Дабяруцца да шкарпэтак

Навіна пра тое, што падаткавікі канфіскавалі ў аднаго з гомельскіх лекараў з прыватнай кватэры 178 бутэлек алкаголя, да таго ж абклаўшы яго штрафам на 2 мільёны тутэйшых рублёў, выклікала сама мала недаўменне.  Той чалавек не гандляваў “градуснымі” напоямі, проста захоўваў іх дома у якасці атрыманых падарункакў ці проста як набытак у часы камандзіровак. Аказваецца, нават тое, што ёсць у нашых хатах, не можа не цікавіць вока ўсевідушчых уладаў.

На маю думку, такія дзеянні ўладных структураў — наўпроставае дзікунства. Па-першае, хто да гэтага выпадку ведаў, што дома нельга захоўваць больш за 5 літраў замежнага алкаголя на чалавека без акцызных марак? Магчыма, чалавек мог гадамі збіраць адмысловыя напоі, атрымліваць падарункі ад сяброў і сваякоў у выглядзе пляшачкі выбітнага замежнага вінца, кан’ячка, віскі ці лікёрчыка?

Гэта нікога з чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў не цікавіць. Так што, спадарства, калі ў вас больш за 5 літраў забугорнага алкаголя, будзьце гатовыя, што да вас у адзін цудоўны момант з’явяцца “сябры народа” з падаткавай ці хтосьці іншы з дзяржаўным мандатам і правядуць канфіскацыю ды яшчэ з штрафнымі санкцыямі памерам ажно да 18 мільёнаў рублёў.

Даносчыкі

Паведамляецца, што пра такую колькасць алкаголя ў згаданага гомельскага медыка ўладам паведамілі “пільныя грамадзяне”. Нават не сумняюся. Таму што ўлада апошнім часам пачала сапраўдную кампанію па падрыхтоўцы даносчыкаў. Днямі ў мікрараёне “Малінаўка”, дзе жыве аўтар гэтых радкоў, у кожнай паштовай скрыні з’явіліся допісы ад мясцовых уладаў з заклікамі паведамляць пра тых, хто паліць у пад’ездах, здымаць іх на мабільнікі ці фотаапараты і потым паведамляць пра гэта ў мясцовыя ЖЭСы ці аддзяленні міліцыі.

Нават няма сумневаў, што ў нашым грамадстве ёсць пэўная колькасць людзей, якія з задавальненнем адгукнуцца на гэты заклік уладаў. Такім чынам можна, да прыкладу, паквітацца з суседзямі, якіх не любіш, з іншымі асобамі, якія проста раздражняюць.

Можна ўзгадаць, што падчас кіравання СССР Іосіфам Сталіным сістэма даносаў была ўведзена ў ранг дзяржаўный палітыкі, што каштавала жыцця мільёнам ні ў чым не вінватых людзей. Відаць, цяперашняя тутэйшая ўлада, якая не хавае сваіх сімпатыяў да сталінізма, бярэ на ўзбраенне тагачасную ганебную практыку. І чысціня пад’ездаў і адсутнасць тытунёвага паху не маюць да гэтага кроку чынавенства аніякага дачынення.

Падкамернікі

У той жа Малінаўцы (не сумняюся, што і ў іншых раёнах сталіцы, ды не толькі) на пад’ездах пачалі з’яўляцца відэакамеры. На дзвярах не толькі пад’ездаў, але і “падсобак”, узніклі налепкі “Ведется видеонаблюдение”. Можна меркаваць, што “вялікі брат” у асобе дзяржавы будзе сачыць не толькі за грамадскім парадкам, але і за тым, колькі разоў чалавек пад’ехаў да ўласнага дома на таксоўцы, а потым запытаць, адкуль у яго на гэта грошы. Ці адсочваць, хто да каго ходзіць і хто з кім сустракаецца. Бо апроч таго, каб развесіць відэакамеры назірання на пад’ездах, існуе ідэя аснасціць назіральнай тэхнікай ледзьве не кожны лесвічны пралёт.

Тут узніке пытанне: адкуль у банкрутуючай дзржавы грошы на гэтае абсталяванне і чалавечыя рэсурсы на адсочванне зместу здымкаў з гэтых самых відэакамер? Вам што, чыноўнікі, больш няма чым заняцца ва ўмовах рэцэсіі эканомікі і адсутнасці грошай на самае неабходнае?!

Прыйдуць і па шкарпэткі

Вяртаючыся да факта канфіскацыі ў гомельскага лекара пляшак з алкаголем, можа меркаваць, што ўладнікі на гэтым могуць не спніцца. Ужо пэўны час таму была абмежавана колькасць увозу з-зя мяжы бялізны, кашуляў, шкарпэтак.

Дык вось, па логіцы рэчаў, падаткавікі могуць у любы момант заявіцца ў вашу хату і запатрабаваць адчыніць шафу, каб падлічыць, колькі ў вас сподняга, чыёй яна выторчасці, спытацца, ці ёсць у вас на яе квіткі. А калі з кагосьці дзяржаўнага разумення падасца, што трусоў ці шкарпэтак у вас зашмат, а вы не здолееце растлумачыць, навошта вам столькі і адкуль гэтыя рэчы ўзяліся, то будзьце гатовыя да спагнанняў. І тлумачэнні пра персанальную гігіену ў дадзеным выпадку прымацца, хутчэй за ўсё, не будуць.

Цудоўныя часы надыходзяць. А калі ўлада насамрэч возьмецца яшчэ і за электаральныя трусы ды шкарпэткі, будзе зусім весела.

Каментаваць