Чарнобыль як чырвоная ануча для ўлады

Сусветная супольнасць на розных узроўнях рыхтуецца адзначыць трыццацігоддзе самай страшнай тэхнагеннай катастрофы за гісторыю чалавецтва (а не толькі ХХ стагоддзя) — выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)


Чарнобыльская атамнай электрастанцыя ў той час насіла імя правадыра бальшавікоў Уладзіміра Леніна (дарэчы, менавіта ў пятніцу, 22 красавіка, — дзень нараджэння гэтага дзеяча). Але ўлады краіны, якая найбольш за іншых пацярпела ад таго выбуху ў ноч на 26 красавіка 1986 года, нібы ў рот вады набралі.

 

Прынамсі, аўтару гэтых радкоў да сёння не даводзілася чуць, каб на афіцыйным узроўні ладзіліся нейкія пасяджэнні, канферэнцыі, міжнародныя форумы, прысвечаныя наступствам для Беларусі і для чалавецтва катастрофы на ЧАЭС. Хіба што некаторыя афіцыйныя тэлеканалы ўсё ж пастараліся не абмінуць гэтую тэматыку і падрыхтавалі некалькі дакументальна-публіцыстычных стужак, якія яшчэ толькі маюць з’явіцца ў эфіры.


Але тэма Чарнобыля не ёсць сёння галаўным болем для ўлады. Тым больш што ва ўмовах перманентнага сацыяльна-эканамічнага крызісу, у якім Беларусь знаходзіцца ўжо не першы год, аказанне дапамогі ахвярам чарнобыльскай навалы не з’яўляецца прыярытэтам урада і таго, хто вышэй за ўсіх у нашай краіне. Катастрафічны недахоп сродкаў і рэсурсаў, як фінансавых, так і чалавечых, адсунуў пытанне “радыяцыйнай смерці” нават не на другі, а на дзясяты ці дваццаты план.

 

Ліквідатары, якія літаральна выміраюць, пазбаўлены ільготаў, як і перасяленцы з кантамінаваных тэрыторыяў Беларусі. Больш за тое, улады абвясцілі, што 302 населеныя пункты ў “зоне” ўжо сталі бяспечныя для пражывання, таму людзям можна туды вяртацца, працаваць і гэтак далей.


Але што стане потым з гэтымі людзьмі? Наколькі можна верыць афіцыёзу і ягоным заявам на тэму радыяцыйнай бяспекі? Рытарычнае пытанне, бо наш народ улады падманвалі не адзін раз.

 

У генетычнай памяці беларусаў засталася хлусня часоў камуністычнага панавання, калі некалькі дзён і нават тыдняў пасля выбуху на ЧАЭС людзям не паведамлялася нават пра сам факт выбуху на чацвёртым энергаблоку, не кажучы ўжо пра магчымыя наступствы для чалавека яго знаходжання паблізу ад атамнай электрастанцыі і нават у дзясятках кіламетраў ад яе.

 

Савецкая ўлада імкнулася не дапусціць панікі, таму і не праводзіліся так патрэбныя прафілактычныя мерапрыемствы, як то ёдавая тэрапія (перыяд паўраспаду радыяцыйнага ёду складае 8 сутак), і менавіта гэты хімічны элемент найбольш нашкодзіў людзям у першыя дні пасля трагедыі. А калі б улады і залежныя ад іх медыкі далі дзецям і дарослым хоць па некалькі кропелек звычайнага ёду (з цукрам, хлебам), то магло б не быць такога ўсплёску захворванняў на рак шчытападобнае залозы, ад якога пакутуюць ці ўжо памерлі сотні, калі не тысячы нашых суайчыннікаў. Дарэчы, афіцыйных дакладных дадзеных па гэтых фактах знайсці практычна не магчыма.

 

Сённяшнія ўлады наўпрост не зацікаўлены ў канцэнтрацыі ўвагі насельніцтва на чарнобыльскай праблематыцы. І не толькі адсутнасцю грошай у дзяржаўнай скарбонцы гэта можна патлумачыць. Канешне, прасцей не плаціць дапамогу ліквідатарам і перасяленцам, патлумачыўшы, што наступстваў катастрофы на ЧАЭС ужо амаль не засталося.

 

Такія заявы робяцца толькі для ўнутраных карыстальнікаў, бо на міжнародным узроўні чыноўнікі рознага кшталту, ад першай асобы і кіраўніка МЗС да міністраў ды іншых, пастаянна нагадваюць сусветнай супольнасці пра страшэнныя наступствы Чарнобыля для Беларусі. Афіцыйнаму Мінску патрэбныя грошы, якія ён дамагаецца дабіцца ад замежнікаў “для ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”. Уладамі агучвалася лічба: страты Беларусі ад той катастрофы складаюць 325 мільярдаў долараў. Хто і як гэта вылічваў — іншая справа.

 

Але не варта забываць, што зараз тутэйшы рэжым ажыццяўляе праект, які выклікаў пратэсты не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы, найперш у суседняй Літве. Гэта будаўніцтва ў Астраўцы Гродзенскае вобласці “Беларускай АЭС”. Гадоў пятнаццаць-дваццаць таму нават Лукашэнка не мог заікнуцца пра гэта, бо боль Чарнобыля ў беларусаў быў яшчэ вельмі свежы.

 

Сёння ж сітуацыя змянілася. Людзей хвалююць іншыя праблемы, многія з тых, хто перажыў катастрофу блізу мяжы з Украінай, адышлі ў лепшы свет ці з’ехалі з Беларусі, дый памяць чалавечая мае свае межы.

 

Чыноўнікі робяць усё магчымае, каб не нагадваць электарату пра Чарнобыль і яго наступствы. Бо ў грамадзян могуць узнікнуць пытанні: а што, калі і на новай АЭС адбудзецца нешта падобнае да Чарнобыля? А як тады нам жыць, хто нам дапаможа ва ўмовах крызісу? І ўвогуле, на халеру нам патрэбна гэтая станцыя?

 

Таму, відаць, улады Астраўца і не дазволілі сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Уласевічу правесці ў раённым цэнтры пікет “30 гадоў пасля Чарнобыля: Астравецкая АЭС — гэта нам трэба?”.

 

Не, гэтага ўлады дапусціць не могуць. Для іх прыхоўванне наступстваў чарнобыльскай навалы і ўхваленне праекта па будаўніцтве АЭС у Астраўцы — як алгарытм перманентных паводзінаў і дзеянняў. Таму і трэба замаўчаць, ці, прынамсі, актыўна не заўважаць тое, што знаходзіцца пад пільнай увагаю міжнароднай супольнасці. Для цывілізаванага грамадства тэма Чарнобыля не адыдзе на другі план яшчэ шмат гадоў. А для тутэйшых чынушаў — ужо адышла.

 

Каментаваць