Дваццаць год без гістарычных сімвалаў

Проста не верыцца, што мінае дваццаць год з таго сумнага дня, калі з дахаў дзяржаўных установаў паўсюль у Беларусі зніклі бел-чырвона-белыя сцягі, а з фасадаў — нацыянальны герб “Пагоня”. Гэта ўсё стала вынікам так званага плебісцыту — першага пасля абрання першага і дагэтуль нязменнага прэзідэнта нашае краіны.

Менавіта пад гэтымі сімваламі Аляксандр Лукашэнка даваў прысягу ў якасці першага дэмакратычна абранага кіраўніка дзяржавы. Можна толькі здагадвацца, адкуль у яго такая нянавісць да гістарычных сімвалаў Беларусі.

Помніцца, з якой радасцю тысячы жыхароў сталіцы ўспрынялі рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў (а гэта было яшчэ да абвяшчэння, лепей сказаць, надання статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе) даць роўнасць, хаця б на тэрыторыі сталіцы , сцягу БССР і бел-чырвона-беламу палотнішчу. Валам валілі людзі на тагачасную Плошчу Леніна, каб убачыць над будынкам Мінгарсавета наш спрадвечны бел-чырвона-белы сцяг. І гэта яшчэ пры “жывым” СССР! У многіх на глазах былі слёзы, слёзы шчасця і веры ў незваротнасць дэмакратычных пераўтварэнняў.

І такія ж слёзы, але ўжо слёзы агіды і расчаравання, былі ў тысяч людзей, якія 15 мая 1995 года не ўбачылі на дахах дзяржустановаў бел-чырвона-белых сцягоў. А замест іх — нейкі рымейк бээсэсэраўскага сцяга.

Той плебісцыт 14 мая 1995 года ўпершыню выклікаў недавер да яго арганізатараў. А паводзіны некаторых высокапастаўленых ўладатрымцаў проста ўразілі. Яшчэ не былі агалошаны афіцыйныя вынікі рэферэндума, а ўжо стала вядома, як на даху будынка адміністрацыі Лукашэнкі кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў з сабе падобнымі калегамі падраў на часткі спушчанае бел-чырвона-белае палотнішча і паставіў на кавалках свае аўтографы. Такому дзікунству ў свой час здзіўляўся адстаўны міністр унутраных спраў генерал Юры Захаранка. “Можна было б зрабіць усё па-чалавечы — урачыста спусціць сцяг, перадаць яго ў музей. Але ўсё было зроблена па-варварску”, — шкадаваў апальны генерал у адным з інтэв’ю.

Пасля таго “плебісцыту” гістарычная сімволіка апынулася ў апале з боку ўсіх дзяржаўных структур. Ужо дваццаць год за нашэнне “Пагоні” і бел-чырвона-белага сцяга можна лёгка трапіць у пастарунак і атрымаць суткі адміністрацыйнага арышту альбо немалыя штрафы.

Дарэчы, па словах незалежных экспертаў, пытанне аб змене дзяржаўнай сімволікі ўвогуле не магло выносіцца на плебісцыт. І нават калі было ўнесена, то мела кансультацыйны, а не абавязковы характар. Але савеччына ў гловах найвышэйшага кіраўніцтва і знявага да дзейнага заканадаўства перамаглі. І сёння нічога прынцыпова ў гэтым плане не змянілася.

Улады не звяртаюць увагі на заклікі навукоўцаў і дэмакратычнай супольнасці надаць бел-чырвона-беламу сцягу і гербу “Пагоня” статуса гістарычнае каштоўнасці. Гэта поўная ігнарацыя гістарычнае памяці тытульнае нацыі, што вядзе да павелічэння колькасці манкуртаў. Улада не разумее, ці не хоча разумець, што менавіта сёння, калі з усходу ўсё гучней подых імперскай пагрозы, навісанне жаху “русского мира”, варта ўсімі высілкамі адраджаць беларускую нацыянальную памяць. І святыя гістарычныя сімвалы, як і спрыяць адраджэнню беларускай мовы, культуры. Гэта ж, у рэшце рэшт,  дапамога той жа ўладзе, якая жадае ўтрымацца ў сваіх мяккіх фатэлях, толькі ўладнікі гэтага зноў жа не разумеюць.  

Можа так стацца, што чыноўнікі ўсвядомеюць, што яны нарабілі і што робяць. Але для іх гэта можа быць запозна. Як і для ўсёй Беларусі, якая можа страціць незалежнасць яшчэ лягчэй, чым яна яе набыла ў 1991 годзе.

20 год адмовы ад нацыянальных сімвалаў — сумны, нават страшны юбілей. Але яшчэ не ўсё страчана. Хочацца верыць, што вельмі хутка надыдзе час, калі над усімі будынкамі ў нашай краіне зноў залунаюць нашы сапраўдныя гістарычныя сцягі. Няхай і побач з цяперашнімі дзяржаўнмі. Але залунаюць. А герб “Пагоня” з’явіцца на беларускіх грошах. Як гэта ўжо было ў нашай гісторыі. І цяпер ужо назаўжды.

Каментаваць