Бедны мой горад

Ведаеце, не чуў ні ад аднаго чалавека хоць слова ў падтрымку ўзвядзення ў цэнтры беларускай сталіцы новага пяцізоркавага гатэля “Кемпінскі”. Гэта той, што каля цырку, злева ад яго. Гэтая грамадзіна сапсавала ўвесь ансамбль часткі праспекта Незалежнасці, панарамаў паркаў Янкі Купалы і Горкага. А вось граданачальніку гэта ўсё даспадобы.

Старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька на прэс-канферэнцыі 12 лютага заявіў, што “гатэль "Кемпінскі" на праспекце Незалежнасці не сапсуе архітэктурнае аблічча сталіцы”. Гэта такі адказ даў ён на крытыку, выказаную многімі архітэктарамі ў шэрагу СМІ наконт выбару месца для гэтага навабуду.

Не сапсуе? Дык ужо сапсаваў! Да таго ж, дзеля рэалізацыі гэтага няўцямнага з усіх бакоў праекта была знішчана першая ў Беларусі, пабудаваная яшчэ ў пазамінулым стагоддзі на Свіслачы гідраэлектрастанцыя, якая захавалася нават у часы Другой сусветнай вайны! А вось такія “геніі”, як цяперашнія чыноўнікі, яе знішчылі.

Не ведаю, ці то Ладуцька не бачыў гэтае страхоцце, ці то ён хлусіць сабе самому і ўсім астатнім. Дзесяцігоддзямі ствараўся адзіны ансамбль, калі з парку Горкага праглядаўся парк Купалы, былі цудоўныя віды на будынак Міністэрства абароны (па-над ракой), на саму Свіслач. Цяперака гэты гмах за некалькі месяцаў знішчыў тое, што задумвалі айчынныя архітэктары больш як паўстагоддзя таму і рэалізоўвалі шмат часу. А вось “мэру” гэта падабаецца!

Мажліва, у чалавека зусім адсутнічае густ. Магчыма, ён часавік, і яму напляваць на тое, што робіцца са сталіцаю. Магчыма, Ладуцька ніколі не бачыў новай панарамы “Кемпінскага” з іншага берага Свіслачы, асабліва з вышыні вуліцы Чырвонай, ад таго ж Мінабароны. А адтуль відон, скажу я вам, яшчэ той.

Дык на халеру нашай сталіцы такі мэр? У нармальнай краіне такога, пардон, бургамістра ўжо самога раз’юшаныя грамадзяне натуральным чынам шпурнулі б у Шпрээ, Віслу, Тапамак (выбірайце самі). А ў Свіслачы пакуль што ўсё спакойна.

Для любой краіны чыноўнікі-часавікі — нібыта стыхійнае бедства. Асабісты дабрабыт пераважае інтарэсы грамадства. Для іх няма нічога святога апроч уласнага гаманца ды катэджа. Усё астатняе — так, дробязі.

А вось тым, хто насамрэч любіць свой горад, сваю краіну, застаецца толькі ад безвыходнасці хапацца за галаву. Калі так пойдзе і далей, то ад таго Мінска, які памятаюць пакаленні 40–70-х гадоў мінулага стагоддзя, не застанецца нічога. Нічога сапраўднага, апроч фальшывых навабудаў. А таксама вось такіх страхоццяў у самых непатрэбных месцах, як той жа “Кемпінскі”, той жа сумна вядомы “дом Чыжа”, які страшэннай навалай навіс над Траецкім прадмесцем, і яшчэ шмат якіх іншых “шэдэўраў”.

Бедны мой горад.     

Каментаваць