Дарагая наша дэнамінацыя!

Вось і надышла новая эпоха — эпоха новай беларускай валюты. І хаця яна мае тую ж звыклую савецкую назву — рубель, аднак візуальна больш прывабная ў параўнанні са сваім папярэднікам са шматлікімі нулямі. Толькі вось радасці тым, хто жыве ці проста часова знаходзіцца ў Беларусі, дэнамінацыя пакуль што не прынесла.

Усе адмыслоўцы казалі, што першым часам пасля дэнамінацыі будуць праблемы. Пра гэта пісалі як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя друкаваныя выданні, інтэрнэт-сайты, упарта папярэджвалі дзяржаўныя радыё і тэлебачанне, але складваецца ўражанне, што вялікая колькасць нашага і заезджага насельніцтва СМІ увогуле не чытае, не глядзіць ды не слухае. Так і атрымалася — усё праз адно вядомае месца робіцца ў сінявокай.

Першае, з чым сутыкнуўся аўтар гэтых радкоў 1 ліпеня, — поўнае замяшальніцтва ў прадавачак у шапіках «Белсаюздруку». Набыўшы тры газеты і адну запальнічку, без наяўнасці аніводнага пакупніка ў чарзе, мне давялося чакаць больш за 10 (!) хвілінаў, пакуль жанчына разбіралася ў тым, што прабіла ў касавым апараце, што ёй выдала каса, колькі ўсё каштуе і гэтак далей.

Чэк на пакупку выпаўзае з касавага апарата ў новых лічбах, а я разлічваюся ў старых купюрах. У прадавачкі сапраўдны вынас мозга, павышаная патлівасць на гэтай глебе і выява поўнай бездапаможнасці нават пры наяўнасці элементарнага калькулятара. Давялося дапамагчы ёй апрытомнець і на пальцах патлумачыць, колькі яна мусіць мне даць рэшты.

Далей — лепей. Вырашыў паглядзець, як працуюць банкі і абменныя пункты. Казка-песня. Самы буйны банк краіны — «Беларусбанк» — абяцаў, што пасля 8-й раніцы 1 ліпеня будзе «ўсё ў парадку». Вось абменны пункт гэтай банкаўскай установы ў супермаркеце «АЛМІ» на праспекце Дзяржынскага. Багата народу, у асноўным замежныя студэнты, бо побач знаходзіцца Медуніверсітэт і студэнцкая вёска з некалькімі шматпавярховымі інтэрнатамі.

Замежныя студэнты, галоўным чынам азіяты і арабы, пэўна ж беларускай прэсы не чытаюць, таму і не паклапаціліся аб тым, каб забяспечыць сябе «беларускай наяўнасцю». А тут і новы месяц прыспеў. Трэба ж і за інтэрнат плаціць, і праязныя набываць. І паесці ж таксама трэба.  


Хоць і вельмі марудна, але абменнік працуе, прычым, выдаюцца новыя беларускія грошы. (Банкаматы не працуюць). Дзяўчына ў абменніку, як кажуць, «у мыле». А тут яшчэ і спёка, так што як мазгі, так і нервы ў прысутных плавяцца.

І раптам — ні чым не тлумачальная нечаканка. Прыходзяць чатыры здаровыя дзецюкі з нейкімі інструментамі, абменнік зачыняецца «на спецыяльны тэхнічны перапынак», і пачынаюцца нейкія не зусім зразумелыя дзеянні.

Аказалася, што прыехалі тэхнічныя супрацоўнікі «Беларусбанка», каб памяняць латок для выдачы грошай на новы, больш спрыяльны для манет. Дзясяткі людзей, якія больш за гадзіну стаялі перад зачыненай брамкай абменніка, задаваліся пытаннем — гэтыя банкіры што, толькі сёння даведаліся пра дэнамінацыю? Што, гэтую тэхнічную аперацыю немагчыма было зрабіць раней? І наколькі ўвогуле была вартая замены гэтая фіговіна менавіта 1 ліпеня? Нервы ў народа былі на мяжы, таму ўзнікалі перыядычныя лаянкі, каб нехта па-за чаргою не ўлез памяняць грошы. Якім месцам думалі банкаўскія чыноўнікі? Перагрэліся? Ці проста звыклае для ўсёй краіны раздалбайства?
        

Абменнікі іншых банкаў да абеду, а то і пазней, увогуле не працавалі. Як не працавалі тэрміналы ў крамах і банкаматы. А некаторыя аддзяленні нават таго ж «Беларусбанка» вывесілі абвесткі, што 1 ліпеня зачыненыя.
У крамах утварыліся чэргі. Касіры чухаюць патыліцы, ёрзаюць, пералічваюць усё на калькулятарах, што павялічвае час чакання разліку ў разы. Пакупнікі нервуюцца і абураюцца, бухтораць. У адной з крамаў я прапанаваў разлічыцца новымі грашыма. Прадавачка паважанага веку ледзь не заплакала і папрасіла «даць старымі». Дзякуй Богу, наскроб «старымі», нават без рэшты. Такой удзячнасці ў вачах жанчыны я яшчэ не бачыў. І што будзе далей?

Навошта менавіта зараз было праводзіць дэнамінацыю, калі стабільнасць беларускага рубля яшчэ толькі ў марах? І чаму менавіта пасярод году? Любыя змены — гэта стрэс. Асабліва для пажылых людзей. А ўлічваючы дурную спёку, якая менавіта 1 ліпеня ўсталявалася ў нашай краіне, гэта яшчэ адна дадатковая нагрузка на арганізмы і так не вельмі здаровых беларусаў. Каму гэта трэба?

Да ўсяго чалавек прызвычайваецца. Так будзе і зараз. Але навошта ўладзе падвяргаць грамадзян чарговым стрэсам? Чаму яны ўсё не прадумалі да канца ў плане тэхналогіяў? Можа, цяперашняму кіраўніцтву Беларусі падаецца, што ў яго зашмат электарату, пра які трэба клапаціцца не на словах, а на справе?

Можа, гэта і вельмі песімістычнае меркаванне, але вельмі верагодна, што гэтая дэнамінацыя, дакладней, яе рэалізацыя ў беларускіх варунках, будзе каштаваць жыцця не аднаму чалавеку. У прамым сэнсе.


Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-07-01 17:35:41
"А ўлічваючы дурную спёку, якая менавіта 1 ліпеня ўсталявалася ў нашай краіне, гэта яшчэ адна датковая нагрузка на арганізмы і так не вельмі здаровых беларусаў." Як быццам учора было прынята рашэнне... У мінулым годзе ж! Хто тады мог прадбачыць, якое надвор'е ўсталюецца 1 ліпеня 2016 г.?

Каментаваць