Будні і святы роднай краіны

Дастаткова на тыдзень-другі пакінуць Беларусь, а потым вярнуцца і параўнаць яе жыццё з іншаземствам, каб заўважыць адрозненні. Некаторыя рэчы кідаюцца ў вочы па вяртанні вельмі моцна.

Па-першае, адразу, што заўважаеш тут, — гэта імкненне дзяржавы абараніць цябе на кожным кроку, апекавацца кожным тваім подыхам. Тлумачу: на Захадзе ніколі і нідзе ты не ўбачыш такой колькасці паліцыі (у нашым выпадку — міліцыі), як у Сінявокай. Звычайныя міліцыянты, а таксама спецназаўцы, нягледзячы на спёку, “баражыруюць” па-над гарачым асфальтам, асабліва ў цэнтры гарадоў, каб кольвеч штосьці дзесьці не надарылася. Зразумела, стабільнасць і бяспека ў Беларусі — перад усім. Толькі вось навошта вас так шмат і навошта вы паўсюль, шаноўныя нашы “абаронцы”?  

Абыдзецеся без прыбіральні

Нідзе на спартовых арэнах у цывілізаваных краінах вы таксама не ўбачыце такой колькасці апекуноў і гарантаў парарадку, як на айчынных стадыёнах. Клопат пра заўзятараў тагож футболу з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў дайшоў да такой глыбіні, што футбольныя фанаты пачалі нават байкатаваць гульні сваіх улюбёнцаў.

І ўсё з прычыны працы і паводзінаў тых жа самых праваахоўнікаў, якія ў некаторых выпадках (гэта было падчас нядаўняга чвэрцьфіналу Кубка Беларусі паміж камандамі “Дынама” (Мінск) і “Шахцёр” (Салігорск)), нават падчас перапынку не выпускалі балельшчыкаў у прыбіральню (?!). Як гэта патлумачыць цывілізаванаму чалавеку? А ніяк, гэта чыста беларуская рэалія. Няхай і дзіўнавата-дзікаватая. І так на кожным кроку.

Дзіўная логіка

Аўтар гэтых радкоў шмат пісаў пра наш грамадскі транспарт. Вось апошні прыклад. Апоўдні, 2 ліпеня, станцыя метро “Кастрычніцкая” (сумна вядомая на ўвесь свет пасля трагедыі 11 красавіка 2011 году). З боку ўніверсама “Цэнтральны” на запаўненне станцыі працуюць два эскалатары, і толькі адзін вывозіць пасажыраў са станцыі, то бок працуе на яе разгрузку. Гэта значыць, што ўніз спускаецца нашмат болей людзей, чым падымаецца на паверхню.

Хто-небудзь можа мне патлумачыць логіку такіх дзеянняў персаналу гэтай станцыі метрапалітэна? Тым больш што тая самая “Кастрычніцкая” рэгулярна наводзіць жах на пасажыраў сваёй перапоўненасцю, асабліва ў гадзіны-пік. Так, зараз лета, і падаецца, што пасажырапаток не такі моцны, але ж логіка паводзінаў службоўцаў не залежыць ад часу году. І хто ведае, да чаго такая логіка можа прывесці ў неспрыяльны момант.

Непазбежнае свята

Набліжаецца чарговае дзяржаўнае свята — Дзень Рэспублікі. Дагэтуль не магу зразумець, чаму галоўны чыноўнік кольвеч вырашыў, што менавіта 3 лютага мусіць быць Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Натуральна, як жа ж у гэты дзень абысціся без традыцыйнага параду з удзелам вайскоўцаў і адпаведнай тэхнікі? А многія жыхары сталіцы і найбліжэйшага наваколля ўжо некалькі разоў за папошнія дні перажылі гэты самы парад. Дакладней, яго рэпетыцыі.

Напрыклад, у суботу ды ў папярэднія дні над горадам лёталі ваенныя знішчальнікі і іншыя прылады далёка не мірнага характару. Вуліцы Мінска “штурмавалі” калоны цяжкой тэхнікі, якія пакідалі адметныя сляды на многіх вуліцах, у тым ліку і на нядаўна адрамантаваных (кожны раз, калі бачу падобнае, уяўляю, як плююцца дарогабудаўнікі). Пры гэтым для жыхароў горада і гасцей краіны, якія затрымаліся далёка ад свайго жытла ці гатэля, узнікалі істотныя праблемы з перасоўваннем па цэнтры Мінска.

Узнікае пытанне, а навошта ўсё гэта і каму гэта патрэбна? Каму мы спрабуем пагражаць нашай зброяй, перад кім “выёжваемся”? Ваенныя чыноўнікі з Мінабароны сцвярджаюць, што парад абыдзецца гэтаму ведамству ў 0,2% яго гадавога бюджэту. Але гэта таксама нямала — амаль паўтары мільёны долараў ЗША. І як гэта стасуецца з абвешчаным самым галоўным чыноўнікам “годам беражлівасці”?

У іншых еўрапейскіх краінах робіцца ўсё наадварот: там вышэйшыя кіраўнікі скарачаюць свае заробкі, прэзідэнт Літвы ляціць у Лондан самым танным рэйсам, забаўляльныя мерапрыемствы нават дзяржаўнага ўзроўню мінімізуюцца. Пры гэтым ніхто з высокіх трыбун не вяшчае пра “год беражлівасці”. А ў нас можна затрымліваць выплаты “адпускных”, тлумачачы гэта нялёгкім становішчам на прадпрыемствах у эпоху крызісу, прычым недзе там, на Захадзе і ў Расіі, а вось на ваенна-парадныя гулькі ў нас фінансаў хапае.

А тым часам СМІ запоўненыя заклікамі да простых людзей сабраць 10-20 тысяч долараў на лячэнне за мяжой таго ці іншага дзіцяці. Падлічыце, колькім маленькім нашым суграмадзянам можна было б дапамагчы на тыя ж паўтары мільёны “зялёных”.    

Каментаваць