Дзяржава працягвае забіваць

Беларуская дзяржава здзейсніла яшчэ адно забойства, пакараўшы праз расстрэл чаоговага асуджанага на смяротнае пакаранне. Чым пацвердзіла тое, што пакуль не мае магчымасці ды, відаць, і жадання далучыцца да цывілізаванай міжнароднай супольнасці.

Асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Гомеля Аляксандр Груноў расстраляны, паведаміў у аўторак Праваабарончы цэнтра “Вясна”. Гэтая інфармацыя стала вядома 4 лістапада ад маці расстралянага Вольгі Груновай. Яна распавяла праваабаронцам, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка “да запатрабавання”, дзе былі рэчы, у якіх яе сын быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў у СІЗА МУС №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.  

Днём раней праваабаронцам стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: ягоная справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.

У красавіку бягучага году, нагадвае “Вясна”, былі расстраляныя 24-гадовы студэнт Павел Сялюн і 45-гадовы Рыгор Юзэпчук. Праваабаронцам вядома пра яшчэ аднаго асуджанага, які чакае выканання прысуду, — гэта 54-гадовы Эдуард Лыкаў.

Выкананні расстрэльных прысудаў могуць сведчыць толькі пра тое, што цяперашняй уладзе, па вялікім рахунку, пляваць на яе імідж у цывілізаваным свеце. Пакуль што ніхто на Захадзе нічога фінансава-цікавага не прапануе афіцыйнаму Мінску за тое, каб ён адмовіўся ад гэтага жахлівага і антычалавечага віду пакарання ці хаця б увёў на яго мараторый. Вось і гучаць стрэлы на “Валадарцы”.   

Ужо колькі казалася і пісалася пра тое, што ўсе краіны постсавецкай прасторы адмовіліся ад расстрэлаў ці хаця б, як Расія, спынілі іх выкарыстанне ў якасці найвышэйшай меры пакапання. Афіцыйны Мінск усё яшчэ спасылаецца на вынікі сумнеўнага рэферэндума ў лістападзе 1996 года, калі нібыта большасць нашых суайчыннікаў выказалася за захаванне смяротнага пакарання. Мо, так тады і было. Але з таго часу мінула амаль дваццаць гадоў. Час і людзі, як і светапогляды, мяняюцца. Не мяняецца ў нас толькі ўлада і яе прынцыпы ды ўнутраны свет.

Камусьці даспадобы заставацца вырашальнікам не толькі лёсу краіны, але і чалавечых жыццяў. Гэта тычыцца як апанентаў (дзякуй Богу, ад 2000-га году такіх фактаў амаль няма), так і злачынцаў. Але ўсім жыццё давала не дзяржава. І дзяржава не мае права яго адбіраць, у дзяржавы ёсць іншыя інструменты для адэкватнага пакарання. І тым не менш.

Шкада, што дзяржава, у якой жывем, глухая да гуманізму. Таму і выклікае грэблівасць у цывілізаванага свету. Хоць часам і закамуфляваную праз усмешкі асобных заходніх палітыкаў.      

Каментаваць