Дабром на злое

Вярхоўны суд Беларусі 15 красавіка пацвердзіў смяротны вырак у дачыненні да 53-гадовага ўраджэнца Расіі Эдуарда Лыкава, якога звінавацілі ў забойстве пяці чалавек. Іншага рашэння айчыннай судовай сістэмы і чакаць не даводзілася.

Беларусь упартна працягвае выносіць і выконваць расстрэльныя прысуды. Мы застаемся па-за сям’ёй цывілізаваных народаў, па-за кагортай краінаў, дзе чалавечае жыццё прызнана недатыкальным.

Так, ёсць вылюдкі, якія здзяйсняюць жахлівыя злачынствы. Але, выносячы ім смяротны вердыкт, дзяржава сама пераўтвараецца ў забойцу, забываючыся, што не яна давала жыццё таму, каго часам і чалавекам назваць цяжка.

Эксперты ў многіх краінах ужо даказалі, што наяўнасць ці адсутнасць смяротнага пакарання ніякім чынам не ўплывае на колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. І забіваць таго, хто забіў іншага ці іншых — не выйсце. Толькі сляпая помста.

Днямі мне давялося паўдзельнічаць у мерапрыемстве з удзелам беларускіх журналістаў і юрыстаў. Менавіта тэму смяротнага пакарання ў Беларусі абмяркоўвалі мы цягам двух дзён. І сярод калегаў з незалежнай прэсы ёсць тыя, хто падтрымлівае існаванне смяротнага пакарання. І ў іх свае довады, часам слушныя. Але…

Заўсёды ёсць небяспека судовай памылкі, пра што сведчыць вядомая на ўвесь былы СССР справа маньяка Міхасевіча, больш вядомая як “Віцебская справа”. Тады больш за дзесяць чалавек атрымалі вялікія тэрміны турэмнага зняволення, а аднаго нават расстралялі. І ўсе яны былі невінаватыя.

Шмат пытанняў засталося і пасля справы аб тэракце ў мрнскім метро 11 красавіка 2011 года. Дагэтуль многія і многія не вераць, што гэты тэракт здзейснілі 25-гадовыя віцябляне Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Але дзяржава паспяшалася расстраляць юнакоў, нават не дачакаўшыся высноваў з Камітэту ААН па правах чалавека, які пазней пастанавіў, што Рэспубліка Беларусь парушыла права Кавалёва на жыццё. (Канавалаў у гэтую міжнародную інстытуцыю не звяртаўся).  

Дарэчы, толькі цудам застаўся жывы Міхаіл Гладкі, які адседзеў некалькі гадоў за кратамі за забойства, якое не здзяйсняў, але якое ўчыніў згаданы вышэй Лыкаў шмат гадоў таму. А маглі б пусціць “у расход”. І такіх выпадкаў досыць.

Г

аворка нават не пра тое, што наяўнасць смяротнага пакарання перашкаджае Беларусі ўступіць у Савет Еўропы. Улады нашы і так туды не імкнуцца — чаму, гэта тэма іншай размовы. Не ўпадабляцца пачварам — задача цывілізаваных людзей. Дзяржава — тыя ж людзі, толькі абцяжараныя ўладай. Але ж хто і кольвеч з уладатрымцаў задаваўся пытаннямі, як выкананне смяротнага прысуду ўплывае на псіхіку тых, хто страляе “смяротнікам” у патыліцу? Як пачуваюцца сваякі расстраляных, якім не выдаюць цела для пахаванне і нават не паведамляюць час прывядзення прысуду ў выкананне і месца, дзе закапалі іх блізкага чалавека? Улады, якія такім чынам караюць і блізкіх злачынцы, гэта цікавіць менш за ўсё. Распараджацца не толькі лёсамі, але і жыццём сваіх падданых — гэта прывілея дзяржаваў з такім укладам, які сёння існуе ў Беларусі.

Мяне ў дакументальным фільме, прысвечаным смяротнаму пакаранню (рэжысёр Сяргей Ісакаў) вельмі ўразілі словы нарвежскага хлопчыка, які быў сведкам страшэннай трагедыі, калі Андэрс Брэйвік забіў больш за 70 чалавек, пераважна юнакоў і дзяўчат. “Мы не адкажам злом на зло, мы адкажам на зло дабром. І такім чынам мы пераможам зло, якое ты здзейсніў і якім ты ёсць”, — напісаў забойцу падлетак.

Мо, хтосьці таксама і з нашых высокапастаўленых праўленцаў калісьці зразумее, што перамагчы зло можна толькі дабром?   

Каментаваць