Дзе абяцаныя змены ў тарыфах ЖКГ?

Яшчэ ў лютым кіраўнік дзяржавы грымеў з нагоды павелічэння коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, не саромеючыся ў выразах, на тагачаснай нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі заявіў, што адпаведныя службовая асобы, якія на месцах адказваюць за пытанні «камуналкі», усё зрабілі «ад балды». І што далей?

Афіцыйны беларускі лідар распарадзіўся да 1 сакавіка прадаставіць яму абгрунтаваныя разлікі коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Да сёння гэтых разлікаў няма. Прынамсі, ніхто пра канкрэтныя лічбы нічога не ведае. А вось высокапастаўленыя асобы робяць заявы, сэнс якіх, відаць, чарговым разам запудрыць мазгі электарату.

Вось што заявіў у эфіры тэлеканалу СТВ намеснік кіраўніка беларускага ўрада Анатоль Калінін, які паведаміў, што Савет міністраў ужо падрыхтаваў указ аб зменах у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. «Мы зараз знайшлі алгарытм, які дазваляе знізіць фінансавую нагрузку праз тарыфы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Адпрацаваны дакумент накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта. У тым ліку пастаўлена задача ўнесці ўказ па безнаяўных субсідыях. Мы яго плануем у сакавіку адшліфаваць і ўнесці. Гэта дазволіць абараніць насельніцтва з нізкімі прыбыткамі бюджэта сям’і», — сказаў віцэ-прэм’ер. Толькі вось што гэта за дакумент, які яго змест, сам Калінін не ўдакладніў.

Вы што-небудзь са словаў высокапастаўленай асобы зразумелі? Прынамсі, аўтар гэтых радкоў — нічога. Дзе канкрэтныя лічбы? Чаму ўрад і камунальнікі давялі тысячы людзей да нервовых зрываў праз новыя жыроўкі, што грамадзяне атрымалі ў лютым за студзень? Хто канкрэтна адказны за жахлівыя лічбы (рост на 40-100%) у тых жыроўках?

Так, абураны Лукашэнка на памянёнай вышэй нарадзе загадаў «пасадзіць чалавек дзесяць-дваццаць, тады справы стануць на сваё месца». Яшчэ ён памінаў расцэнкі на вываз смецця ў тым ракурсе, што, маўляў, чэргі стаяць з жадаючых яго перапрацоўваць, а мы яшчэ і грошы з людзей дзярэм. І што ж адпаведныя службы? Адмянілі плату на вываз смецця? Ага, зараз. Наадварот, ад пачатку сакавіка расцэнкі на вываз смецця, хоць і не нашмат, але ж павысіліся. Вось так чыноўнікі слухаюцца свайго правадыра.

Малаверагодна, што ўлада адмовіцца ад тых высокіх тарыфаў на камунальныя паслугі, якія яна заламіла ад новага года. І мармытанні асобных чыноўнікаў, што студзеньскія расцэнкі звязаны з вельмі халодным надвор’ем, не выклікаюць даверу нават у кіраўніка дзяржавы.

Але, відаць, не ўсё так проста, і тэму ЖКГ афіцыйныя СМІ паступова пачынаюць зварочваць. Магчыма, таму, што справядлівы гнеў Лукашэнкі немагчыма пагасіць з прычыны таго, што дзяржаве вельмі і вельмі патрэбныя грошы. А ва ўмовах, калі прамыя замежныя інвестыцыі не праглядаюцца, як пакуль што і заходнія (ад МВФ) і ўсходнія крэдыты, хоць Расія і абяцала «днямі» грошы па лініі ЕФСР, у гэтых варунках адзінаю крыніцаю фінансавання дзяржавы застаецца насельніцтва. Хоць не вельмі зразумела, за што людзі мусяць плаціць па ўзляцелых тарыфах, бо якасць камунальных паслугаў ніякім чынам не палепшылася. І, апроч таго, узровень жыцця шэраговых грамадзян пастаянна зніжаецца.

Відавочна, што ні Калінін, ні яму падобныя высокія асобы канкрэтна адказаць на гэтыя пытанні не ў стане. Таму і застаецца слухаць іх няўцямныя заявы. Кепска, што ўлада не ведае, што рабіць, і нават не ў стане прадбачыць, куды коціцца краіна. Адзінае, што яна магла б канстатаваць, гэта тое, што «ўнікальнай беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі» надыходзіць поўны «кірдык». Але прызнацца сама сабе ўлада ў гэтым не можа. Таму і працягваецца «каток у прорву». Вось толькі людзей шкада.

Каментаваць