Бывай, Танечка, і прабач… (на трагічную гібель Таццяны Сапач (Дубавец))

Яшчэ зусім нядаўна, на вечарыне да стагоддзя Яфіма Тараса, Ты мне сказала, што Вы з Сяргеем вырашылі вярнуцца ў Мінск з Вільні, дзе пастаянна жылі шмат год. Гэтая навіна мяне не столькі здзівіла, колькі ўзрадавала – цяпер з’яўлялася магчымасць бачыцца часцей, а не раз-пораз то ў нас тут, то ў сталіцы суседняй дзяржавы – нашай, як мы любілі казаць, гістарычнай сталіцы.

Ты распавяла мне, што мінуў год ад смерці Тваёй мамы, якую Ты вельмі любіла. Ты ўсё зрабіла, каб гадавіна тае трагічнае падзеі прайшла годна. Ты зусім нядаўна стала бабуляй, што весяліла і цябе, і Сяргея, бо трэ’ было прызвычайвацца да новага статуса, які Цябе зусім не засмучаў, але наадварот – новыя клопаты, новыя адчуванні, новыя эмоцыі і радасць, шчасце…

Мне падаецца, што я ведаю Цябе ўсё сваё свядомае жыцьцё. Праз Твае вершы, на многія з якіх пісала песні наша агульная сяброўка Кася Камоцкая, якая мяне, дарэчы, з Табою і пазнаёміла амаль два дзесяцігоддзі таму, праз Твае перадачы “Альбаросіка на радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная, калі я яшчэ не меў аніякага дачынення да журналістыкі.

Потым, калі мы сталі знаёмымі і пасябравалі, мяне ўвесь час ачароўвалі Твае вочы, Твой голас, Твая душа, Твой розум. Я ніколі не бачыў цябе песімісткаю, Ты заўжды выпраменьвала нешта такое незвычайнае, і ўжо толькі ад знаходжання побач з Табою рабілася цяплей на душы. Калі мы з Табой сустракаліся, то не магчыма было стрымаць усмешкі – Ты заўжды была шчыра рада бачыцца са сваімі сябрамі…

Сёння чорны дзень. Чорны для тых, хто Цябе ведаў і любіў. Чорны для Тваіх любімых родзічаў, сяброў. Звестка пра тое, што Цябе ўжо няма, разанула па самым сэрцы. Столькі не дагаворана, столькі не дасмяяна, столькі…

Бывай, Танечка, бывай і прабач, што не паспеў сказаць Табе ўсе добрыя словы, што хацеў бы сказаць. Заўжды мы гэта адкладаем на потым, а потым гэтага “потым можа і не быць. Валадарства Табе нябёснае, даражэнькая Ты наша, і вечны супакой…   
 
Каментаваць