ёсць, з уласнага прызнання, атэістам, хоць і «праваслаўным», і сам, паводле выказвання аднаго з ягоных падначаленых губернатараў, «крыху вышэйшы за Бога».
 
 

Лайдакі і марнатраўцы

 
 
Як Пятру не ўдавалася зрабіць усё, што хоча, у неаб’ятнай Масковіі (пазней Раіі), так і Бацьку Першаму гэта не ўдаецца зрабіць у параўнальна невялічкай Сінявокай. Усё тут не так! Народ – лайдак, чыноўнікі – карупцыянеры, навукоўцы – туняядцы і бездары, творчыя асобы – бяздарнасці (апроч асоба прыбліжаных), пісьменнікі – гнілая апазіцыя (апроч чаргінцоўцаў), апазіцыя – пятая калона, трасца на яе, спартоўцы – лайдакі ды марнатраўцы, заходнікі – скрозь гамасекі ды імперыялісты, якія толькі спяць і бачаць, як заваяваць краіну белых туманоў і безлічы рэк і азёр. А яшчэ расійскія алігархі з Крамлём, каб іх… Вось якая гаспадарка дасталася першаму ўсенароднаабранаму (Бог ведае колькі гадоў таму) адзінаму палітыку «маленькай, але гордай» краіны ў самым цэнтры Еўропы.  
Памочнікаў няма, аднадумцаў – з дулькін фіг, вакол – звонку і знутры - ворагі, таму ўсё мусіць рабіць сам, усё – сам! І ў фінансах без яго ніяк, і ў спорце, і ў культуры, і ў будаўніцтве. І нават Праваслаўная царква без парадаў ягоных ніяк не абыдзецца. Як жа інакш? Ён жа ж абвесціў эпоху мадэрнізацыі! А што, царква - не частка грамадства? Ну дык, сцяг (харугву) у рукі – і наперад, да мадэрнізацыі на карысць паствы! Толькі вось не хочуць, паразіты, выконваць мудрыя распараджэнні і рэалізоўваць геніяльныя ідэі правадыра. Таму і даводзіцца зноўку ўсё рабіць самому. Усё – Самому! 
 

 

Капец пасярэднікам

 
 
І такі прыспеў у пятніцу час разабрацца з цэментам і з пасярэднікамі. Вось што паведамляюць калегі з «Нашай нівы»: Аляксандр Лукашэнка патрабуе ліквідаваць неабгрунтаванае пасярэдніцтва. Пра гэта ён заявіў падчас наведвання філіяла «Крычаўцэмент» ААТ «Крычаўцэментнашыфер». Лукашэнка адзначыў, што яму паступае інфармацыя аб наяўных фактах працы несумленных пасрэдніцкіх структур. «Навошта вы праз пасярэднікаў бераце нават беларускую 
сыравіну?» – запытаўся Лукашэнка ў прысутных. Ён звярнуў увагу на тое, што ўжо неаднаразова папярэджваў аб недапушчальнасці сітуацыі, калі падкантрольныя прадпрыемству фірмы пастаўляюць якую-небудзь сыравіну. «Кіраўнік - у турму, фірма - ліквідуецца, і больш такі прыватнік не будзе займацца прадпрымальніцтвам, я папярэджваю ўжо трэці раз, - грымеў правадыр. - Час ужо такое пасярэдніцтва прыкрыць, гэтага быць не павінна, і той, хто гэта дапусціў, не проста мусіць быць звольнены, а кампенсаваць шкоду!», -  заявіў Лукашэнка. 
 
 
Хто і якім чынам будзе шукаць вінаватых і вызначаць памер шкоды, гэта ўжо справа іншая. Быў бы загад, а выканаўцы і вінаватыя знойдуцца, за апошнія дзевятнаццаць гадоў «маленькая дзяржава ў цэнтры Еўропы» да гэтага ўжо рызвычаілася. Толькі вось помніцца, што змагацца з пасярэднікамі тутэйшае кіраўніцтва ўжо спрабавала. Урад неяк выдаў пастанову, якая ледзь не спаралізавала эканоміку, і нават галоўная асоба дзяржавы потым публічна выказала 
неразуменне і нават абурэнне з тае нагоды. 
 
 
Але ж галоўнае – гэта бурлівая дзейнасць ці хаця б яе відочная імітацыя. Калі ў краіне надыходзіць крызіс, то лепшы сродак адсоўвання ад яго ўвагі грамадства – гучная раздача кухталёў падначаленым, прычым незалежна ад ступені вінаватасці ў тым ці іншым праколе. Галоўнаму ж чыноўніку лепш бачна! 
 
 
Вось толькі нешта мне падказвае, што патэнцыял публічных разносаў, пагрозаў і спагнанняў сканчаецца. Эканоміка не ведае словаў «указ» ці «дэкрэт», яна жыве па сваіх законах. І гэтыя законы не залежаць ад таго, з якой нагі ўстаў раніцою той ці іншыя дзяяч. І Сінявокая ў гэтым плане – не выключэнне. Толькі, падаецца, што загадчык Беларуссю пра гэта не думае. Ці папросту таго не ведае. А варта было б, бо ўсё часцей разносы з боку першай асобы дзяржавы нагадваюць 
найвышэйшую агонію.

Каментаваць