ЦВК як ісціна ў апошняй інстанцыі, Ці баршчаварка перагрэлася...

Падаецца, што старшыня Цэнтральнае камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына апошнім часам разглядае сябе як ісціну ў апошняй інстанцыі.


Чаго варты пасаж Ярмошынай наконт агітацыйнай кампаніі ў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1». Яна паведаміла кандыдатам у дэпутаты, што прадастаўленыя ў часе выбарчай кампаніі агітацыйныя магчымасці яны мусяць выкарыстоўваць для зваротаў да выбарцаў сваіх акругаў, а не абмяркоўваць пытанні, што тычацца краіны ў цэлым.


«Нехта з кандыдатаў паводзіць сябе дастаткова інертна, а хтосьці праяўляе актыўнасць, якая мяжуе з парушэннем закона. Магчымасці, якія даюцца для перадвыбарчай агітацыі, яны спрабуюць выкарыстоўваць пад зусім іншыя мэты, да прыкладу, палітычныя мэты сваёй партыі, што ёсць недапушчальным, бо ўсе ільготы даюцца кандыдату для таго, каб ён звярнуўся да сваіх выбарцаў перад усім як кандыдат у дэпутаты, але не як нейкі палітычны дзяяч, які вырашае нейкія пытанні, што тычацца не выбарцаў акругі, але краіны ў цэлым, яе знешняй палітыкі і гэтак далей. Гэта недапушчальна», — заявіла Ярмошына. І пры гэтым паабяцала, што такія дзеянні кандыдатаў будуць мець для іх адпаведныя наступствы.


Ці не пераблыталі вы ПП з мясцовымі Саветамі? Ну, хаця б фармальна, парламент па сваёй сутнасці і прызначэнні не мусіць займацца пытаннямі і вырашэннем праблемаў канкрэтнай выбрчай акругі ці нават рэгіёна.


Парламент мусіць прымаць законы. Па логіцы існавання парламентаў у цывілізаваных краінах, народныя абраннікі яшчэ і кантралююць дзейнасць выканаўчай ўлады, не кажучы ўжо пра тое, што яны яе і фармуюць.


«Яна сваімі выказваннямі ўпаўзае ў палітычнае поле. Хоць яна, як старшыня Цэнтрвыбаркаму, мусіць дэманстраваць абсалютную нейтральнасць і падаваць сваімі паводзінамі прыклад іншым чальцам выбаркамаў. Ярмошына адчувае, што ніхто не можа яе пакараць, яна наўпрост кажа, што працуе на дзейную ўладу, што ў яе толькі адзін начальнік — кіраўнік дзяржавы. Таму яна нічога не саромеецца і не баіцца, яна робіць і кажа тое, што ёй загадаў гаспадар», — упэўнены Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла.


Ёсць адчуванне, што Ярмошына насамрэч адчула, што ёй можна ўсё. Еўропа заплючшвае вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Санкцыі адмянілі, цяпер гуляй, радуйся жыццю.


Вось толькі заявы такіх чыноўнікаў, як Ярмошына, усё ж не застаюцца незаўважанымі. Прынамсі, многімі з тых, хто яшчэ цікавіцца палітыкай і каму не абыякавы лёс краіны.



Каментаваць