Антыпарад і нелюдзі

Расійскія высокапастаўленыя чыноўнікі працягваюць выяўляць свой сапраўдны твар на тле вайсковых дзеянняў, якія адбываюцца на паўднёвым усходзе Украіны. Тое, што ў цывілізаваным свеце лічыцца ваенным злачынствам, Масква ўяўляе сабе цалкам нармальнаю з’яваю.

Кіраўнік зншнепалітычнага ведамства Расіі Сяргей Лаўроў падчас брыфінгу 25 жніўня заявіў, што не лічыць здзекам “парад” палонных украінскіх вайскоўцаў, які правялі ў Данецку напярэдадні прарасійскія сепаратысты. Трэба адзначыць, што 24 жніўня Україна адзначала Дзень Незалежнасці з усімі належнымі для такога дня атрбутамі, у тым ліку і падняццем Дзяржаўнага Сцягу і вайсковым парадам. У Беларусі, дарэчы, штогод адбываецца тое ж самае. Прычым, для ўкраінцаў сёлетні парад быў вельмі важным, бо адбываўся ён падчас сапраўднай вайны, якую Жоўта-блакітная вядзе з усходнімі захопнікамі за ўласную незалежнасць і цэласнасць.

Дык вось, у той жа дзень захопнікі пад эгідаю так званай “данецкай народнай рэспублікі” зладзілі свой “антыпарад” — літаральна правялі праз шэрагі раз’юшных маргіналаў некалькі дзясяткаў захопленых украінскіх жаўнераў, якіх цывілізаваны свет называе не ваеннапалоннымі, але закладнікамі. Трэба адзначыць, што назіральнікі не выключаюць наяўнасці ў дадзенае дзеі пастановачнага моманту: маўляў, гэты “парад ваеннапалонных” мог быць інсцэнаваны самімі “дэнээраўцамі” з ініцятывы іхніх расійскіх куратараў. І тым не менш.

Нават калі тое была інсцэніроўка, вельмі прыкра было ўсё гэта бычыць на тэлеканалах. Натоўп па абапал калоны выкрыкваў на адрас праводжаных самыя непрыстойныя абразы, асабліва выдзяляліся экзальтаваныя добра апранутыя кабеты далёка постбальзакаўскага веку, якія раўлі ў бок “палонных” — “фашысты, вылюдкі, падлы” і смачна плявалі ў іх. І вось “вялікі расійскі дыпламат” Лаўроў у панядзелак заявіў, што ў гэтакіх дзеяннях “не ўбачыў нічога такога, што хаця б блізканагадвала б здзекі”.     

Пры гэтым ён заявіў, што стаўленне ўкраінскіх жаўнераў да тамтэйшага насельніцтва ёсць ваенным злачынствам і нават сказаў, што “апасаецца пачатку этнічных чыстак з боку ўкраінскіх сілавікоў ў дачыненні да жыхароў паўднёвага-ўсходу Украіны”. 

Ужо толькі сляпы і глухі не бачыць і не чуе, што ж адбываецца насамрэч. Не паспеў сціхнуць скандал з першым так званым гуманітарным канвоем, які Расія ўсімі праўдамі і няпраўдямі спрабавала “засабачыць” ва Украіну, як лаўроўскае ведамства ўжо заявіла пра падрыхтоўку чарговай “гуманітаркі”. Не ўсё яшчэ абсталяванне вывезлі з украінскіх прадпрыемстваў і не ўсіх засланцаў і зброю пакінулі на Данбасе? Вось, насамрэч, барані, Божа, усіх ад такіх “гуманістаў”!

Тое, што адбылося ў Данецку 24 жніўня, міжнародныя эксперты ўжо называюць антычалавечымі дзеяннямі і ваенным злачынствам. А Гаагу ніхто яшчэ не адмяняў, менавіта там адмысловы міжнародны суд дае ацэнку такім захадам, што робяць сёння дэнээраўскія сепаратысты з наводкі сваіх маскоўскіх спонсараў і натхняльнікаў. І, верагодна, з іх самым непасрэдным удзелам. І ўсё гэта адбываецца напярэдадні саміта “Еўрасаюз — Украіна — Мытны саюз”, які пройдзе ў Мінску 26 жніўня.

Такі фон не дазваляе быць аптымістам і разлічваць, што сустрэча ў Беларусі на такім высокім узроўні прынясе плён. Бо сама мала адзін з удзельнікаў тае сустрэчы ў такімі плёне, відавочна, зусім не зацікаўлены.    

Каментаваць