Да здзіўлення беларускі Івянец

У мінулыя выходныя давялося праз шмат-шмат гадоў зноўку прыехаць у Івянец, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. І нагода была прыдатная – першы “Творчы кірмаш, і надвор’е цудоўнае – хоць і халаднавата, бо восень напоўніцу ўступіла ў свае правы, але сонейка ўсё яшчэ прыпякала. Карацей, настрой быў, як кажуць, самае тое. Але праз колькі часу настрой гэты ў мяне яшчэ больш палепшыўся, і зараз патлумачу, чаму.

У мінулыя выходныя давялося праз шмат-шмат гадоў зноўку прыехаць у Івянец, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. І нагода была прыдатная – першы “Творчы кірмаш, і надвор’е цудоўнае – хоць і халаднавата, бо восень напоўніцу ўступіла ў свае правы, але сонейка ўсё яшчэ прыпякала. Карацей, настрой быў, як кажуць, самае тое. Але праз колькі часу настрой гэты ў мяне яшчэ больш палепшыўся, і зараз патлумачу, чаму.

Прызнацца шчыра, я ўжо і не верыў, што ў Беларусі засталіся месцы, дзе народ гаворыць на сваёй мове. Няхай не на літаратурнай, але ўсё ж на беларускай. Вось як я гэта заўважыў.

Да адкрыцця “Творчага кірмашу заставалася яшчэ багата часу, але ў тым месцы, дзе мелася адбыцца мерапрыемства, ужо стаялі пластыкавыя столікі з крэсламі, ужо на ўсю ваколіцу ішоў пах свежых шашлыкоў ды іншых смакоццяў. І туды-сюды снавалі падлеткі і маладзёны. Побач з маім столікам прызямлілася купка тахіх вось маладых месцічаў, гадоў мо па 15-16. Размаўлялі гучна і эмацыйна, і першае, што, на жаль, пачулася, гэта рускія мацюкі. Але калі я прыслухаўся да гэтых маладых масэлбусаў больш уважліва, то пачуў, што, калі адкінуць рускую ідэаматыку, то ўсё астатняе – цудоўная беларуская мова. 

Толькі гэтая зграйка панеслася кудысці па сваіх справах, як на іх месца прысела маці са сваім сынам (хлопцу гадоў 18-19), апранутым у вайсковую форму. З іх гутаркі стала зразумела, што юнак-жаўнер прыехаў дадому на пабыўку з войска. Ізноўку яны міжсобку гутарылі на цудоўнай беларускай мове.

Пачаўся кірмаш, ва ўсіх кірунках шыбуюць дзясяткі, калі не сотні людзей. І зноўку – пераважна беларуская мова. Па-іншаму казалі толькі тыя, хто завітаў у Івянец з розных прычынаў з іншых месцаў (пераважна турысты). Тое ж паўтарылася, калі мяне занесла ў мясцовую ашчадную касу – тая ж беларуская мова ў выкананні як кліентаў, так і персаналу. Прызнаюся шчыра, такога масавага ўжытку мовы тытульнае нацыі чуць не даводзілася даўно.

Што гэта за дзівоса такая івянецкая? Прычыну такой “івянецкай беларускасці мне патлумачыла паэтка, культуролаг і этнограф Антаніна Хатэнка: “Зямля тут, напэўна такая. Я калі бываю ў Івянцы, а бываю тут цяпер дастаткова часта, я насалоджваюся мовай. Яна чыстая, яна такая меладычная, такая натуральная і арганічная, і ніхто не спрабуе з сябе нешта вытвараць акрамя таго, кім ён ёсць. Чаму тут у Івянцы ёсць такая ўнікальная з’ява? Мне здаецца, таму, што тут такая вось сілкавальная энергія. Тут абсалютна незвачайны рэльеф, можа быць. Акрамя таго, вось тут сёння былі аграсядзібы. На пачатку, калі я іх пазнаходзіла, я ім прапаноўвала нейкія конкурсныя з’явы, хто каго пераможа. Такое спаборніцтва, як пазвыкаліся мы за савецкім часам. А яны сказалі: навошта? Мы ўсе сябруем! Мы зробім адно такое гаспадарства! І з гэтага вынікае, што калі людзі паяднаны нейкім такім тонкім чынам, абсалютна непрыкметным спрадвек, нейкім цягненнем зямным, то і мова гэтая нікуды не сышла. Яны пакуль не згодны ўключыцца ў нашы ўсе дзеі, якія мы прапаноўваем, але ж на гэта трэба час. Мы толькі пачынаем, мы кідаем нейкі імпульс. Мова ёсць, адчуванне свайго краю ёсць, а астатняе ўжо з’явіцца, разварушым!

“А чаму на івянецкіх не паўплывалі агульныя працэсы, што адбываліся і адбываюцца навокал? – пытаюся ў спадарыні Антаніны.      

“Нейкія яны тут, у Налібоцкай пушчы, закрытыя ад усялякіх разбурэнчых з’яў. Не тое, каб яны былі ідэальныя, але гэта такі адметны куток, запаведнік нечага, што ёсць для іх абсалютна арганічным: так добра мысліцца, так было некалі, так мы зсталіся. Зразумела, у нейкіх іншых варунках яны падладоўваюцца, як усе, але на сваёй зямлі яны застаюцца такім сваім асяродачкам, - кажа Анатніна Хатэнка.

- А ці ёсць яшчэ ў Беларусі штосці падобнае да Івянца?

“Не скажу, каб такое, бо, на дзіва дзіўнае, напрыклад, Гарадзеншчына ці Берасцейшчына – тая самая Заходняя Беларусь, ды яшчэ блізкая да мяжы, але вось уплывы гэтыя ўсходнія прыйшлі туды ды захапілі куды шырэй. А вось тут ўсё нібы закансервавалася. Каб назваць нешта яшчэ – цяжка, хіба што мала ведаю. Бываю ў сваіх родненькіх Ружанах – так там стараюцца людзі, каб па-расейску, па-гарадскому, хаця міжсобку гавораць так, як у Івянцы. А ў Івянцы – не толькі міжсобку, ты да яго звяртаешся, а ён табе кажа так, як быццам ты патрапіў у дзевятнаццатае стагоддзе, і нічога ніколі не парушалася. Гэта такая ўнікальная з’ява – яны нібы ў нейкім сваім гаспадарстве засталіся, прыладоўвацца на сваёй зямлі яны не маюць патрэбы.

Вось такія яны дзіўныя, івянецкія, - сучасныя “беларускія беларусы. 

 

Каментаваць