Даравальная нядзеля, альбо Наступствы прыроднага катаклізму

17 сакавіка праваслаўныя вернікі адзначаюць Даравальную нядзелю — апошні дзень перад Вялікім постам. Гэты дзень яшчэ называюць «Масленіцай», калі народ у неверагоднай колькасці змятае бліны ды іншыя смакоцці ў чаканні саракадзённай адмовы ад тлустай, малочнай, мясной ды іншай «скабрэзнай» ежы. Хоць, натуральна, не ўсе ў нас праваслаўныя, і тым больш не ўсе прытрымліваюцца поста. А некаторыя, хоць і лічаць сябе праваслаўнымі, нават не ведаюць, што з панядзелку — «бывай, абжорства». Прынамсі, так мусіць быць. Ці мусіла б.

Пост — постам, але не на гэтае хацелася б звярнуць увагу. Днямі беларусы перажылі сапраўдны прыродны апакаліпсіс. Невіданыя апошнімі дзесяцігоддзямі завеі, моцны ўраганны вецер, які зносіў нават навесы ды дахі над прыпынкамі транспарту і паркоўкамі. Немагчымасць нармальна не тое што ехаць, але проста рухацца «на сваіх дваіх», калі парывы ветру замінаюць нават дыхаць.

Адлегласць, якую звычайна пераадольваеш за лічаныя хвіліны, вымагала паўгадзіны, а то і больш прасоўвання ледзь не паўзком праз невіданыя многімі маладзёнамі, і нават падзабытыя людзьмі больш сталага веку, сумёты. Кожны крок — як крок адчаю, з думкаю, навошта ты вылез на вуліцу. Але ж у пятніцу вечарам многім і многім нашым суайчыннікам трэба было дабрацца дадому з працы, хтосьці вяртаўся з камандзіровак, хтосьці яшчэ чамусіць вымушаны быў лезці праз гэтую стыхію.

Падавалася б, чалавек чалавеку — «сябра, таварыш і брат», як гэтаму дзесяцігоддзямі  вучылі ў савецкіх школах. Сённяшняя Беларусь, спавядаючы амаль усе савецкія звычкі, традыцыі, законы і амаль тую ж, калі не больш, спрэчную ідэалогію, менавіта вось на згаданы той прынцып пра «чалавека» і забылася. 

Што я маю на ўвазе ў дадзеным выпадкам пад «Беларуссю»? Не, не толькі Чырвоны дом і «Дразды» з іх небажыхарамі, не толькі чыноўнікаў і дзяржаўныя службы, які яказаліся амаль не падрыхтаваныя да прыроднай стыхіі, хоць нават сіноптыкі загадзя папярэджвалі пра магчымыя калапсы.

Не. Я маю на ўвазе тых «шэрагоўцаў», хто нават у гэтых складанейшых умовах паспрабаваў нажыцца на праблемах людзей. Уладальнікі прыватных аўто, як і таксоўшчыкі, у вялікай сваёй колькасці паводзолі сябе ў разгул стыхіі як нелюдзі, імкнучыся нажыцца на бездапаможнасці сваіх суайчыннікаў, што на той момант былі «не на колах». Менавіта ў пятніцу надвячоркам і пад ноч па многіх маршутах не хадзілі ні аўтобусы, ні тралейбусы, завязнуўшы ў корках. А вось «бамбілы» з «шашачкамі» ці без толькі паціралі рукі, заломваючы кошты ў тры-пяць разоў. Гэта па-чалавечы, па-братэрску, па-хрысціянску, урэшце?! Напрыклад, ад Дома быта на вуліцы Маскоўскай (насупраць Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, якая круглы год «шчыра запрашае»), да пачатку вуліцы Ясеніна можа было даехаць за сто тысяч і болей беларускіх грашовых адзінак. Гэта ж менш за дзесяць кіламетраў. Нармальна? 

17 сакавіка — Даравальная нядзеля. Няхай бы тыя «бамбілы», зрабіўшы «апакаліптычны» бізнэс на праблемах сваіх суайчыннікаў, хаця б у думках у гэты дзень папрасілі ў іх прабачэння. Але наўрад ці такога можна чакаць. У сучаснай Беларусі не прынята шчыра прасіць прабачэння. Няма такой звычкі ні сярод уладатрымцаў, ні сярод большасці электарату. Менавта электарату, бо тутака ад сапраўднага  народу цяпер ужо мала што засталося.      

Каментаваць