І акцыю не разагналі, улада не абрынулася

Аказваецца, калі ўлады не разганяюць мірныя акцыі апазіцыі ў цэнтры Мінска, нічога страшнага з той самай уладай не здараецца — ні карона з галавы не падае, ні апраўдвацца перад новымі еўрапейскімі дабразычліўцамі няма патрэбы.

Аказваецца, калі ўлады не разганяюць мірныя акцыі апазіцыі ў цэнтры Мінска, нічога страшнага з той самай уладай не здараецца — ні карона з галавы не падае, ні апраўдвацца перад новымі еўрапейскімі дабразычліўцамі няма патрэбы.

Больш за сто чалавек выйшлі ўвечары 12 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу беларускай сталіцы, каб запатрабаваць ад уладаў вызвалення новых палітзняволеных — былых прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенку, а таксама актывіста зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту Арцёма Дубскага.

А 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы стаў ланцуг з больш як сотні неабыякавых людзей, якія трымалі ў руках партрэты Аўтуховіча, Лявонава, Асіпенкі, Дубскага, што зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары ў чаканні суда (маладзёну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса РБ за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

Нагадаю, што Арцём Дубскі быў фігурантам рэзананснага “Працэсу чатырнаццаці ў мінулым годзе, калі за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў (летась у студзені) быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На плошчы прысутнічалі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, каардынатар Еўрапейскае кааліцыі Мікалай Статкевіч, сустаршыня партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Павел Севярынец ды іншыя вядомыя ў краіне асобы.

Актывісты “Маладога фронту, “Маладой Беларусі, кампаніі “Джынс за свабоду, Партыі БНФ, “Народнай грамады (БСДП) трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі Еўрапейскага Звязу, а таксама некалькі расцяжак “Свабоду палітвязням!, у некаторых былі заўважаныя і партрэты праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, якая некалькі дзён таму скончыла жыццё самагубствам, а таксама партрэты моладзевых актывістаў, што падпалі пад так званы “палітычны прызыў у войска. Удзельнікі акцыі выкрыквалі “Свабоду Аўтуховічу!, “Свабоду Дубскаму!, “Жыве Беларусь! ды іншыя лозунгі. Пікетоўцаў гудкамі клаксонаў падтрымлівалі кіроўцы аўтатранспарту, што праязджаў у гэты час па праспекце Незалежнасці.

За падзеямі на Кастрычніцкай плошчы пільна сачылі супрацоўнікі праваахоўных органаў на чале з начальнікам Упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Аляксандрам Барсуковым. Уздзеянне міліцыянтаў на ўдзельнікаў акцыі абмежавалася выключна папярэджаннямі праз мегафон наконт таго, што мерапрыемства не санкцыянавана Мінгарвыканкамам, патрабаваннямі разысціся і пагрозамі ўжыць фізічную сілу ў выпадку непадпарадкавання патрабаванням прадстаўнікоў улады. Але пагрозы толькі пагрозамі і засталіся, хаця за Палацам Рэспублікі журналісты заўважылі некалькі “аўтазакаў і аўтобусаў з байцамі спецназа. Дарэчы, каб не гэты праваахоўнік з “мацюгальнікам, сітуацыя са свабодай сходаў і выказванняў у канкрэтным месцы ў канкрэтны час на тэрыторыі суверэннай Беларусі з прэтэнзіямі на лібералізацыю і дэмакратызацыю была б увогуле ідылічнай.

Праз амаль паўгадзіны стаяння ўдзельнікі акцыі згарнулі сцягі і плакаты і мірна разышліся, гадаючы, ці гэтак жа мірна ўлады дазволяць адзначыць Дзень Волі 25 сакавіка. Ці ўсё ж паўторыцца леташні сцэнар з разгонам, збіццём і затрыманнямі як удзельнікаў мірнай акцыі, так і журналістаў, якія выконвалі там свой прафесійны абавязак.

Каментаваць