“Гесаўскі” футбол

Тое, што здарылася 28 красавіка пад час футбольнага матчу рэгулярнага чэмпіянату Беларусі паміж камандамі “Дынама Мінск і “Віцебск (гульня праходзіла на стадыёне ў сталічнай Кунцаўшчыне), не ўкладаецца ні ў якія маральныя рамкі: фанаты мінскай дружыны разгарнулі велізарную, якасна зробленую расцяжку з ухваленнем аднаго з фюрэраў “Трэцяга Райху Рудольфа Геса.

Тое, што здарылася 28 красавіка пад час футбольнага матчу рэгулярнага чэмпіянату Беларусі паміж камандамі “Дынама Мінск і “Віцебск (гульня праходзіла на стадыёне ў сталічнай Кунцаўшчыне), не ўкладаецца ні ў якія маральныя рамкі: фанаты мінскай дружыны разгарнулі велізарную, якасна зробленую расцяжку з ухваленнем аднаго з фюрэраў “Трэцяга Райху Рудольфа Геса.

Не магу сабе ўявіць, хто стаіць за гэтак званымі “фанатамі мінскага “Дынама. Адкуль такая даніна “футбольнай павагі да трэцяй асобы гітлераўскай Германіі (пасля самога беснаватага фюрэра Адольфа Гітлера і партайгеносэ Марціна Бормана), на сумленні і на руках якога, без перавелічэння, мільёны жыццяў ні ў чым не павінных людзей.

Беларусь – краіна, якая, бадай, найбольш пацярпела пад час Другой сусветнай вайны: наша Бацькаўшчына не далічылася кожнага трэцяга свайго жыхара (некаторыя вобласці – кожнага другога). Хутка Свет будзе адзначаць 65-я ўгодкі Вялікай Перамогі над фашызмам – гэтай брунатнай чумой ХХ стагоддзя. Падавалася, тут, у Беларусі, не павінна нават патыхаць нейкім станоўчым стаўленнем да нацыстаў і тым больш да іх правадыроў. Не, яшчэ засталіся нейкія маральныя вырадкі, якія маюць нахабства спяваць асаны нелюдзям, у прыватнасці, Рудольфу Гесу…

Аднак застаецца яшчэ пытанне. Чаму на гэты мярзотны ўчынак так званых “фанатаў не зрэагавалі праваахоўныя органы? Можна сабе ўявіць, што б яны зрабілі з тымі гледачамі, якія б наважыліся разгарнуць на стадыёне гістарычны бел-чырвона-белы сцяг. Сама мала – тыя, хто б гэта зрабіў, атрымалі б кухталёў ад “бравых міліцянтаў, а хутчэй за ўсё, апынуліся б у пастарунку ці ў вядомай установе для правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна з наступным судом, штрафамі ці суткамі адміністратыўнага арышту. А вось на тых, хто ўхваляе фашыстоўскага ката, наша слынная міліцыя не рэагуе. Відаць, проста не ведаюць нашы праваахоўнікі, хто такі Рудольф Гес. А, мо, і ведаюць, ды каманды спыніць гэтае амаральнае бязмежжа не паступіла.

Я б параіў нашым “гарантам парадку наўпрост заняцца высвятленнем, як вылюдкам удалося пранесці гэтую немалую расцяжку на стадыён, хто яе вырабіў і хто быў натхняльнікам гэтага, не прабаюся сказаць, злачынства. Злачынства перад памяццю тых, хто паклаў сваё жыццё ў барацьбе з фашызмам, злачынствам перад тымі, хто яшчэ жывы, прайшоўшы крывавыя вёрсты самай жахлівай вайны ў гісторыі чалавецтва.

Калі наваяўленыя нацыкі ўздымаюць галаву – гэта ёсць вялікай небяспекай. Пакуль дзяржава змагаецца з сапраўднымі патрыётамі Беларусі, яна можа прапусціць вельмі небяспечную з’яву, якая ўжо мае жахлівы распаўсюд у той жа суседняй Расіі, дзе ад рук фашыкаў-неданоскаў гінуць мірныя людзі, і выпадкі такія не адзінкавыя. Калі не рабіць тэрміновых захадаў, брунатная навала можа ўзняць галаву і ў сінявокай. І можна дапусціць момант, калі змагацца з гэтай навалай будзе вельмі цяжка, калі ўвогуле магчыма. Узгадайма словы Юліуса Фучыка: Людзі, будзьце пільныя!

Каментаваць