Азлабленне нацыі

Пасля таго, што адбылося 24 мая, а менавіта пасля раптоўнага збяднення абсалютнай большасці насельніцтва Беларусі ў выніку 55-працэнтнай дэвальвацыі, сталі відавочныя змены ў саміх нашых людзях. Яны сталі больш злыя і больш агрэсіўныя.

Пасля таго, што адбылося 24 мая, а менавіта пасля раптоўнага збяднення абсалютнай большасці насельніцтва Беларусі ў выніку 55-працэнтнай дэвальвацыі, сталі відавочныя змены ў саміх нашых людзях. Яны сталі больш злыя і больш агрэсіўныя.

Азвярэнне народнае пачалося нават не пасля трагічных падзеяў 19 снежня 2010 году, калі ў выніку разгону мірнай акцыі пратэсту ў Мінску  ў пастарунках апынуліся сотні і сотні мірных грамадзян, а, галоўным чынам, ад таго часу, калі з свабоднага продажу знікла замежная валюта. Людзі прадчувалі, што дабром гэты факт для іх не скончыцца, а кроўныя “драўляныя ратаваць трэба. Таму і з’явіліся каля абменных пунктаў валюты начныя дзяжурствы, пачаліся складацца спісы чаргавікоў па долары, еўра і расійскія рублі (размяталі, дарэчы, любую валюту, якую хто кольвеч здаваў, - і расійскія рублі, і літы, і латы, і “златуўкі, і нават украінскія грыўні, якія яшчэ зусім нядаўна, падаецца, не карысталіся асабліваю папулярнасцю ў беларусаў).

Стаянне і начаванне ў такіх чэргах, па некалькі раз на суткі адзначэнне ў спісах не дадавала людзям добрага настрою і пачуцця павагі і любові да бліжняга свайго. Гэта заканамерна вылівалася ў сапраўдныя бойкі, як то мела месяца днямі ў сталічным гіпермаркеце “Карона, пасля чаго каля абменніка мусіў з’явіцца сталы міліцэйскі пост, каб недапусціць паўтору гвалтоўных дзеянняў грамадзян у дачыненні адзін аднаго.

24 мая адбылася раптоўная аднамомантная дэвальвацыя, пра немагчымасць якой казалі самыя высокія службовыя асобы краіны, а галава Нацбанка яшчэ зусім нядаўна прылюдна кляўся, што пакуль ён займае гэтую пасаду, нічога падобнага на тое, што мела месца раней, 2 студзеня 2009 году, не адбудзецца. Так, адбылося не нешта падобнае, але ў тры разы горшае, калі народ у момант стаў бяднейшым на 55 працэнтаў. Тут жа ўзляцелі кошты, і народ, як і два гады таму, ламануўся ў крамы скупляць тое, што яшчэ не паспела падаражэць. У лічаныя дні з паліц знікла складаная і нескладаная бытавая тэхніка, тэлевізавы, аўдыё- і відэасістэмы ніжэйшага і сярэдняга коштавага шэрагу. Ахопленыя не зусім апраўданай панікай, грамадзяне скуплялі соль, соду, алей, цукар, апошнімі днямі справа дайшла да таго, што ў многіх крамах немагчыма набыць якаснае мяса – зноў скура ды косці, як на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

І зноў народ дэманструе сваю “талерантнасць – аўтару шматкроць даводзілася бачыць, як у гандлёвых кропках людзі шпыняюць, штурхаюць адзін аднаго, абражаюць, не зважаючы на пол і ўзрост.

Частка суайчыннікаў аб’явіла байкот аплаце праезду ў грамадскім транспарце. Так, гэта не ёсць добра, бо бясплатна нічога быць не можа, але калі людзям, асабліва малазабяспечаным, як тыя ж студэнты, пенсіянеры, інваліды, праста не хапае грошай нават на самае неабходнае? Пешшу можна прайсці прыпынак-два, але не пілаваць жа таму ж навучэнцу праз увесь горад, калі ў яго ў кішэні вецер гуляе? І тады справа даходзіць да сацыяльнага канфлікту паміж кандуктарамі, кантралёрамі і міліцыяй, з аднаго боку, і ўсімі астатнімі, з другога.

Яскравым прыкладам таго стаўся канфлікт на прыпынку грамадскага транспарту ля гандлёвага дому “На Нямізе у цэнтры Мінску ўдзень 25 мая, калі дзясяткі людзей, пераважна жанчыны, літаральна накінуліся  на міліцыянтаў, што збівалі мужчыну, які заступіўся ў грамадскім транспарце за юнака, які не змог заплаціць за праезд. Сам мужчына ў выніку апынуўся ў пастарунку, і хоць дзясяткі сведкаў як адзін сцвярджаюць, што міліцыянты самі накінуліся на яго, супраць чалавека, якога скрываўленым даставілі ў Цэнтральны РУУС сталіцы, ужо ўзбудзілі крымінальную справу ажно па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – 363 і 364 (“Супраціў супрацоўніку ворганаў унутранных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак і “Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыннні да супрацоўніка ворганаў унутраных спраў). Хоць на відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце, добра відаць, што менавіта мужчыну збіваюць самі міліцыянты, а вось кухталёў ім даюць жанчыны, якія спрабуюць абараніць небараку.

Злосць усіх на ўсіх і на ўсё – вось сённяшні стан пераважнай большасці беларускага грамадства. Злосць ад бяссілля і бесперспектыўя, ад безграшоўя і хлусні, ад няпэўнасці, што будзе заўтра і ці скончыцца калі-небудзь тое ліха, у якім краіна апынулася апошнімі тыднямі і месяцамі. І такое адчуванне, што гэтая злосць робіцца толькі ўсё большай.  
 

Каментаваць