Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Чые заробкі ў Беларусі «святыя»

Як вы думаеце, хто ў Беларусі павінен добра зарабляць, а дзяржава павінна забяспечваць гэты заробак у любым выпадку?

Фота Сяргея Балая

Урачы, якія штодня ратуюць жыцці іншых людзей? Пажарнікі, якія робяць тое ж самае, толькі ў больш экстрымальных умовах? Выкладчыкі ВНУ, якія мусяць рыхтаваць эліту нацыі? Аказваецца — не іх заробкі з’яўляюцца “святымі” для чыноўніцтва і правадыра.

Адказ на пастаўленае пытанне даў афыіцыйны беларускі лідар, калі ў аўторак сустракаўся са старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. Паплечнікі абмяркоўвалі дату прызначэння чарговых мясцовых выбараў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб сродкі на правядзенне мясцовых выбараў выкарыстоўваліся ашчадна, і зрабіць гэта можна за кошт пісьменнага падыходу да арганізацыі выбарчых участкаў.

“Калі гэта ўчастак у школе, значыцца, трэба зрабіць узорны ўчасткак у школе. Калі гэта ўчастак у клубе, значыцца, узорны ўчастак у клубе. Усё ж там асноўная “кухня”. Мы пастараемся гэта зрабіць за кошт таго, што ў нас, у прынцыпе, усё гатова з тых выбараў, што ні скрыні (для бюлетэняў. — заўвага аўт.) не павыкідалі, ні кабінкі — гэта ўсё ёсць на месцы”, — давёў да кіраўнічкі ЦВК бяззменны афіцыйны лідар.

Але потым прагучала яшчэ адна фраза, на якую варта звярнуць увагу, калі Лукашэнка засяродзіў увагу на заробках чальцоў выбарчых камісіяў. “Заробак людзей, звязаных з выбарамі, — гэта святое”, — сказаў ён. 

Вось так. “Святым” з’яўляецца заробак тых, хто забяспечвае стабільнасць улады падчас электаральных кампаніяў. І кіраўніцтва краіны на гэтыя мэты сродкаў не шкадуе. Можна ўзгадаць, як у Беларусі некалі “чыста выпадкова” прайшлі ў адзін тур выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Ці магчыма такое па тэорыі верагоднасці? Тым больш у шмат якіх акругах кандыдатамі былі асобы, чые імёны не былі вядомыя анікому… Затое на акрузе, дзе балатавалася сапраўды добра вядомая кандыдатка і на той час дэпутат Вольга Абрамава, якая шмат зрабіла для сваіх выбарцаў, “перемагла” асоба, пра якую нічога дакладнага не ведалі нават журналісты, што добра разбіраюцца ў гэтай тэме. Дзівосы па-беларуску, дый толькі.

Дык вось, тады сродкі, якія засталіся ў выніку таго, што другі тур “нечакана” не спатрэбіўся, былі ў выглядзе прыміяльных размеркаваныя паміж чальцамі выбаркамаў. Добра вядома, што пераважная большасць участкаў знаходзяцца ў школах, сябрамі камісій з’яўляюцца настаўнікі, а старшынямі выбаркамаў — дырэктары ці, на горшы выпадак, завучы гэтых жа школ, якія пільна адсочваюць вынікі галасавання. Такім чынам, шарагоўцы з выбаркамаў першага ўзроўню — цалкам падначаленыя і залежныя ад свайго непасрэднага начальства. І, па выразе Лукашэнкі, “забяспечваюць палітычную стабільнасць у краіне”.

Не сакрэт, што заробкі настаўнікаў у школах, асабліва ў сельскай мясцовасці, без перабольшвання жабрацкія. Магчыма, цяперашнія словы Лукашэнкі накіраваны тым, хто і зараз будзе “працаваць” у камісіях, забяспечваючы наебходны ўладзе вынік галасавання. У гэтым плане лягчэй “кінуць” ім дадатковых грошай за “працу ў камісіях”, чым падняць заробкі на пастаяннай аснове. Для гэтага ў бюджэце грошай няма. А вось заробак за “працу ў камісіях” — гэта “святое”.

Цікава, што маглі б сказаць на гэты конт жанчыны, якія працуюць у “ліцейках” на МАЗе ці МТЗ, на фермах, у амбулаторыях? Ці мужыкі з машына-трактарных станцыяў, калі не могуць дабіцца ад начальства запчастак, у выніку чаго тэхніка не выходзіць на палі і, як следства, людзі не атрымліваюць нават належных ім грошай? Ці навукоўцы, якія, праводле прызнання былога прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра Вайтовіча, часам мусяць ладзіць важныя эксперыменты ледзь не за ўласны кошт? І тое самае можна казаць пра большасць катэгорыяў занятага амаль любой працай люду, на годныя заробкі якому ў дзяржавы грошай няма.

Гледзячы па ўсім, “святымі” для дзяржавы з’яўляюцца яшчэ заробкі чыноўнікаў, прызначаемых кіраўніком дзяржавы суддзяў і пракурораў, “сілавікоў”. А што тычыцца ўсіх астатніх, то тут  дзяржаве — не да “святасці”.

    

Каментаваць